Цана незалежнасці: як на экалогіі адаб'ецца перавод кацельных на мазут? (Аўдыё і відэа)

11.01.2020
Зміцер Лукашук, «Еўрарадыё»

У канцы 2019 года Беларусь і Расія дамовіліся пра кошты на прыродны газ і заключылі кантракты на яго пастаўку. Праўда, толькі на два першыя месяцы 2020 года.

На гэты перыяд кошт газу для Беларусі захаваецца на ўзроўні 2019 года — 127 долараў за тысячу кубаметраў. Адначасова стала вядома, што РУП «Мінскэнерга» абавязалі навучыць работнікаў выкарыстоўваць мазут замест газу, які звычайна ў Беларусі прымяняюць на ЦЭЦ.

Што насамрэч стаіць за намерам перавесці кацельні з газу на мазут? Ці можна гэта лічыць крокам да энергетычнай незалежнасці Беларусі? Якія негатыўныя наступствы магчымыя ад пераводу ЦЭЦ на мазут?

На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры «Еўрарадыё» адказаў філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Паводле яго слоў, у Беларусі ў бліжэйшы час плануецца перавесці на выкарыстанне мазуту 35 прамысловых кацельняў і тры буйныя электрастанцыі — Бярозаўскую і Новалукомскую ГРЭС, а таксама мінскую ЦЭЦ-4.

«Чым гэта небяспечна? Мы маем мазут, запасаў якога хопіць на доўга. Напэўна, мы маглі б пратрымацца толькі на гэтых запасах гады тры. Але гэты мазут забруджаны серай. У ім утрымліваецца да 3% серы. А што такое сера ў мазуце, які паляць? Гэта выкіды ў атмасферу небяспечнага дыяксіду серы, які выпадае на зямлю кіслотнымі дажджамі», — кажа Уладзімір Мацкевіч.

Гэтыя дажджы здольныя знішчыць не толькі расліннасць, але і паўплываць на жыццё і здароўе жывёл і людзей, асабліва тых, хто пакутуе захворваннямі дыхальных шляхоў.

Аксіды серы

Спалучэнні серы паступаюць у паветра ў асноўным пры спальванні багатых серай відаў паліва, такіх як вугаль і мазут. Вокіслы серы, што ўтвараюцца, забруджваюць паветра паўсюль навокал. Будучы развеянымі ў атмасферы праз высокія дымавыя трубы, гэтыя вокіслы становяцца асноўнай прычынай кіслотных дажджоў.

Тым не менш, паліва, пры згаранні якога ўтвараюцца вокіслы серы, неабходнае для атрымання цяпла, электрычнасці і энергіі дзеля прывядзення ў дзеянне розных машын.

Сера трапляе ў паветра пры спальванні нафты і вугалю

Пры спальванні вугалю ці нафты сера, якая змяшчаецца ў іх, акісляецца. Пры гэтым утвараюцца два злучэнні: двухвокіс серы і трохвокіс серы. Колькасць часціцаў сульфатаў і кропелек сернай кіслаты, што змяшчаюцца ў гарадскім паветры, можа дасягаць ад 5 да 20%.

Мяркуюць, што большая частка двухвокісу серы ператвараецца ў сульфаты і серную кіслату цягам некалькіх дзён пасля яго выкіду ў атмасферу. За гэты час вятры могуць аднесці гэтыя забруджванні на сотні кіламетраў ад месца іх выкіду.

Акісленне серы і ўтварэнне едкага кіслотнага туману

Шмат якія матэрыялы пад уздзеяннем завісі кропелек сернай кіслаты псуюцца. Высокая канцэнтрацыя двухвокісу серы і яго вытворных выклікае сур'ёзнае пашкоджанне расліннасці.

Плавільныя печы, у якіх чысцяць медныя ды свінцовыя руды, што змяшчаюць у сябе серу, здольныя забруджваць выкідамі газаў шырокае наваколле. Высокае ўтрыманне вокіслаў серы ў паветры непасрэдна ўплывае на павелічэнне захворвання людзей і нават на рост смяротнасці. Вокіслы серы выклікаюць цяжкасці дыхання праз узрастаючы супраціў праходу паветра па дыхальных шляхах.

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у нашай краіне з-за наступстваў забруджвання паветра памірае 100 чалавек на 100 тысяч насельніцтва.

«З такімі паказчыкамі Беларусь займае трэцяе месца ў свеце, — кажа Уладзімір Мацкевіч. — Калі перавысіць гранічна дапушчальную канцэнтрацыю дыяксіду серы ў атмасферы, то гэтая лічба можа павялічыцца ўдвая».

На сённяшні дзень гранічна дапушчальная канцэнтрацыя (ГДК) не перавышае дапушчальную норму. Але калі ў бліжэйшы час на забруджаны мазут пяройдуць 35 станцый, сітуацыя можа сур'ёзна змяніцца.

Тым больш, што ў Беларусі ўжо сёння ёсць некалькі гарадоў, у якіх сітуацыя з атмфосферным воздухам не выклікае аптымізму.

«Першы з іх — Наваполацк, другі — Мінск. У Наваполацку некалькі гадоў таму думалі перавесці кацельні на кокс, і гэты варыянт мог бы быць больш выгадна і з экалагічнага, і з эканамічнага пункту гледжання, аднак ад гэтай ідэі адмовіліся праз недахоп сродкаў», — падкрэслівае Уладзімір Мацкевіч.

Слухайце і глядзіце размову цалкам:

Далучайцеся да грамадскай кампаніі ў абарону незалежнасці Беларусі «Свежы вецер» — Канстытуцыя.бел!

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации