Віншавальны ліст БНП з нагоды святкавання Дня Еўропы

09.05.2018
Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП

Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці звярнуўся з віншавальным лістом з нагоды Дня Еўропы, які адзначаецца 9 траўня.

Віншавальны ліст
з нагоды святкавання Дня Еўропы

8 траўня 2018 года

Дзень Еўропы, які традыцыйна адзначаецца 9 траўня, — гэта нагода звярнуцца да падмуркаў, згадаць ідэі, якія некалі аб’ядналі і замірылі еўрапейскія краіны і народы, якія і да гэтага часу захоўваюць сваю актуальнасць. Асновы Еўрапейскага Саюза — салідарнасць, прагненне міру і эканамічная кансалідацыя — прынеслі свой плён і сталі бясспрэчнымі каштоўнасцямі сучаснай Еўропы.

Дзякуючы рашэнню Германіі і Францыі ў 1950 годзе перадаць свае паўнамоцтвы па вытворчасці вугля і сталі наднацыянальнай радзе і ўзяць на сябе абавязкі выконваць яе рашэнні, зафіксаваным у дэкларацыі Рабэра Шумана, з’явілася новая рэчаіснасць, якая стварыла трывалы палітычны і эканамічны саюз краін. Сёння Еўрапейскі Саюз з’яўляецца магутным правадніком міру і супрацоўніцтва ва ўсім свеце.

Ніводны гістарычны працэс не ствараецца ў адзін дзень. Мы верым, што шлях Беларусі да паўнапраўнага ўдзелу ў супольнасці еўрапейскіх краін трывалы і паступовы. Нашыя агульныя высілкі і праца па набліжэнню ў накірунку да агульных норм і каштоўнасцей, у рэшце рэшт, прынясуць свой вынік. У гэты дзень мы яшчэ раз мусім адзначыць, што безумоўнымі каштоўнасцямі для нас з’яўляюцца дэмакратыя, правы чалавека, абарона міру і салідарнасць.

Сённяшні час выпрабоўвае гэтыя ідэі на трываласць. Абараніць іх і надаць новае гучанне прынцыпам, якія сфармавалі ЕС у сучасным свеце, даць новае дыханне супрацоўніцтву ў Еўропе, — у гэтым мы бачым нашу агульную задачу, і мы гатовыя дзеля гэтага прыкласці намаганні разам з калегамі з краін Еўрапейскага Саюза і ўсяго свету.

Беларусь заўсёды была і застанецца часткай Еўропы. Нашая гісторыя і светапогляд неаддзельныя ад свету еўрапейскіх краін, якія з’яўляюцца лідарамі сусветнай палітыкі ў справе абароны дэмакратыі і каштоўнасцей, якія робяць свет лепшым.

Віншуем з Днём Еўропы!

Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал
«Думаць Беларусь»!


Другие публикации