Лукашэнка прапануе стварыць «IT-экасістэму» ШАС (Відэа)

11.06.2018
Сцяпан Святлоў, Belsat.eu

Нявызначанасць у сучасным свеце сталася новаю «нармальнасцю». Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацы ў кітайскім Цындаа.

«Варожасць і канфрантацыя вядуць да росту напружанасці, узнікае небяспека сур’ёзных канфліктаў з непрадказальнымі наступствамі», — заявіў кіраўнік Беларусі.

Адным з галоўных гарантаў бяспекі, стабільнасці і «здаровага сэнсу» ў міждзяржаўных адносінах Лукашэнка называе ШАС. Шукаць новых пунктаў судакранання ды пашырэння кірункаў супрацы ў Вялікай Еўразіі прыхільнік ідэі «інтэграцыі інтэграцый» прыехаў з 13-гадовым сынам.

«З пункту гледзішча ўладаў Беларусі, думаю, гэта адзін з момантаў, праз які Беларусь імкнецца сябраваць з Кітаем. Сябраваць з Кітаем, безумоўна, трэба», — мяркуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

І хоць Беларусь, нароўні з Афганістанам і Манголіяй, усяго толькі краіна-назіральнік у ШАС, Лукашэнка даволі навязліва прапаноўвае арганізацыі ўзаемную супрацу ледзь не ў кожным сектары эканомікі. Незалежныя эканамісты, што праўда, моцна сумняюцца наконт канкурэнтнай здольнасці беларускай прадукцыі. Маўляў, кітайскае набываць — танней і зручней, а якасць іхнае прадукцыі расце.

«Лукашэнка заяўляе: я тут дамовіўся! Але ж чаму не прадаюцца трактары і далей? Я ж дамовіўся... Ну і што, што дамовіўся? Гандлёвыя структуры, сэрвісныя сістэмы не створаныя, грошы не ўкладзеныя. Ну і што, што ты дамовіўся?», — кажа эканаміст Аляксандр Абуховіч.

Павялічыць экспарт, а значыць, і нарасціць аб’ёмы валюты можна толькі праз стварэнне якаснай і запатрабаванай прадукцыі, ужо каторы раз падкрэсліваюць адмыслоўцы. Але кіраўніцтва Беларусі па-ранейшаму робіць стаўку на дыпламатыю і «сяброўства». Адсюль — і адвечныя праблемы ў выглядзе гандлёвых войн ды стратных праектаў.

«Кітай можа быць зацікаўлены ў гандлі з Беларуссю толькі высакаякаснымі, высокатэхналагічнымі прадуктамі. Таму IT-краіна, лічбавая эканоміка, можа быць, зацікавіць Кітай на беларускім рынку», — упэўнены Уладзімір Мацкеыіч.

А таму яшчэ адная прапанова Лукашэнкі — стварэнне агульнай электроннай платформы IT-экасістэмы ШАС, якая можа абʼяднаць у сабе магчымасці медыя, сацыяльных сетак, электроннага гандлю і «шмат чаго іншага». Але ж і тут, як кажуць эксперты, давядзецца сутыкнуцца з рознагалоссямі ды велізарнаю канкурэнцыяй, а голас Беларусі будзе мала што значыць.

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал
«Думаць Беларусь»!


Другие публикации