Знішчэнне крыжоў у Курапатах — адкрытая адмова ўлады шанавання гісторыі і народнай памяці Беларусі

05.04.2019
Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП

4 красавіка 2019 года Беларуская нацыянальная платформа грамадзянскай супольнасці выказала сваю пазіцыю што да акту вандалізму з боку беларускіх уладаў ва ўрочышчы Курапаты.

Заява

Беларускай нацыянальнай платформы
Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

«Знішчэнне крыжоў у Курапатах — адкрытая адмова ўлады шанавання гісторыі і народнай памяці Беларусі»

4 красавіка 2019 года

4 красавіка 2019 года ў месцы памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах супрацоўнікі Бараўлянскага спецлязгасу пачалі дэмантаж крыжоў, усталяваных прадстаўнікамі грамадскасці.

Месца падзей было ачэплена міліцыяй. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў актыўна перашкаджалі прадстаўнікам сродкаў СМІ асвятляць падзеі, прадстаўнікам грамадскасці і актыўным грамадзянам пагражалі затрыманнем, хапалі за рукі і выбівалі з рук камеры ў фотакарэспандэнтаў.

Таксама службовыя асобы Мінскай вобласці адмовіліся прадаставіць інфармацыю аб працах, якія праводзяцца ў Курапатах.

Каардынацыйны камітэт і сябры Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства выказваюць рашучы пратэст супраць знішчэння гістарычнай памяці, народнага мемарыялу, усталяванага самімі грамадзянамі ў памяць тысячам ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Мы расцэньваем акт знішчэння крыжоў, без тлумачэння, абмеркавання з грамадскасцю, як вандалізм і гвалт з боку дзяржаўнай улады над гістарычнай памяццю Беларусі і над яе народным шанаваннем.

Акрамя духоўнага, грамадзянскага і культурнага знішчэння, чым з’яўляецца гэтае дзеянне ўлады, мае месца парушэнне заканадаўства. Закон аб СМІ Рэспублікі Беларусь гарантуе прадстаўнікам медыяў права прысутнічаць у месцах грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю (арт. 34).

Таксама сябры Беларускай нацыянальнай платформы як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, звяртаюць увагу на тое, што паводле Канстытуцыі, грамадзянам гарантуецца права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя (арт. 34).

Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства заклікае спыніць знішчэнне народнага мемарыялу і прадставіць грамадскасці дакладную і своечасовую інфармацыю аб працах у Курапатах.

Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства аб’ядноўвае больш за 80 беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал "Думаць Беларусь": http://t.me/methodology_by!


Другие публикации