Андрэй Ягораў: Беларускія ўлады вельмі баяцца рэакцыі грамадства на дамоўленасці аб інтэграцыі (Відэа)

19.11.2019
Валеры Руселік, Belsat.eu

У Маскве на пасяджэнні ўрада г.зв. «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расіі адбываюцца перамовы, звязаныя з паглыбленнем эканамічнай «інтэграцыі», якой ад афіцыйнага Мінска вымагае Крэмль.

Прэм’ер-міністр нашае краіны Сяргей Румас наўпрост звязаў гэтыя працэсы з коштамі на расійскія вуглевадароды для Беларусі і кампенсацыяй за падатковы манеўр нашых усходніх суседзяў.

Сяргей Румас, прэмʼер-міністр Беларусі:

«Нашая пазіцыя на перамовах была дакладнай і паслядоўнай. Далейшая інтэграцыя магчымая толькі ва ўвязцы з развязаннем найбольш вострых пытанняў двухбаковай супрацы: фармаванне коштаў на нафту і газ, бар’еры ў доступе тавараў на ўнутраныя нацыянальныя рынкі, розныя ўмовы падтрымання вытворцаў, у тым ліку за кошт субсідый».

Паводле Румаса, гэтыя пытанні маюць быць прапісаныя ў «дарожных мапах» — дакументах, якія вызначаюць хаду эканамічнага збліжэння. А вось Дзмітрый Мядзведзеў прапаноўвае шукаць кампрамісы ў пытаннях узаемнага доступу на рынкі. Такім чынам прэмʼер-міністры Расіі і Беларусі рыхтуюць інтэграцыйны дакумент, які Лукашэнка і Пуцін плануюць падпісаць 8 снежня, але ягоны змест трымаюць у абсалютнай таямніцы ад грамадзян.

Пра пагрозу беларускай незалежнасці «Белсат» размаўляе са старшым аналітыкам Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэем Ягоравым:

«Калі называць рэчы сваймі імёнамі, мы назіраем непрыкрыты ганебны гандаль беларускім суверэнітэтам, незалежнасцю. І мы бачым, што нават наўпрост так кажацца, што ў абмен на вуглевадароды мы гатовыя паступіцца часткаю свайго суверэнітэту... Я думаю, што ў значнай ступені беларускія ўлады вельмі баяцца таго, што ў грамадстве будзе вельмі адмоўная рэакцыя на гэтыя дамоўленасці. Але я думаю таксама, што ёсць пэўныя спадзяванні з боку самога ўрада, што яны змогуць дасягнуць нейкіх дамоўленасцяў і змяніць характар «дарожных мапаў»...»

Працяг размовы — у сюжэце:

Далучайцеся да грамадскай кампаніі ў абарону незалежнасці Беларусі «Свежы вецер» —  Канстытуцыя.бел!

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации