Андрэй Ягораў: Стварэнне наднацыянальных органаў будзе патрабаваць змены Канстытуцыі Беларусі (Відэа)

30.11.2019
Юлія Лабанава, Belsat.eu

Акалічнасцяў, што ўтрымлівае 31 «дарожная мапа» аб «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расіі, грамадскасці не агалошваюць дасюль.

Важныя чыноўнікі працяглы час запэўнівалі: хвалявацца не варта, маўляў, гаворка толькі пра інтэграцыю эканамічную. Аднак сёння пасол Беларусі ў Расіі паведаміў пра іншыя планы.

Уладзімір Сямашка, амбасадар Беларусі ў Расіі:

«...Пераход на ўніфікаванае падатковае заканадаўства, стварэнне адзіных рынкаў нафты, газу і электраэнергіі, стварэнне адзінага парламента і ўрада з пэўнымі паўнамоцтвамі, калі незалежныя Расія і Беларусь аддаюць наверх пэўныя кіроўныя функцыі з абавязковым выкананнем».

Гэтак, цяпер вядзецца і пра палітыку — стварэнне агульных урада і парламента, якое планавалі яшчэ паводле дамовы 1999 года, падпісанай Лукашэнкам і Ельцыным.

Палітолаг, старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў тлумачыць «Белсату»:

«Амбасадар наўпрост кажа пра тое, што магчымае стварэнне наднацыянальных органаў, якім перадаюцца паўнамоцтвы, частка паўнамоцтваў урада Рэспублікі Беларусь, і што нейкія рашэнні будуць мець сілу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Паводле Андрэя Ягорава, падпісанне гэтае дамовы азначае для Беларусі фактычна здачу суверэнітэту краіны.

Між тым, пакуль гэткая дамоўленасць паводле беларускага заканадаўства не ёсць магчымаю, бо супярэчыць Асноўнаму закону Беларусі.

«Калі нейкія рашэнні саюзных органаў будуць мець дзеянне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, то тут будуць патрабавацца змены ў Канстытуцыю, бо Канстытуцыя дастаткова ясна акрэслівае паўнамоцтвы, якія маюць беларускія дзяржаўныя органы, што маюць паўнату ўлады на тэрыторыі Беларусі», — кажа Андрэй Ягораў.

Асноўныя пытанні «паглыблення інтэграцыі» — нафтагазавае, агульнага падатковага кодэкса і наднацыянальных органаў улады — чакаюць развязання на найвышэйшым узроўні. Сустрэцца кіраўнікі Беларусі і Расіі паабяцалі сёлета да канца года.

Далучайцеся да грамадскай кампаніі ў абарону незалежнасці Беларусі «Свежы вецер» —  Канстытуцыя.бел!

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации