VIII Летняя школа Лятучага ўніверсітэта: «IT-краіна: сінхранізацыя сацыяльнага і тэхналагічнага развіцця»

18.05.2018
Лятучы ўніверсітэт

З 30 чэрвеня па 3 ліпеня 2018 года ў адным з маляўнічых куткоў Беларусі пройдзе штогадовы летнік Лятучага ўніверсітэта.

У межах гэтай Летняй школы мы ўявім сабе Беларусь IT-краінай, разбярэм моцныя і слабыя бакі гэтай мадэлі, перспектывы і магчымыя выклікі для грамадства і для сябе.

Scole — гэта прастора вольнага часу і месца развіцця, гэта прастора для роздума і супольнага мыслення.

Традыцыйна летнія школы Лятучага ўніверсітэта — гэта месца для рэфлексіі, аналізу, працы з ідэямі і з уласнай індывідуальнасцю.

У гэтым годзе мы працягнем разбірацца з нашымі канцэптуальнымі і практычнымі захадамі да новай сітуацыі ў развіцці краіны — захадамі, звязанымі з імклівым тэхналагічным і інавацыйным развіццём, за якім не паспявае гуманітарная ды сацыяльная рэфлексія і практыка.

Канферэнцыя «Уяўляючы Беларусь: вобразы і ідэі, праекты і ўтопіі» (2016)

Цягам апошніх двух гадоў мы рухаемся ў бок разумення новой сітуацыі, пошуку кропак інтэлектуальнага напружання і практычнага дзеяння, наладжвання камунікацыі і насустрэчнасці (да-Іншасці). У гэтым накірунку былі зарыентаваныя апошнія канферэнцыі, шэраг прапанаваных у гэтым годзе адукацыйных курсаў, а таксама форум «Месца сустрэчы: Будучыня», што даў нам шмат матэрыялу для асэнсавання і далейшай працы.

Форум «Месца сустрэчы: Будучыня» (красавік 2018 года)

Як заўжды, Летняя школа будзе спалучаць некалькі фарматаў працы.

Сёлета гэта будуць:

  • Аналітычна-праектная гульня: «IT-краіна: сінхранізацыя сацыяльнага і тэхналагічнага развіцця». Уявім сабе, што ідэя IT-краіны ўжо прынята да рэалізацыі і хутка ўсё жыццё ў Беларусі будзе арганізавана па распрацаванай мадэлі. З якімі пытаннямі і праблемамі мы сутыкнемся? Як будуць у гэтым новым свеце вырашацца прававыя і этычныя пытанні, як будзе арганізавана адукацыя і сацыяльная бяспека, як пераструктуруецца беларускае грамадства і якія новыя гуманітарныя і сацыяльныя праблемы паўстануць? Падчас гульні мы разгарнем аналіз і крытыку прапанаванай мадэлі з розных бакоў і пазіцый, вызначым слабыя і перспектыўныя моманты, знойдзем кропкі развіцця і сфармулюем задачы для супольнай працы.

Падчас дакладу Ігара Мамоненкі, аўтара канцэпта «IT-краіны», на форуме «Месца сустрэчы: Будучыня»

  • Адкрытыя кафедры. Традыцыйны фармат прадстаўлення ўдзельнікаў Летняй школы тых тэмаў, якімі яны б хацелі падзяліцца з супольнасцю. Тэму і фармат выступу заяўнік вызначае самастойна. Тут можна прапанаваць: лекцыю, прэзентацыю, дыскусію, майстар-клас ды інш. Выступы на адкрытых кафедрах будуць прахадзіць паралельна, і ўдзельнікі летніка могуць вызначацца, што ім больш цікава. Падчас адкрытых кафедраў плануюцца таксама выступы выпускнікоў школ магістраў гульні.

Калі ў вас ёсць прапановы для гэтага фармату, пазначце іх у заяўцы на ўдзел у школе!

Летняя школа Лятучага ўніверсітэта (2017)

  • Клубная прастора. Адкрытая для творчага самавыражэння і вольнай камунікацыі прастора (вечарамі). У гэтым годзе плануецца вечарына, прысвечаная памяці нашага сябра і калегі Міхала Анемпадыстава.

Прыймаюцца таксама і іншыя прапановы, іх таксама можна пазначыць у заяўцы на ўдзел у школе!

Летняя школа Лятучага ўніверсітэта (2017)

Летняя школа будзе праходзіць з 30 чэрвеня па 3 ліпеня 2018 года ў маляўнічым куточку Беларусі.

Забеспячэнне праезду і пражывання ўдзельнікаў детніка Лятучы ўніверсітэт бярэ на сябе. Удзел у Летняй школе патрабуе ўнёску у памеры 30 беларускіх рублёў, што дазволіць нам уключыць элемент супольнай адказнасці за супольнае мысленне і справы.

Для ўдзелу ў Летняй школе неабходна да 5 чэрвеня 2018 года адправіць заяўку.

Па арганізацыйных і змястоўных пытаннях звяртайцесь на паштовую скрыню: flyuniby@gmail.com.

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал
«Думаць Беларусь»!


Другие публикации