Андрэй Ягораў зноў абраны старшынёй Беларускай нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці (Фота)

28.01.2020
Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП

25 студзеня 2020 года ў Мінску адбылася штогадовая справаздачна-выбарчая канферэнцыя Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

З вітальнымі словамі на адкрыцці канферэнцыі выступілі кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель, амбасадар Аўстрыі Алаіза Вёргетэр і намеснік амбасадара Польшчы Марцін Вайцехоўскі, паведамляецца на сайце БНП.

Дыпламаты прынялі ўдзел у панэльнай дыскусіі «Куды ідзе Усходняе партнёрства і якая роля ў гэтым працэсе грамадзянскай супольнасці і нацыянальных платформ». Спікеры запэўнілі дэлегатаў і гасцей канферэнцыі ў падтрымцы беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва і суверэнітэту Беларусі.

Галоўнай тэмай канферэнцыі сталася 10-годдзе БНП, быў праведзены аналіз зробленага і напрацаваныя планы на будучыню.

Тэрмінам на два гады дэлегаты канферэнцыі абралі новы склад Каардынацыйнага камітэта БНП, яго старшыню, каардынатараў працоўных груп і рэкамендавалі кандыдатуру нацыянальнага каардынатара ФГС УП па Беларусі.

У склад Каардынацыйнага камітэта БНП былі абраныя:

  • Настасся Бекіш, Таварыства «Зялёная сетка»;
  • Святлана Гатальская, Ініцыятыўная група «Маршыруй, дзетка!»;
  • Дзмітрый Герыловіч, Беларускі нацыянальны савет моладзевых арганізацыяў «РАДА»;
  • Міхаіл Дарашэвіч, Baltic Internet Policy Initiative;
  • Ігар Рынкевіч, Установа «Ліга «Грамадзянскі вердыкт»;
  • Мікалай Кванталіяні, ГА «Новая група»;
  • Андрэй Ягораў, Міжнародная НПА «ЕўраБеларусь».

Старшынёй Каардынацыйнага камітэта БНП быў абраны Андрэй Ягораў. Нагадаем, сп. Ягораў знаходзіўся ля вытокаў Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і Беларускай нацыянальнай платформы: ён з’яўляецца аўтарам і сааўтарам стратэгічных прапаноў па інстытуцыяналізацыі і развіццю ФГС УП, у 2011-2012 гадах быў сябрам Часовага кіруючага камітэта БНП, у 2013-2015 гадах — старшынёй Каардынацыйнага камітэта і нацыянальным каардынатарам ФГС УП па Беларусі, у 2014-2015 гадах — сустаршынёй Кіруючага камітэта ФГС УП.

Рэвізорам БНП тэрмінам на два гады паўторна абраная Вольга Смалянка (Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend).

На пазіцыю нацыянальнага каардынатара ФГС УП па Беларусі (гэтыя абавязкі напрыканцы года завяршае выконваць Мікалай Кванталіяні) рэкамендаваная Ірына Сухій (ГА «Экадом»). Абіраць нацыянальнага каардынатара будуць новыя дэлегаты Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства на бліжэйшай Асамблеі ФГС УП.

Каардынатарамі працоўных груп БНП сталі:

  • Вольга Смалянка — ПГ1 «Дэмакратыя, правы чалавека, належнае кіраванне і стабільнасць»;
  • Уладзімір Карагін — ПГ2 «Эканамічная інтэграцыя і канвергенцыя з палітыкай ЕС»;
  • Уладзімір Зуеў — ПГ3 «Навакольнае асяроддзе, змена клімату і энергетычная бяспека»;
  • Саша Кузьміч — ПГ4 «Кантакты паміж людзьмі»;
  • Сяргей Антусевіч — ПГ5 «Сацыяльная і працоўная палітыка і сацыяльны дыялог».

«Я лічу, што з такім прафесійным і дасведчаным Каардынацыйным камітэтам, які абраны на два гады, мы абавязкова вырашым тыя актуальныя задачы, якія стаяць перад Нацыянальнай платформай», — пракаментаваў вынікі выбараў старшыня Каардынацыйнага камітэта БНП Андрэй Ягораў.

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации