З 15 траўня ў Лятучым універсітэце — серыя выступаў адмыслоўцаў у фармаце «адкрытай кафедры»

01.05.2019
Лятучы ўніверсітэт

15 траўня 2019 года Лятучы ўніверсітэт адкрывае серыю выступаў адмыслоўцаў з розных сфер дзейнасці ў фармаце «адкрытай кафедры».

Сацыяльныя зрухі і новая няроўнасць — тыя тэматычныя рамкі, якія зададуць працу «адкрытай кафедры».

У траўні і чэрвені па серадах будуць праходзіць адкрытыя выступы інтэлектуалаў і адмыслоўцаў, якія закрануць тэму інстытуцыянальных і сацыяльных зрухаў, звязаных з пераходам на інавацыйны тып мыслення і дзейнасці, з імклівым развіццём тэхналогій.

Мы паспрабуем акрэсліць кола змен, якія адбываюцца ў сацыяльных зносінах і статусах, этычных нормах і прававых стасунках, формах забеспячэння бяспекі праз трансфармацыю розных сацыяльных інстытутаў і сфер дзейнасці. Закранем адукацыю, прававое рэгуляванне, медыцыну, культуру і медыясферу.

  • Якія новыя групы і слаі паўстаюць у беларускім грамадстве і як разгортваюцца стасункі паміж імі?
  • Ці хапае існуючых грамадскіх і культурных інструментаў, каб прадухіліць новыя формы маргіналізацыі?

Адказы на гэтыя пытанні — гэта іншы погляд на тэхналагізацыю, дыгіталізацыю і новую эканоміку. Каб выпрацаваць гэты погляд, мы пачнем разбірацца з тым, што сутнасна мяняе нашае грамадства проста зараз і часта застаецца незаўважным.

Цягам траўня-чэрвеня на «адкрытай кафедры» выступяць: Андрэй Вітушка, Мікалай Галабародзька, Андрэй Ягораў, Таццяна Вадалажская, Зміцер Крук, Аксана Шэлест ды інш.

Сачыце за абвестками на сайце Лятучага ўніверсітэта і да сустрэчы на «адкрытай кафедры» Лятучага!

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации