Андрэй Ягораў: Патрабаванні Беларусі і Расіі да саюзнай інтэграцыі ўзаемавыключальныя

10.07.2019
Belsat.eu

Спачатку адкрыйце рынак, а потым пагаворым пра інтэграцыю. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Расія павінна пайсці на эканамічныя саступкі на карысць Мінска.

Праз 10 дзён трэба сустракацца з прэзідэнтам Расіі на афіцыйным узроўні, а абмяркоўваць — няма чаго. Гэтак дзяржаўнаму сакратару «Саюзнай дзяржавы» Грыгорыю Рапоту Аляксандр Лукашэнка на ўчорашняй сустрэчы апісаў хаду перамоў пра паглыбленне расійска-беларускай інтэграцыі.

Расчысціць дарогу да інтэграцыі, паводле Лукашэнкі, Масква можа толькі зняўшы абмежаванні на імпарт беларускіх харчоў, дамовіўшыся пра пастаўкі нафты і газу ды скампенсаваўшы Мінску падатковы манеўр у нафтаздабычы.

«Расійскі бок настойвае на роўна супрацьлеглай логіцы рашэння гэтых пытанняў. То бок на стварэнні спачатку яснай інтэграцыйнае карты», — гаворыць «Белсату» Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі.

Што ў гэтай карце — публіцы не даводзяць. Дамова пра «Саюзную дзяржаву» Беларусі і Расіі, падпісана яшчэ 20 гадоў таму, прадугледжвала стварэнне агульнай мытні, валюты і Канстытуцыі, выбары агульнага парламента і прэзідэнта. Перагледзець запылены дакумент у снежні прапанавала Масква. Куды інтэгравацца далей — вось ужо паўгода абмяркоўвае група чыноўнікаў дзвюх краін.

«Калі Лукашэнка выканае гэтыя патрабаванні Расіі, то ў бліжэйшай перспектыве гэта будзе азначаць, што Беларусь згубіць сябе, згубіць сваю незалежнасць, страціць кантроль над сваёй эканомікай, валютай», — працягвае Андрэй Ягораў.

Калі не выканае, то зазнае фінансавыя страты. Перамовы пра цану на газ пачнуцца толькі пасля завяршэння перамоў наконт інтэграцыі — заявіў днямі расійскі віцэ-прэм’ер Дзмітрый Козак. Ад вынікаў інтэграцыйных перамоў, як раней заяўляла Міністэрства фінансаў нашай краіны, залежыць і выдаванне Расіяй новых крэдытаў.

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации