З 20 топ-каналаў толькі адзін — праўладны: як развіваецца Тэлеграм у Беларусі

10.12.2020
«Еўрарадыё»

Аналітыкі Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі правялі даследаванне пра выкарыстанне Тэлеграма ў Беларусі і пра тое, як развіваюцца і што абмяркоўваюць дваровыя і раённыя чаты, паведамляе «Еўрарадыё».

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»!

Глядзіце:

Выбуховы рост — з сакавіка

Аўтары адзначаюць: некалькі гадоў Тэлеграм быў у Беларусі не асабліва папулярны. Змянілася гэта ў 2019-м: з'явіліся папулярныя каналы, пачала расці аўдыторыя мэсенджара. А з сакавіка 2020-га быў зафіксаваны «выбуховы рост».

Менавіта дзякуючы «ахопленасці» Тэлеграмам беларусы «былі з самага пачатку лепш гатовыя да рознага кшталту інтэрнэт-блакаванняў, якія пачаліся з 9 жніўня», кажуць даследчыкі.

«На жаль, мы не маем больш свежых даследаванняў пра характарыстыкі беларускай аўдыторыі Тэлеграма. Па ўскосных звестках, у Беларусі ў сярэдзіне жніўня 2020 года налічвалася каля 2,4 млн актыўных карыстальнікаў мэсенджарам (прыкладна 30-35% інтэрнэт-аўдыторыі). У месяцы, якія папярэднічалі жніўню, Тэлеграм з'яўляўся самай спампоўванай праграмай у Беларусі (як на платформе Android, так і iOS). Па некаторых звестках, на момант верасня 2020 года мэсенджарам карысталася каля 60% гарадской інтэрнэт-аўдыторыі ў Беларусі», — пішуць аўтары даследавання.

Прычынай такога росту папулярнасці каналаў даследчыкі называюць не толькі магчымасць хуткага атрымання інфармацыі. Паспрыялі гэтаму і ўлады, якія заблакавалі многія беларускія медыя. На карысць «тэлегі» сыграла і тое, што 9-13 жніўня мэсенджар заставаўся практычна адзінай крыніцай аператыўнай інфармацыі.

Сярод каналаў, у якіх ёсць больш за 100 тыс. падпісчыкаў, 14 — «навінавыя і забаўляльныя». Яшчэ пяць належаць беларускім незалежным медыя. Цікава, што з праўладных каналаў у спісе «статысячнікаў» ёсць толькі адзін — «Жёлтые СЛИВЫ».

«Паўстанне новых раёнаў»

У даследаванні пра развіццё тэлеграм-чатаў аўтары спасылаюцца на звесткі базы сайта dze.chat.

Такіх суполак — каля 1,1 тысячы. У іх знаходзяцца парадку 550 тыс. неўнікальных карыстальнікаў.

«У агульнай колькасці ўдзельнікаў лакальных тэлеграм-суполак (чатаў) крыху менш за палову прыпадае на Мінск, з абласцей найбольш актыўныя Мінская, Гродзенская і Брэсцкая вобласці», — адзначаюць аўтары.

Чаты ёсць не толькі ў буйных гарадах. Яны ёсць і ў райцэнтрах, і ў асобных вёсках.

«Карціна актыўнасці ў лакальных тэлеграм-суполках (чатах) па Мінску пацвярджае характарыстыку пратэставага руху ў Мінску як «паўстання новых раёнаў»; хоць мясцовыя чаты ствараюцца па ўсім горадзе, аднак яўна відаць пункты канцэнтрацыі», — адзначаюць аўтары.

Усплёскі актыўнасці ў лакальных чатах даследчыкі звязваюць з буйнымі медыя-падзеямі, у тым ліку з «Народным ультыматумам» і гібеллю Рамана Бандарэнкі.

Часцей за ўсё, згодна з аналізам даследчыкаў, удзельнікі чатаў абмяркоўваюць і каардынуюць пратэставыя дзеянні. Таксама там ідуць простыя зносіны, знаёмства і абмеркаванне іншых тэм.

«Лакальныя тэлеграм-суполкі (чаты) усё больш выконваюць функцыю зносін і падтрымкі «баявога духу», узаемнай матывацыі. Трэба адзначыць, што большасць лакальных чатаў аб'ядноўвае людзей з падобнымі поглядамі на бягучую сітуацыю», — пішуць у заканчэнні аўтары.

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал «Думаць Беларусь»: http://t.me/methodology_by!


Другие публикации