Таццяна Вадалажская: Крытычна важна мець агульны сцэнар дзеянняў і «дарожную мапу» таго, куды рушым

22.11.2020
Таццяна Вадалажская, метадолаг і сацыёлаг

Вельмі крута, што сённяшні марш двароў і раёнаў спрацаваў і зноў надаў рашучасці і адчуванне салідарнасці.

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»!

Але мае думкі пра тое, што далей. Бо маршы ёсць падмурак, але не палітычнае вырашэнне крызісу.

Зараз мы маем два магчымыя сцэнара дасягнення ключавога моманту, калі зможам казаць пра перамогу.

Перамогай я тут буду называць выхад з палітычнага крызісу, а гэта прымус да перамоваў і пачатак пераўтварэння ці стварэння наноў палітычных інстытутаў.

Умоўна гэтыя два сцэнара можна назваць: 1) «даціснуць цяпер» і 2) «другі раунд».

Гэтыя сцэнары адрозніваюцца па сродках прымусу да перамоваў, па часе рэалізацыі і — галоўнае — па дзеяннях.

Адзінае, што іх аб’ядноўвае (апроч мэты), гэта тое, што абраны сцэнар мусіць быць абвешчаны палітычным лідарам, прыняты як агульны асноўнымі дзеючымі суб’ектамі і стаць «дарожнай мапай» для ўсіх пратэстуючых.

Нашая дэцэнтралізацыя — гэта вельмі крута і арганічна для мабілізацыі. Але цяпер вельмі патрэбныя канцэнтрацыя прыкладання сілы ў пэўную кропку і сінхранізацыя дзеянняў. Трэба прааналізаваць актуальны стан, сілы, рэсурсы і магчымасці, каб абраць той ці іншы варыянт. І нарэшце прыняць яго. Каб болей не было пытаннаў, што робім і што далей.

«Другі раўнд»

Сітуацыя дзьвухуладдзя, што стварылася ў краіне, мае асіметрычны характар. Прынамсі да апошняга часу ўлада трымала большасць структур, пратэстоўцы жа — вуліцу і грамадства. Цяпер улада спрабуе выціснуць нас з вуліцы і перамяніць грамадскія настроі. Кошт утрымання свайго боку — вельмі высокі.

Магчымы сцэнар «другі раўнд» азначае, што мы разумеем, што за «першы раўнд» мы моцна прасуналіся ў зменах свядомасці, адказнасці, грамадскага даверу, салідарнасці і самаагранізацыі. А рашучы бой трэба адкласці на «другі раўнд». Зараз ён вымалёўваецца — гэта сітуацыя мясцовых выбараў. Назапашаны патэнцыял лакальнай самаарганізацыі і грамадскай ды палітычнай актыўнасці дае падставы разлічваць на тое, што ў сітуацыі мясцовых выбараў адбудзецца татальны пералом і злом старой сістэмы. Мы для гэтага маем усё: мы ўжо знаёмыя адзін з адным, маем рэальныя і патэнцыйныя актыўная мясцовыя супольнасці і структуры, маем сродкі і інструменты інфармавання і кансалідацыі.

Паводле гэтага сцэнара асноўныя дзеянні цяпер:

  1. умацаванне і развіццё мясцовых супольнасцяў (іх памер, актыўнасць, унутраная арганізацыя, каардынацыя з іншымі), максімальная падрыхтоўка, бо яны будуць асноўнымі сіламі на мясцовых выбарах;
  2. захаванне і мінімізацыя стратаў з боку пратэстоўцаў («не карміць цмока»);
  3. дапамога тым, хто пацярпеў і адстойвае сваю пазіцыю на працоўным месцы;
  4. развіццё ўжо створаных структураў і супольнасцяў (прафесійных ці іншых) як будучых элементаў трансфармацый грамадства і сістэмы;
  5. падтрыманне рэвалюцыйнага духу яркімі, масавымі, нечаканымі падзеямі, што будуць дарыць нам пачуццё большасці і салідарнасці, але не будуць асноўным дзеяннем.

«Даціснуць цяпер»

Гэты сцэнар прадугледжвае, што мы ацэньваем свае сілы, рэсурсы і іх каардынацыю як такія, што даюць магчымасць зрабіць рашучае, моцнае, кансалідаванае дзеянне, што прымусіць уладу прызнаць перамовы неадкладнымі і прызнаць Ціханоўскую як бок перамоваў.

Нагадаю, што для таго, каб прыціснуць і прымусіць, трэба выканаць тры ўмовы пратэсту: масаваць, працягласць (не сыходзіць пакуль не...) і блакаванне жыццёва важных кропак «суперніка».

«Народны ўльтыматум» можна лічыць генеральнай рэпетыцыяй да такога дзеяння. Яна паказаў, што масавасці і ўпартасці нам хапае, але не хапае арганізацыі для блакавання жыццёвых функцый.

Для апошняга вельмі важна мець добра наладжаную сувязь і каардынацыю паміж тым, хто абвяшчае падзею, і тымі, хто рэалізуе ключавыя моманты. І сувязь тут павінная добра працаваць у абодва бакі.

Такім чынам, калі абіраецца гэты сцэнар, то і дзеянні павінныя быць адпаведныя:

  1. найперш, прапрацоўка сувязяў і стасункаў паміж усімі ключавымі дзеючымі суб’ектамі;
  2. мінімізацыя разнастайнасці ў актыўнасці і канцэнтрацыя ўсіх рэсурсаў на «падзеі Х».

* * *

Гэта толькі накіды ў кожным са сцэнароў. Кожны з іх патрабуе прапрацоўкі і ацэнкі на рэалістычнасць і магчымасць рэалізацыі. Кожны з іх патрабуе самага сур'ёзнага абмеркавання (а магчыма, і пошуку нейкага трэцяга ці чацьвертага сцэнара).

Але гэта трэба рабіць вельмі хутка. Цяпер крытычна важна менавіта прыняццё сцэнара і агульнай «дарожнай мапы», скіраванасць дзеянняў і іх сінхранізаванасць. Бо новыя формы пратэсту могуць дазволіць нам яшчэ працягнуць заваёву вуліцы, але яны не даюць зрабіць нам новы, вырашальны крок.

Гэтая задача сёння першасная для штаба Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады і Народнага атыкрызіснага кіравання.

Давайце нарэшце абмяркуем і прымем сцэнар, бо гэта асноўная палітычная задача для палітычнага суб'екта, што прадстаўляе пратэстнае грамадства, якое не стамляецца і з надзеяй глядзіць у будучыню.

Тэкст упершыню быў апублікаваны ў блозе Таццяны Вадалажскай у Фэйсбуку:

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации