Заходнія санкцыі адносна Беларусі — на карысць ці на шкоду? (Відэа)

11.07.2020
Юрый Дракахруст, Радыё «Свабода»

Ці варта Еўрасаюзу і ЗША ўводзіць санкцыі супраць Беларусі за парушэнні правоў чалавека? Якія санкцыі маюць сэнс, а якія — не? Ці эфектыўныя санкцыі? Ці не кінуць санкцыі Мінск у абдымкі Масквы?

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»!

Па гэтых тэмах выказаліся старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў і кіраўніца грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач — у праграме «Праскі акцэнт».

Вольга Карач:

  • Я найперш за дэталёвы аўдыт адносін Беларусі і ЕС.
  • Я за санкцыі двух тыпаў: забарона на ўезд у ЕС для чальцоў выбарчых камісій і тых, хто адказны за рэпрэсіі, і забарона на імпарт у ЕС прадукцыі, якая вырабленая з парушэннямі правоў чалавека, у прыватнасці, за кошт прымусовай працы зняволеных.
  • Лукашэнка заўсёды пачынае вельмі брутальныя рэпрэсіі пасля кожнага пацяплення адносін з Захадам, так было і ў 2008-2010-х, і ў 2015-2020-х гадах.
  • Палітыка дыялогу з Захадам неэфектыўная і вядзе да ўзмацнення рэпрэсій.
  • У 2010 годзе еўрадэпутаты казалі, што Еўропа павінна адкрыцца беларусам і закрыцца для Лукашэнкі. А атрымалася наадварот.
  • Размовы пра тое, што санкцыі кінуць Мінск у абдымкі Масквы — гэта як казаць: дайце грошы хатняму гвалтаўніку, інакш ён яшчэ больш будзе біць жонку і дзяцей і прадасць дачку суценёрам.
  • Пакуль Лукашэнка будзе ва ўладзе, патрэба Беларусі ў знешняй запазычанасці будзе заўсёды.
  • Чаму Лукашэнка будзе абавязаны бегчы ў Расію? У яго будзе відавочны шлях, у тым ліку і скасавання санкцый — проста пачаць дэмакратычныя рэформы.
  • Я адмаўляюся браць на сябе адказнасць за дзеянні Лукашэнкі. У яго ёсць выбар, ён можа выбраць дэмакратычны шлях.
  • Калі Захад дае грошы Лукашэнку, ён робіць наш крызіс больш глыбокім.
  • Сітуацыя ў краінах Азіі ці Афрыкі часам і горшая, чым у Беларусі. Але нас цікавіць сітуацыя ў нас. Мы параўноўваем сябе з суседзямі, з якімі ў нас агульная гісторыя, а не з Егіптам.
  • Лукашэнку доўгі час і Захад, і Расія падтрымлівалі таму, што здавалася, што насельніцтва яго ў прынцыпе падтрымлівае. Цяпер сітуацыя змянілася, і насельніцтва хоча бачыць на чале дзяржавы іншую асобу.
  • Упершыню за 26 гадоў беларуская нацыя дэманструе сваю волю і патрабуе «пачэснага пасаду між народамі».
  • Заходнія грошы, якія выдзяляюцца на дапамогу малому бізнесу ў Беларусі, трапляюць у кішэні людзей, якія да незалежнага прыватнага бізнесу не маюць ніякага дачынення.

Андрэй Ягораў:

  • Я заклікаю думаць пра эфект і наступствы санкцый.
  • Санкцыйная палітыка не дае для Беларусі вынікаў, прынамсі кароткатэрміновых.
  • Заганныя цыклы двухбаковых адносін — ад чарговых пацяпленняў да новай замарозкі адносін і новых санкцый.
  • Варта не вяртацца да санкцый, а падумаць, як разарваць заганны цыкл гэтай палітыкі.
  • Пасля аднаўлення санкцый аднаўленне адносін запатрабуе гадоў.
  • Я нязгодны з тэзай, што пацяпленне адносін з Захадам вядзе да ўзмацнення рэпрэсій.
  • Рэпрэсіі здараюцца паводле ўнутранай логікі рэжыму, а не таму, што ён знаходзіцца ў адносінах кааперацыі ці канфрантацыі з ЕС.
  • За 5 гадоў супрацы ЕС з афіцыйным Мінскам незалежныя структуры страцілі ў кааперацыі з Еўропай.
  • У цяперашняй сітуацыі эканамічнага крызісу Беларусі патрэбныя знешнія пазыкі. Любыя заходнія санкцыі абмяжоўваюць магчымасць выхаду Беларусі на міжнародныя фінансавыя рынкі. Адзінай крыніцай застанецца Расія. І Расія будзе гэтым карыстацца, прымушаючы Беларусь да "паглыблення інтэграцыі".
  • Я заклікаю глядзець на рэальнасць, а не на ілюзіі.
  • Падчас санкцый у 2011-2015 гадах гандлёвы абарот паміж Беларуссю і ЕС павялічыўся.
  • У свой час колішняга кіраўніка МЗС Польшчы Радэка Сікорскага спыталі, чаму санкцыі адносна Беларусі ёсць, а адносна Азербайджана — не. Ён адказаў: таму што Беларусь — гэта Еўропа.
  • Мы чулі і ў 2001-м, і ў 2006-м, і ў 2010-м гадах, што беларускі народ хоча іншага.
  • Мы бачым большую палітызацыю беларускага грамадства, але ў мяне няма падстаў казаць пра кардынальную змену настрояў.
  • Калі сістэма мікрагрантаў ад ЕС рэалізуецца праз незалежныя структуры, праз прыватныя банкі, там усё празрыста. Нават інфраструктурныя праграмы ЕС ідуць на карысць не толькі чыноўнікам. Калі за еўрапейскія грошы рамантуюць беларускія дарогі, хіба гэта толькі для дзяржавы карысна?

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации