Новы дыстантны курс Лятучага ўніверсітэта: «Дзве гісторыі стварэння ў Кнізе Роду»

11.06.2018
Лятучы ўніверсітэт

На дыстанцыйнай платформе Лятучага ўніверсітэта з’явіўся новы курс, прысвечаны аднаму з самых шматслойных і загадкавых тэкстаў хрысціянскай культуры.

«Дзве гісторыі стварэння ў Кнізе Роду» — гэта курс-даследаванне, курс-разважанне. Аўтар курса — біблеіст, доктар сакральнай тэалогіі і доктар філасофіі Ірына Дубянецкая —  закранае комплекс пытанняў, якія тычацца Кнігі Роду, базавага тэксту нашай цывілізацыі, без засваення якога нацыянальная культура не можа паўнавартасна развівацца: дзве адрозныя традыцыі ў Кнізе, аўтарства, час, гістарычны і культурны кантэкст, пытаньні, касмічная гармонія, чалавечая свабода і адказнасць.

Чаму так склалася, што адна кніга ўтрымлівае дзве гісторыі стварэння?

Габрайская Біблія кампанавалася цягам некалькіх стагоддзяў рознымі людзьмі ў розных сітуацыях, пад розныя патрэбы. Яна акумулявала веды, мудрасць, канцэпцыю разумення свету і Бога, якія фармаваліся і мяняліся цягам стагоддзяў. Таму нядзіўна, што ў тэксце ёсць некалькі самастойных канцэпцый свету.

Аўтар курса — Ірына Дубянецкая, біблеіст, багаслоў і філосаф, доктар сакральнай тэалогіі (Sacrae Theologiae Doctor) і доктар філасофіі (PhD), акадэмічны дырэктар Беларускага калегіума, сябра Калегіума Лятучага ўніверсітэта.

Курс падзелены на пяць частак. У першай разглядаюцца біблійныя касмаганічныя традыцыі і беларускія пераклады Габрайскай Бібліі. Другая і трэцяя сфакусаваныя на Кнізе Роду 1, у іх паслядоўна разгледаецца канцэпцыя стваральніка і элементы стварэння. У чацвёртай і пятай тэмах гаворка пойдзе пра бінарныя сувязі, а таксама веду дабра і зла ў Эдэнскім садзе (Кніга Роду 2-3).

Глядзіце анонс курса «Дзве гісторыі стварэння ў Кнізе Роду»:

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал
«Думаць Беларусь»!


Другие публикации