Уладзімір Мацкевіч: Усе, хто ўдзельнічае ў гэтых ганебных «выбарах» — удзельнікі махлярства (Відэа)

01.02.2019
Юлія Цяльпук, Belsat.eu

Супернікаў Лукашэнкі на «выбарах» — ужо шэсць. Старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім заявіла пра намер вылучацца на кандыдата ў прэзідэнты.

Каго хочуць бачыць беларусы на чале краіны і ці ёсць шанцы на саступленне Лукашэнкам наседжанага фатэля?

У 2015-м віцэ-старшыня ТБМ Алена Анісім каардынавала працу рады Усебеларускага кангрэса за незалежнасць. Цягам апошніх гадоў яна актыўна прасоўвала ідэю беларускамоўнага ўніверсітэта і стала чальцом арганізацыйнага камітэта Універсітэта імя Ніла Гілевіча.

У вялікую палітыку яна ідзе, бо хоча ўратаваць Беларусь ад страты незалежнасці і папулярызаваць беларускую мову.

«Мы за тое, каб улада ў Беларусі зрабілася прабеларускаю, турбавалася пра сваіх грамадзян», — заяўляла Анісім.

Скалаціць моцную каманду і перанесці план перамен у прэзідэнцкую праграму не ўдалося, затое атрымалася прайсці ў Палату прадстаўнікоў, дзе галасуе супраць ініцыятыў тыпу «дэкрэта аб дармаедах».

«Мая выбарчая кампанія будзе грунтавацца перадусім на ўсіх агульнаеўрапейскіх каштоўнасцях, на нашых нацыянальных традыцыях і, безумоўна, на агульнахрысціянскіх», — дадае Анісім.

Узяць адказнасць за лёс краіны гатовыя агулам сямёра вылучэнцаў.

Пра намер балатавацца заяўляў палітык Сяргей Скрабец.

«Улады не жывуць на заробак. Гэта бачна па іх катэджах, па іх машынах і палюбоўніцах, якія ходзяць у футрах і дыяментах», — заяўляў Скрабец у снежні 2018 года.

Беларускі нацыянальны кангрэс вылучае Мікалая Статкевіча. Пасля першае спробы змагання за прэзідэнцкі фатэль і паслявыбарчага мітынга Мікалай Статкевіч правёў за кратамі 1500 дзён.

«Людзі мяне ведаюць. Ведаюць, які я, на што я здольны, на што ішоў і на што магу пайсці», — казаў Статкевіч у сярэдзіне студзеня.

Да выбарчай кампаніі далучыліся таксама старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, а таксама Алег Гайдукевіч, які прадстаўляе Ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі. Удзел у палітычнай падзеі возьме і хрысціянскі дэмакрат, былы палітвязень Павел Севярынец.

А перамагаць у «выбарах» збіраецца кандыдат сёмы — дзейны кіраўнік Беларусі.

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, які на працягу шматлікіх гадоў аналізуе выбарчыя працэсы ў Беларусі, заклікаў беларусаў не ўдзельнічаць у выбарчым фарсе:

«Усялякі кандыдат і ўдзельнік перадвыбарчай кампаніі кандыдата, і выбарцы, якія ходзяць на гэтыя ганебныя выбары, на ўчасткі, дзе пакідаюць свае бюлетэні, якія не ўлічваюцца — гэта ўсё ўдзельнікі махлярства».

Абавязкова чытайце: Выборы объявлены — началась суета

Заява можа і гучная, але жыццёвым досведам беларусаў падмацаваная. Абяцанняў сваіх нязменны пераможца выбараў не выконвае.

Жыхары Мінска ў размове з «Белсатам» казалі:

«Мне ўжо паабяцалі. Заробак. А заробак затрымліваюць».

«Ён не павінен абяцаць, а павінен рабіць».

«Хацелася б, канешне, каб абяцаў нам той чалавек, які прынамсі ўсведамляе, што ён кажа. Каб гэта быў прафесіянал у сваёй справе. Няма такой прафесіі «прэзідэнт».

Такой прафесіі «прэзідэнт» — не існуе, але ў постсавецкай Беларусі выкананне абавязкаў кіраўніка эксклюзіўна належыць адной асобе. Спіс тых, хто можа побач у выбарчым бюлетэні — усцяж адкрыты.

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации