У Беларусі набірае моц рух супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй

10.10.2019
Радыё «Свабода»

Грамадская кампанія ў абарону незалежнасці Беларусі «Свежы вецер» (Канстытуцыя.бел) хоча не дапусціць падпісання дакументаў аб «паглыбленай інтэграцыі» з Расіяй. Яе ініцыятары кажуць, што для Беларусі гэта будзе частковая страта суверэнітэту.

Хто стаіць за кампаніяй і як яны збіраюцца дзейнічаць?

«Засталося роўна два месяцы», — пішуць у акаўнтах сацсетак актывісты кампаніі «Свежы вецер», маючы на ўвазе падпісанне «дарожных мапаў» па інтэграцыі з Расіяй 8 снежня. Што ў гэтых «дарожных мапах», чыноўнікі не кажуць. З інфармацыі пра падпісанне такіх інтэграцыйных дакументаў пачалася грамадская кампанія, якая ўжо аб’яднала, па словах ініцыятараў, да 5 тысяч чалавек. Іх мета — не дапусціць «паглыбленай інтэграцыі» з Расіяй.

«Падставаў назіраць за гэтым спакойна няма»

З афіцыйных заяваў вынікае, што пагроза суверэнітэту рэальная. Пра гэта «Свабодзе» кажа адзін з ініцыятараў кампаніі «Свежы вецер», палітолаг Андрэй Ягораў:

«Калі мы гаворым, што ў перспектыве года будуць агульныя падатковы і грамадсянскі кодэксы, то гэта пазбаўляе Беларусь значнай часткі суверэнітэту. А гэта мінімум, які мы ведаем з гэтых дамоваў. На працягу гэтага часу ўрад Беларусі адмаўляецца паказваць тэкст падпісаных з Мядзведзевым парафіраваных дакументаў, на ўсе звароты адказваюць адмовай. Пра тры дзясяткі «дарожных мапаў», якія распрацоўваюцца, не кажацца нічога. Падставаў назіраць за гэтым спакойна няма».

Пакуль кампанія займаецца інфармаваннем у гарадскіх чатах, пабліках «Укантакце». Пра гэта расказвае Андрэй Ягораў:

«Звычайна ўсе кампаніі абмяжоўваюцца вузкім колам, якое сочыць за палітычным жыццём краіны. А пытанне незалежнасці тычыцца ўсіх. Таму мы хочам данесці да шырокага грамадства тое, што адбываецца. Мы ідзем да жыхароў умоўнага Мазыра ці Бабруйску і ўздымаем пытанне суверэнітэту ў гарадскіх чатах і пабліках. І трэба сказаць, што людзі негатыўна рэагуюць на магчымасць страты незалежнасці. Людзей гэта нервуе. Бо няма адэкватнай інфармацыйнай палітыкі з боку дзяржавы», — кажа Андрэй Ягораў.

Кампанія мае сайт Канстытуцыя.бел, праз які людзі могуць запісацца і атрымліваць свежыя навіны ад актывістаў ці самі ўзяць удзел у кампаніі.

Калі сітуацыя «таемнай змовы» не перастане існаваць, ініцыятары кампаніі гатовыя да больш рашучых дзеянняў. Што гэта можа быць, па словах Андрэя Ягорава, канкрэтных планаў пакуль няма. Але гэта могуць быць і вулічныя акцыі, і перформансы.

Хто запусціў кампанію

Ініцыятар кампаніі — Сяргей Бульба (Чыслаў), стваральнік арганізацыі «Белы легіён», якая ўжо не існуе. Таксама сярод актыўных удзельнікаў — філосаф Уладзімір Мацкевіч. Да кампаніі далучаюцца музыкі, літаратары, сацыёлагі, гісторыкі.

«Шмат людзей далучыліся валанцёрскім чынам, яны ствараюць візуальны кантэнт, відэа, тэкставы кантэнт. Калі палічыць актыўных удзельнікаў, якія далучыліся да старонак, да вэб-платформы, то гэта каля 4-5 тысяч. А інфармацыйны ахоп значна большы», — кажа Андрэй Ягораў.

Актывісты кампаніі падрыхтавалі скаргу ў Савет міністраў, бо Мінэканомікі не публікуе тэкст падпісаных «дарожных мапаў» па інтэграцыі. У планах — падаць пазоў у суд на Мінэканомікі.

Як рэагуе ўлада

Пакуль адрасных заяваў ад чыноўнікаў наконт гэтай грамадскай кампаніі не было. Але, паводле Андрэя Ягорава, чыноўнікі звярталіся да іх асабіста.

«Нефармальныя сустрэчы з людзьмі з афіцыйнага боку былі. Людзі, якія мелі дачыненне да «дарожных мапаў», распавядалі, што адбываецца. Былі намёкі, што кампанія заўважаная і што ўлады назіраюць. Але гэта не сталая камунікацыя, вядома. Гэта проста людзі, якія маюць сімпатыі да кампаніі. Пакуль што пагрозлівых нейкіх сігналаў мы не атрымлівалі».

«Адкрытай негатыўнай рэакцыі ад людзей няма»

За час працы кампаніі ў сацыяльных сетках, у пабліках розных гарадоў актывісты кажуць толькі пра асобныя выпадкі адкрыта прарасійскай агрэсіі. Гэта «некалькі чалавек» на адзін гарадскі паблік «УКантакце».

Што да фінансавання кампаніі, то пакуль яна існуе выключна за кошт валанцёрскай працы. Арганізатары кажуць, што «не патрацілі ні капейкі», але ў будучым не выключана, што абвесцяць краўдфандынг.

Далучайцеся да грамадскай кампаніі ў абарону незалежнасці Беларусі «Свежы вецер» — Канстытуцыя.бел!

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации