Публичные мероприятия

Адкрытая лекцыя Алеся Смалянчука «Пасляваенная калектывізацыя ў Заходняй Беларусі ў асвятленні вуснай гісторыі» (Відэа і тэкст расшыфроўкі)

20.10.2015
Лятучы ўніверсітэт

7 кастрычніка 2015 года ў межах серыі «Галоўнае пытанне» Лятучага ўніверсітэта адбылася лекцыя гісторыка Алеся Смалянчука, прысвечаная пасляваеннай калектывізацыі ў Заходняй Беларусі.

Відэазапіс лекцыі:

Тэкст расшыфроўкі лекцыі:

Таццяна Вадалажская: Сёння ў нас наступная лекцыя з цыклу «Галоўнае пытанне», з якога Лятучы ўніверсітэт распачаў гэты год.

Мінулым разам Уладзімір Мацкевіч разважаў пра будычыню, пра тое, як мы можам супольна ісці да гэтай будучыні. А сёння спадар Смалянчук будзе распавядаць пра мінуўшчыну. Хаця, зноў — хутчэй, не пра саму мінуўшчыну, а пра тое, як мы можам гэтую мінуўшчыну разумець, прымаць, рабіць спадчынай. Бо спадчына — гэта не проста мінуўшчына, а тое, што ўзята намі, прынята ў спадчыну. І тое, што і як мы прымем і што зразумеем з той мінуўшчыны, шчыльна звязана з тым, якія пытанні мы да сябе ставім сёння, зараз.

Сёння мы будзем углядацца ў мінуўшчыну, якая не надта далёка ад нашай сучаснасці, але гэта часы, пра якія мы не так шмат і ведаем.

Алесь Смалянчук: Перад гэтай лекцыяй я ўжо шмат разоў выказваўся, чаму абраў такую тэму. Мне здаецца, што тэма пасляваеннай калектывізацыі ў Заходняй Беларусі сапраўды належыць да найбольш важных пытанняў.

На працягу некалькіх гадоў (1948-1953) дзяржава шляхам прымусу фактычна цалкам змяніла ўклад жыцця мільёнаў людзей. Быў знішчаны тып гаспадара, які на сваёй зямлі жыў і працаваў. Для Заходняй Беларусі гэта характэрна не толькі для ХХ стагоддзя. Абшчыннае землекарыстанне тут не існавала. Здаўна жылі гаспадары. І вось зараз у іх усё забіраюць, і яны становяцца калгаснікамі. Што мяняецца ў свядомасці чалавека? Як чалавек рэагуе на гэты гвалт? Які ён мае выбар? Які ён робіць выбар?

Яшчэ шмат жыве людзей, якія могуць пра гэта распавесці. Падзеі, сапраўды, адносна недалёкія ад нас, у адрозненні ад калектывізацыі ва Усходняй Беларусі. Сёння зрэдку знаходзіш рэспандэнтаў, якія могуць распавесці пра калектывізацыю, што адбывалася на рубяжы 1920-1930-х гадоў. Практычна няма ўжо людзей, якія яе памятаюць. Але адну такую сустрэчу я добра памятаю. Запісваў успаміны аднаго ветэрана-камуніста, які ў свой час быў буйным чыноўнікам, кіраваў абкамам партыі. Я запытаў яго пра калектывізацыю, але адказу не атрымаў. Але пазней ён сам вярнуўся да гэтай тэмы і прыгадаў, што маці яму сказала, калі вярнулася са сходу па стварэнні калгаса. Гэта было недзе ў Магілёўскай вобласці. Прыйшла ў слязах. І калі сын запытаў, што здарылася, адказала: «Калі мы не пойдзем у калгас, нас усіх вышлюць на Месяц». Вось так... Нават не ў Сібір — «на Месяц нас вышлюць...»

Апроч таго, ёсць у мяне і асабістая гісторыя. Маці ўзгадвала, як яе бацька, мой дзед, распавядаў у хаце, як яго прымушалі падпісаць заяву на ўступленне ў калгас, трэслі рэвальверам перад тварам. Гэта вёска Нагуевічы Слонімскага раёну. Дзед не саступіў. Ён вывез сям’ю ў горад. Гаспадарку проста кінулі. Гэта таксама пэўная стратэгія выбару. Розныя варыянты былі, розныя сітуацыі. І ўсё гэта апошнім часам прымушала думаць пра калектывізацыю больш сур’ёзна.

Што тычыцца беларускай гістарыяграфіі, то тэма калектывізацыі Заходняй Беларусі вельмі слаба раскрыта. Характэрны прыклад — гэта чацвёрты том «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Там ёсць вялікі артыкул пра калектывізацыю Беларусі, напісаны Міхаілам Касцюком. Гэта вядомы беларускі даследчык, адзіны гісторык-акадэмік. Артыкул сапраўды вялікі, але 90% гэтага тэксту прысвечана калектывізацыі ва Усходняй Беларусі. А пра калектывізацыю ў Заходняй Беларусі — некалькі апошніх абзацаў. І, фактычна, калі чытаеш, разумееш, што Усходняя Беларусь канца 1920-х гадоў — гэта мадэль, а ў Заходняй Беларусі рабілі ўсё тое ж самае ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х. І няма што пра гэта асабліва казаць. Гэта характэрна для беларускай гістарыяграфіі, і не толькі для энцыклапедычных артыкулаў.

Калі мы пішам гісторыю народа ці краіны, ёсць праблемы з чалавекам у гэтай гісторыі. Звычайна людзі там фігуруюць, як нейкія статыстычныя дадзеныя. Столькі гаспадароў, столькі калгаснікаў, столькі памерла, столькі выселілі і г.д. Як «простыя» людзі перажывалі ўсё гэта? Што тая ці іншая падзея значыла для людзей? Пра гэта ніхто асабліва не піша. У 1990-я гады з’явілася некалькі новых прац. Магу прыгадаць кнігу Сарокіна, аднаго са «старажылаў» беларускай гістарычнай навукі, — «Ад Дэкрэта да Кодакса аб зямлі».

Ёсць вельмі цікавыя працы ў польскай гістарыяграфіі, якія тычацца беларускай вёскі і працэсаў калектывізацыі. У прыватнасці, гэта кніга Малгажаты Рухневіч, даследчыцы з Вроцлава. Яна выйшла з друку ў 2010 годзе. Гэта кніга Ганны Энгелькінг «Калхознікі. Заўвагі да структуры ідэнтычнасці беларускіх калгаснікаў на рубяжы ХХ-ХХІ стагоддзяў». Кніга выйшла ў 2012 годзе. Гэта 800 старонак толькі тэксту, без каментароў. Таўшчэзны том. Кніга напісана антраполагам, якая доўгі час, амаль двадцать гадоў, даследавала, сустракалася, размаўляла з беларускімі вяскоўцамі. Яна на працягу гэтых гадоў завязала сяброўскія, амаль сваяцкія адносіны з жыхарамі беларускіх вёсак (гэта быў пераважна Лідскі раён). Часта прыязджала, кантактавала, папросту жыла жыццём беларускай вёскі. Вельмі цікавыя вынікі гэтай працы. Спадзяюся, што калі-небудзь атрымаецца перакласці гэтую кнігу на беларускую мову. Яна шмат гаворыць пра Беларусь сучасную. Не толькі пра вёску...

Ну а падстава сённяшняй размовы пра калектывізацыю — вусная гісторыя. Беларускі архіў вуснай гісторыі правёў улетку гэтага года экспедыцыю на Палессі, у Пінскім, Іванаўскім і Столінскім раёнах. Найбольш працавалі ў Пінскім раёне. Для мяне ён вельмі важны. Хто быў на маёй ранейшай лекцыі, ведае, што гэта звязана з Парэччам, з Раманам Скірмунтам. Раман Скірмунт — прэм’ер-міністр БНР, вядомы палітык, які быў забіты мясцовымі сялянамі з «рэвалюцыйнага камітэту» 7 кастрычніка 1939 года. Сёння чарговая гадавіна забойства. Дарэчы, адна з рэспандэнтак, згадваючы пра «добрага пана Скірмунта», сказала, што «ён мог бы быць прэдседацелем».

Адносна вуснай гісторыі я толькі адзначу, што гэта вельмі цікавы і важны кірунак сацыяльна-гуманітарных даследаванняў, прадметам якога з’яўляецца індывідуальны жыццёвы вопыт чалавека, яго памяць. Галоўны метад вуснай гісторыі — інтэрв’ю. Вусная гісторыя даволі блізкая да сацыялогіі, антрапалогіі, культурнай антрапалогіі, этналогіі. Мне падаецца, што вусная гісторыя можа ўяўляць сабой сур’ёзную пляцоўку для міждысцыплінарных даследаванняў. Нейкага агульнапрынятага вызначэння вуснай гісторыі няма, але звычайна ў спробах вызначэння пералічваюць асноўныя этапы даследавання. Асноўныя этапы — гэта інтэрв’ю, пераўтварэнне вуснага аповеду ў гістарычную крыніцу, яго архівізацыя, потым інтэрпрэтацыя. Гэта — асноўнае. А самае цікавае пачынаецца, канешне, на стадыі інтэрпрэтацыі.

Тое, што я буду казаць, не з’яўляецца вынікам даследавання. Хутчэй, гэта ўражанні і думкі пра тое, што мы пачулі. І, гаворачы пра вусную гісторыю, вельмі важна адзначыць, што вусная гісторыя мае два пласты, ці два бакі. Нас цікавіла, што людзі распавядаюць, што гавораць пра калектывізацыю. Але яшчэ больш важнымі былі пытанні: чаму менавіта так людзі распавядаюць, чаму менавіта гэта яны памятаюць? На апошнія пытанні гісторыку цяжэй адказаць, чым антраполагу або сацыёлагу. Але тут — самае цікавае! Мы ж не сустракаемся з нейкай гістарычнай рэчаіснасцю. Фактычна, мы працуем з памяццю. І самае важнае — гэта не столькі факты, якія прыгадваюць, а ацэнкі людзей, тое, як людзі ацэньваюць тыя ці іншыя падзеі. У гэтых ацэнках, між іншым, праяўляецца пэўны жыццёвы прыярытэт, характэрны для людзей, якія перажылі калектывізацыю, і для сённяшніх беларусаў.

Польскі даследчык Пётр Філіпкоўскі вылучае гістарычную і сацыялагічную перспектывы вуснай гісторыі. Сацыялагічная перспектыва — гэта якраз пра тое, чаму менавіта так распавядаюць. Яна апошнім часам выходзіць на першы план у даследаваннях. Беларускі архіў вуснай гісторыі працуе ўжо чатыры гады. У нас больш гісторыкаў, таму другое пытанне даецца нам з найбольшымі праблемамі і цяжкасцямі. Ну, усё ж паспрабуем.

Яшчэ некалькі слоў пра тое, як мы працуем. Дамінуе метад аўтабіяграфічнай нарацыі. Калі нас, напрыклад, цікавіць калектывізацыя, то мы не ідзем да чалавека і не задаем адразу пытанне ў лоб: «Што было, калі стваралі калгас?» Такое пытанне навогул не задаецца. Звычайна мы просім расказаць пра сваё жыццё, пачынаючы з бацькоў нашага суразмоўцы. Кім яны былі? Дзе працавалі? І для нас важна, ці будзе ў гэтым аповедзе пра жыццё прысутнічаць калектывізацыя, ці яе там не будзе. Гэтую частку інтэрв’ю мы называем «нязмушаным аповедам». Канешне, у нейкім сэнсе, ён змушаны, таму што мы штурхаем чалавека да нейкага аповеду, але не пра тое, што нас найбольш цікавіць. Папросту просім расказаць пра сваё жыццё. І тут вельмі цікава, як чалавек структурыруе сваю аўтабіяграфію. Што ў ёй галоўнае, а што выпадае з аповеду? У Беларускім архіве вуснай гісторыі сабрана вельмі багатая калекцыя такіх аўтабіяграфічных аповедаў. Толькі потым, на другім этапе, мы пачынаем задаваць ужо канкрэтныя пытанні паводле прыгатаванага апытальніка. Мы задаем пытанні непасрэдна па тэме, якая нас цікавіць.

Адразу хачу сказаць, што ў большасці выпадкаў (а мы запісалі больш за 60 інтэрв’ю падчас экспедыцыі) нашыя рэспандэнты пра калектывізацыю самі нічога не казалі. То бок яны казалі пра калгас, бо калгас — гэта іх жыццё. Яны жывуць ў вёсках, працуюць у калгасах, якія зараз называюцца «сельскагаспадарчымі кааператывамі», але ўсё роўна гэта фактычна той самы калгас. Але ж стварэнне калгасаў яны не ўспаміналі. Даводзілася падводзіць людзей да гэтай тэмы. Мы задавалі пытанне: «Як вы жылі ў пасляваенныя гады? Што адбывалася тады ў вашым жыцці?» Зноў жа, пра самую калектывізацыю не пыталіся. Вось калі задавалі такое пытанне, людзі пачыналі прыгадваць першыя пасляваенныя гады, і тут з’яўляўся калгас.

Вельмі важны момант — большасць давала пазітыўную ацэнку калгасу. Працэс стварэння пры гэтым абмінаўся, а калгас ацэньваўся толькі пазітыўна. І тут трэба адзначыць, што нашыя інтэрв’ю разыходзіліся з даследаваннямі антраполагаў. Ганна Энгелькінг у сваёй кнізе пісала, што падчас яе даследавання беларусы адразу ж прагаворвалі тры найвялікшыя траўмы. Першая траўма — гэта Халакост, забойства жыдоў, якое людзі назіралі; другая траўма — пасляваенная калектывізацыя, а трэцяя (гаворка ідзе пра Заходнюю Беларусь) — атэізацыя, або, як людзі казалі, «закрыццё веры». То бок царкву ці касцёл зачынілі, ксяндза выслалі... «Закрылі веру».

Калі чытаю яе кнігу, то думаю пра нашу экспедыцыю. У нас іншыя вынікі. Можна казаць, што ў аповедзе пра жыццё прысутнічае адна вялікая траўма: гэта — вайна. У старэйшых людзей вельмі часта гэты аповед пра жыццё на 70-80-90% напоўнены гісторыяй пра жыццё ў вайну. Пра пасляваенныя гады гавораць менш. Быццам рэспандэнтам яны не ўяўляюцца цікавымі і важнымі.

Вайна — гэта каласальная падзея амаль «касмічнага» маштабу, якая напаўняе ўсё жыццё, і пра яе хочацца распавесці тым, хто прыйшоў і распытвае. Зрэдку людзі самі распавядалі пра Халакост. Зрэдку гучалі аповеды пра «закрыццё веры», пра лёс ксяндзоў. Ну і калектывізацыя таксама была рэдкай тэмай у «нязмушаным аповедзе». Тут, напэўна, ёсць праблема метаду. Магчыма, з антраполагамі, якія жывуць у вёсцы нейкі час, рэспандэнты размаўляюць па-іншаму. Патрэбны час, каб яны раскрыліся і гэтыя тэмы выйшлі на паверхню. А нашыя экспедыцыі нагадваюць «набегі»: прыехалі ў вёску, знайшлі рэспандэнтаў, запісалі некалькі інтэрв’ю і паехалі далей. Спецыфіка архіва ў тым, што мы хочам захаваць як найбольш гэтай індывідуальнай памяці, стварыць гістарычныя крыніцы, таму працуем па-іншаму. Можна потым паразважаць пра гэтую спецыфіку метаду... Што атрымліваецца, а што не.

Што казалі людзі, калі мы задавалі пытанні наконт калектывізацыі? У першую чаргу, панавала тэма гвалту, прымусу, рэпрэсій. Гэтай тэмы немагчыма было пазбегуць. Фактычна, гвалт быў паўсюдным шляхам стварэння калгасаў. Толькі аднойчы нам прыгадалі, што бяднейшыя сяляне выступілі з ініцыятывай стварэння калгасу. Але ўлады не згадзіліся, бо тыя сяляне нічога не мелі. Аднойчы нават прагучаў цікавы выраз: «Угаворвалі сілай». Гвалт, рэпрэсіі — гэтыя словы не выкарыстоўваюцца. Людзі кажуць: «Угаворвалі сілай». Такі «беларускі варыянт» аповеду пра прымус...

Дарэчы, часта адбывалася, што прыязджала «начальства», выклікала да сябе чалавека і двое-трое сутак амаль не выпускалі, прымушаючы пісаць заяву на ўступленне. Некаторых незгаворлівых арыштоўвалі на некалькі дзён.

Згадвалі пра актыўнасць рознага тыпу актывістаў, сярод якіх вылучалася група настаўнікаў. Настаўнікі ў савецкай Беларусі сталі проста закладнікамі (як і сёння) дзяржаўнай палітыкі. Іх абавязвалі хадзіць па хатах і збіраць заявы на ўступленне ў калгас.

Ну і, канешне, раскулачванне. Вось з гэтым пасляваенным раскулачваннем вельмі цікавая гісторыя. Раскулачванне ў канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў — гэта жудасная гісторыя. Мае сябры і калегі этнографы запісвалі ўспаміны пра гэтак званыя «ручнікі-абудзённікі». Калектывізацыя ўспрымалася як сапраўдны «канец свету», і адбывалася адраджэнне вельмі старажытных архаічных звычаяў. Так, з заходам сонца ніхто ў вёсцы не спаў, трэба было да світанку мужчынам зрабіць высокія прыдарожныя крыжы, а жанчынам выткаць ручнікі-абудзённікі для тых крыжоў. З ніткамі, якія засталіся, абыходзілі і быццам абмотвалі ўсю вёску. Жыццё нібыта пачыналася нанова. Гэта вельмі архаічны абрад.

У Заходняй Беларусі раскулачванне такіх памераў не набыло. Звычайна гісторыкі называюць лічбу каля 10 тыс. раскулачаных — праўда, часам не зразумела, ці гаворка ідзе толькі пра гаспадароў, ці пра сем’і «кулакоў». Але, у кожным выпадку, іх было значна меш, чым у даваеннай калектывізацыі.

Людзі згадвалі пра раскулачванне даволі часта. «Кулакоў» памяталі, звычайна называлі іх імёны. І аднойчы прагучала таксама вельмі цікавае слова, якое прымусіла яшчэ раз задумацца пра гэта працэс. Аднойчы пра жанчыну сказалі, што яе «акулачылі». Пра тое, што такое «раскулачванне», мы ведаем. А што такое «акулачванне»? Аказваецца, што чалавек сам па сабе не становіцца «кулаком». Улада з яго робіць «кулака». Яе запісалі ў «кулакі» — значыць «акулачылі», а потым і «раскулачылі».

Таксама нам часта распавядалі пра сітуацыі, калі менавіта «кулакі» стваралі калгас. Падалося, што гэта было адмысловай тактыкай уладаў. У вёсцы Парэчча Пінскага раёну старшыня сельсавету запрасіла г.зв. «кулакоў», багацейшых людзей вёскі падслухаць нараду па стварэнню калгасу, якую праводзіла прыехаўшае начальства. Яны стаялі пад вокнамі і ўсё падслухалі, а назаўтра ўсе запісаліся ў калгас. Яны зразумелі, што іх чакае. Ну а калі багацейшыя пашлі ў калгас, то і бедната пацягнулася.

Напрыканцы «кулацкай» тэмы мы задавалі пытанне, звязанае з ідэяй помніка «кулаку», якую ў адным з інтэрв’ю выказала Ганна Энгелькінг. Яна лічыць яго адным з галоўных герояў беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Мы пыталіся, як людзі ставяцца да таго, каб у Мінску паставіць помнік кулаку. Спачатку ў многіх рэспандэнтаў быў шок: «Як гэта можа быць?» А потым амаль усе згаджаліся: «Яны ж такія працавітыя гаспадары, ім трэба ставіць помнік». І гэта вельмі цікава, бо ўвесь савецкі час людзей настроівалі на двух галоўных ворагаў працавітага беларускага селяніна — «пана» і «кулака». А тут аказалася, што няма такога ворага, як «кулак».

Таксама можна сказаць, што ёсць пэўная праблема з ворагам ў выглядзе «пана». У тым жа Парэччы нам распавядалі пра тое, што мужчыны ўвечары збіраліся ў нейкай хаце, каб паразмаўляць пра важныя рэчы і прыгадаць мінулае. Дык вось вельмі часта яны прыгадвалі «пана» Рамана Скірмунта. У гэтай памяці пра «пана» хавалася пэўная альтэрнатыва «прэдседацелю». Я кажу «прэдседацель», а не старшыня, бо так звычайна казалі нашыя рэспандэнты. «Прэдседацель» заняў месца «пана».

Можна казаць, падсумоўваючы тэму гвалту, што большасць прыняла яго і змірылася. Магчыма, тут дзейнічаў сялянскі міф паходжання. Паводле яго, сяляне не маюць суб’ектнасці. Яны не суб’екты, не асобы, яны належаць «пану». Раней належалі памешчыку-«пану», зараз «пану» ў выглядзе дзяржавы, ролю якой выконвае «прэдседацель». Але, усё роўна, яны камусьці належаць. Гэта можа быць нейкай характэрнай рысай беларускай свядомасці, пра якую варта падумаць.

Але супраціў усё ж такі быў. Калі мы запытвалі пра яго, то часта гучала фраза, накшталт: «Народ пасля вайны быў разгублены». Пры гэтым на Палессі, недалёка ад украінскай мяжы, дзе працавала экспедыцыя, прыгадвалася дзейнасць антысавецкіх фарміраванняў або «бандаў», як людзі казалі. Прыходзілі з Украіны «бульбашы» ці «бульбаўцы», пад Лагішынам ваявалі «банды» братоў Грэчак, Лаўрэна. На пытанні, датычныя іх дзейнасці, рэспандэнты адказвалі, што яны «забівалі камуністаў і начальнікаў, а людзей не краналі». Тут «людзі» станавіліся нейкай асобнай катэгорыяй, адрознай ад «начальства». Пры гэтым дамінавала асуджэнне гэтых «бандаў». Рэспандэнты асуджалі такія радыкальныя формы змагання, яны не хацелі вайны.

Як пэўная альтэрнатыва гучалі аповеды пра паспяховыя спробы дамагчыся свайго, дамагчыся законнасці легальным шляхам праз скаргі і звароты. Пісаліся скаргі вышэйшаму начальству на нейкіх мясцовых кіраўнікоў, што займаліся самаўпраўствам, і гэта іншым разам дапамагала. Тыя скаргі, якія не дапамагалі, ніхто не ўзгадвае. Таксама распавядалі пра ўласныя «паходы» да нейкага вышэйшага начальства. У нейкіх сітуацыях вышэйшыя ўлады сапраўды ўмешваліся, і закон перамагаў. Тут важна адзначыць непрыняцце радыкальных формаў супраціву.

Наступны цікавы момант — гэтак званыя «ільготы» для калгаснікаў. Да стварэння калгасаў сяляне плацілі «звышпадатак» мясам, малаком, іншымі прадуктамі. Таксама прыгадвалі, што, напрыклад, дзяўчаты з 18 гадоў плацілі налог, што не мелі дзяцей. Уступленне ў калгас было вызваленнем ад гэтага падатковага цяжару. Людзі ўзгадвалі гэта як калгасны пазітыў.

Да таго ж у аповедах часта гучала тэма моладзі, якая, у адрозненне ад бацькоў, не мела жадання працаваць на сваёй зямлі ад ранку да позняга вечару, не збіралася пачаць і скончыць жыццё на гэтым кавалку зямлі. А калгас ствараў новыя магчымасці: выехаць у горад, атрымаць адукацыю, зрабіць кар’еру. Калгасы станавіліся «сацыяльным ліфтам», стваралі новыя магчымасці для вясковай моладзі. Гэта было асабліва важна для Заходняй Беларусі, бо «за польскім часам», у міжваенны перыяд, ураджэнцы беларускіх вёсак фактычна не мелі ніякага шанца змяніць жыццё. Нават вышэйшая адукацыя не заўсёды дапамагала. Знайсці добрую працу ці пасаду па-за вёскай беларусу было проста немагчыма. Асабліва праваслаўнаму. Каталік яшчэ мог нечага дасягнуць. Але найчасцей усё сводзілася да таго, што дзе нарадзіўся, там і памрэш. Нават з вышэйшай адукацыяй будзеш працаваць на ўласным кавалку зямлі і нікуды з яе не дзенешся.

А савецкія калгасы стваралі іншыя магчымасці. Сапраўды, можна было рабіць кар’еру ў калгасе, а можна было выехаць з яго. І моладзь гэта прыняла. Можа, гэты момант таксама вельмі істотны для разумення, чаму рэспандэнты пазітыўна казалі пра калгасы. Мы ж размаўлялі не з тымі, хто быў гаспадарамі ў 1948-1953 гадах, а з іх дзецьмі. Гэта бацькі прынялі на сябе галоўны ўдар, яны ўсё страчвалі. Для моладзі гэта не было так балюча, так востра. Гэта трэба разумець, калі працуеш з вуснымі ўспамінамі.

Істотным момантам ва ўспамінах была свайго роду «лібералізацыя» працэсу калектывізацыі ў параўнанні з тым, што было да вайны ва Усходняй Беларусі. Зноў жа, я не магу казаць пра ўсю пасляваенную Беларусь, магу казаць толькі пра тое Палессе, дзе мы працавалі. На Гарадзеншчыне, з яе каталіцкімі рэгіёнамі, магло быць усё па-іншаму.

А на Палессі сялянам пакідалі гэтак званыя «соткі». Часта да 30 сотак, а гэта трэць гектара — даволі вялікі агарод. Пакідалі карову, свіней, былі выпадкі, што нават коней пакідалі. У тыя часы людзі не мелі пашпартоў, і з’ехаць з вёскі было немагчыма. Але, напрыклад, дэмабілізаваныя з войска мелі ваенныя білеты. Калі ты падпісваеш дамову і едзеш у Карэлію на лесанарыхтоўкі, табе даюць часовы пашпарт; едзеш на Данбас працаваць у шахты — табе даюць часовы пашпарт; едзеш у Казахстан на ўборку хлеба — таксама выдаюць часовы пашпарт. Можна было паехаць і зарабіць. Гэтага не было ў даваенныя часы, а тут было. І былі іншыя палёгкі. Цікава, што пры гэтым рэспандэнты ніколі не звязвалі гэтыя саступкі ўлады з антысавецкім супрацівам, з «бандамі» Грэчак і Лаўрэна. Гэта мы можам сцвярджаць, што быў супраціў, вайна працягвалася, і ўлады не маглі дазволіць сабе пашырэння гэтай базы антысавецкага руху, трэба было ісці на нейкія саступкі. Але нашыя суразмоўцы не бачылі гэтай сувязі.

Вельмі цікавая тэма стратэгій выжывання. Навогул, звярнулі ўвагу, што многія рэспандэнты з усмешкай казалі пра трагічныя падзеі калектывізацыі. Магчыма, гэтую ўсмешку нараджала пачуццё рэспандэнтаў, што яны ўсё перажылі і выжылі, што сталі пераможцамі. Перамаглі ў нейкай унутранай вайне. Нехта загінуў, быў вывезены, а яны перамаглі. Усё ж такі менавіта жыццё належыць да найвышэйшых каштоўнасцей сялянскага светаўспрыняцця.

А галоўны шлях да выжывання, а значыць, да перамогі — праца. Рэспандэнты казалі, што «жылі за шчот працы». Гэтая праца і ўключала ўласныя соткі, карову, свіней, выезд на заробкі ды інш.

Асобная тэма — кар’ера ў калгасе і заробкі. Рэспандэнты ўзгадвалі пра працадні, гэтак званыя «палачкі» (так адзначалі ў табелі працоўны дзень), і казалі, што за гэтыя «палачкі» атрымлівалі. Выходзіла не шмат. Дарэчы, беларускія гісторыкі, якія займаюцца гэтай тэмай, сцвярджаюць, што ў 1948 годзе ў лепшых калгасах атрымлівалі ў год 200 грам збожжа на адзін працадзень. І гэта напрыканцы года. То бок калгас збірае ураджай, здае ўсё, што павінен дзяржаве, а тое, што застаецца, пачынаюць дзяліць паміж калгаснікамі з улікам гэтых працадзён. Такім чынам, 200 грам жыта можна было за працадзень атрымаць! Гэта ў лепшай сітуацыі, а часта не было нічога. Бульбу давалі, буракі, і больш нічога не заставалася. Але ўсё роўна гэтыя заробкі нешта значылі для людзей. Мы запісалі ўспаміны, як калгаснікі пратэставалі супраць з’яўлення камбайнаў. Калі яны ўпершыню з’явіліся, калгаснікі выйшлі на поле і не давалі камбайнёрам збіраць хлеб, бо лічылі, што камбайны забяруць «палачкі», «з’ядуць» усе працадні. З іншага боку, даводзілася гадавая норма працадзён, якую трэба было выконваць. Не выпрацуеш норму, цябе могуць арыштаваць. Часта асуджалі на паўгады лагеру, і атрымліваўся адзін паўгадовы «працадзень»?!

Яшчэ адна важная тэма — крадзяжы ў калгасе. Навогул, нашыя рэспандэнты выдатна ўсведамляюць, што красці нельга, што гэта грэх. Але красці ў калгасе — гэта не грэх, гэта нармальна. Калгаснае — гэта ж усё наша, усё сваё. Нават крадзежамі гэта нельга называць. Часам сустракалася нават меркаванне, што ў калгасе грэх не красці, калі можаш. Запісвалі цікавыя гісторыі, калі людзі кралі ў калгасе калгаснае, каб ратаваць калгасных жа кароў. Тыя падыхалі там ад голаду, а сена не давалі. І людзі ішлі ўначы, кралі тое сена і кармілі калгасных кароў. Такая «эканоміка калгасная».

Датычна гісторыі штодзённасці вельмі цікавай аказалася тэма калгаснай няроўнасці. Дарэчы, для мяне ды іншых удзельнікаў экспедыцыі яна спачатку навогул не існавала. Але хутка зразумелі важнасць праблемы ўнутрыкалгаснай дыферэнцыяцыі. Канешне, асабняком стаіць вобраз «прэдседацеля». Сабралі шэраг аповедаў пра розных «прэдседацелей». Рэспандэнты часцей прыгадвалі «добрых прэдседацелей», якія, звычайна, аднекуль прыязджалі. Склалася ўражанне, што пасляваенная кадравая палітыка савецкай дзяржавы датычна калгасаў істотна адрознівалася ад даваеннай. Да вайны былі г.зв. «двацаціпяцітысячнікі». Менавіта 25 тысяч пралетарыяў Петраграда і Масквы па загаду партыі паехалі ў калгасы, каб іх «падымаць». Можна ўявіць, як «падымалі» калгасы тыя, якія ўсё жыццё жылі ў горадзе і працавалі на заводзе. Пасля вайны пачалі з’яўляцца падрыхтаваныя кадры, якія атрымалі спецыяльную адукацыю і разумелі, што трэба рабіць. Нашыя рэспандэнты, звычайна, вельмі крытычна ставіліся да «прэдседацеляў» — аднавяскоўцаў, якія часта былі першымі кіраўнікамі створаных калгасаў. Казалі, што яны былі непісьменнымі, нічога не ведалі.

Вяршыня сацыяльнай іерархіі калгаса — гэта «прэдседацель» і брыгадзір, ці брыгадзіры. Крыху ніжэй знаходзіліся «учотчыкі», яшчэ ніжэй — даяркі. На самым нізе — паляводы. Больш прэстыжнай лічылася пасада, дзе было менш фізічнай працы і большыя заробкі. Шмат было аповедаў пра даярак, якія нібыта былі каханкамі «прэдседацеля» ці брыгадзіра, таму і падняліся на гэткую «вышыню».

Важны элемент штодзённага жыцця — самагон як сродак вырашэння многіх праблемаў. У Заходняй Беларусі да вайны шмат не пілі. Самагон не гналі, бо польская дзяржава жорстка карала за гэта. А гарэлка каштавала вельмі дорага. Калі мы распытвалі пра вяселлі, то рэспандэнты казалі, што на сталах стаяла некалькі г.зв. «кручкоў» (бутэлька аб’ёмам чвэрць літра). Госці выпілі пару разоў, і на гэтым «п’янка» заканчвалася. На большае не было грошай. Пачалі актыўна гнаць самагон падчас вайны. Гэта таксама быў важны сродак выжывання. Хоць немцы забаранялі і маглі за гэта растраляць. А вось у пасляваенных калгасах без самагону было ўжо немагчыма. Ён замяняў грошы.

Змяніліся адносіны да працы. Можна сказаць, што працэс калектывізацыі ў Беларусі — гэта фактычна працэс рэфеадалізацыі беларускай вёскі. Працадні моцна нагадвалі колішнюю паншчыну. Зямля перастала быць каштоўнасцю. Гэта была ўжо калгасная, а не ўласная маёмасць.

Важная тэма — атэізацыя вясковага жыцця. Веру, як казалі нашыя суразмоўцы, «закрылі». Адна з удзельніц нашай экспедыцыі Таццяна Касатая, якая займаецца гісторыяй баптыстаў і пяцідзесятнікаў, цікавілася стаўленнем гэтых вернікаў да калгасаў. Аказалася, што яны без асаблівых пратэстаў ішлі ў калгасы, і бывалі выпадкі, калі калгас цалкам складаўся з баптыстаў і пяцідзесятнікаў. Іншым разам нават прэсвітар абшчыны станавіўся «прэдседацелем». Яны прызнавалі ўладу і не выступалі супраць яе.

Нават уступіўшы ў калгас, людзі добра памяталі пра сваю былую ўласнасць. Нам распавядалі, што падчас пасяўной мужыкі імкнуліся ў калгаснай стайні ўзяць «свайго» каня. А калі не атрымлівалася, то падыходзілі да работніка і тлумачылі, як абыходзіцца з канём. Кожны конь мае свой характар і трэба было ведаць, як ім кіраваць. «Прэдседацелі» спрабавалі змагацца з гэтым «прыватнаўласніцкім інстынктам», але не атрымлівалася.

І яшчэ некалькі момантаў зазначу. Я ўжо казаў пра калгас як форму эксплуатацыі. Цікава, што рэспандэнты не маглі дакладна прыгадаць, калі ім пачалі плаціць грошы за працу. Гэта было дзіўна, бо, як мне здавалася, гэта многае змяняла ў жыцці вяскоўца. Але, магчыма, заробкі былі такімі нязначнымі, што калгаснікі іх і не заўважылі. Затое вясковыя настаўнікі дакладна памяталі, колькі яны зараблялі ў 1950-1960 гады. Магчыма таму, што яны, у асноўным, жылі за зарплату, і яна была значнай ў параўнанні з тым, што калгаснікі атрымлівалі. А для апошніх гэтая падзея не стала рубяжом.

Паўстаюць праблемы інтэрпрэтацыі... Чаму рэспандэнты менавіта гэта ўспаміналі? Чаму дамінаваў пэўны пазітыў? Чаму зрэдку распавядалі пра гвалты і звычайна ва ўсіх бедах вінавацілі толькі мясцовых начальнікаў? Падчас штодзённых абмеркаванняў мы спрабавалі гэта зразумець.

І прыходзілі да высновы, што рэспандэнты баяцца шчыра распавядаць пра «цёмныя бакі» калектывізацыі, таму што застаецца страх. Людзі ж да гэтага часу жывуць у калгасах. Пра вайну ўжо гавораць даволі шчыра, пра тых жа партызан распавядаюць жахлівыя гісторыі, бо прайшло і мінула. А тут не мінула. Да гэтага часу нашыя рэспандэнты жывуць у калгасах, атрымліваюць калгасную пенсію, і таму, відаць, не выпадае шмат казаць пра негатыўныя моманты калектывізацыі і калгаснага жыцця.

Магчыма, пазітыў быў абумоўлены тым, што гэта была пасляваенная калектывізацыя. На фоне жахаў вайны ўсё, што адбывалася, асабліва страшна не выглядала. Ну і яшчэ звычка да цяжкай працы. Усё жыццё селяніна — гэта цяжкая праца. І калгас мала што змяніў.

Канешне, накладваліся ўспаміны пра дабрабыт ужо брэжнеўскіх часоў. Памятаю, што людзі казалі: «Дай вам Бог жыць так, як мы жылі тады». І грошы зараблялі добрыя, і гаспадарку мелі, і ўсё было дазволена.

Але, можа, галоўная прычына гэтага пазітыву і аповеду з усмешкай — прысутнасць у нашых суразмоўцаў адчування, што яны перамаглі ўсе беды. Менавіта тэма выжывання — галоўная тэма для калектывізацыі. Усё ж такі галоўнай каштоўнасцю для нашых рэспандэнтаў было і застаецца самое жыццё і тое, што спрыяе жыццю, дапамагае выжыць. А ўсё, што выклікае рызыку, што ставіць пад пагрозу жыццё, дабрабыт, гэта не прымаецца. Да гэтага ставяцца вельмі насцярожана.

І напрыканцы хачу адзначыць, якія з пытанняў нашага апытальніка асабліва добра «працавалі». У прыватнасці, гэта пытанне, ці былі ў партыі? Чаму ўступілі ці не ўступілі ў партыю? Гэтае пытанне часта ўносіла дысананс у той пазітыўны настрой, з якім апавядалі, напрыклад, пра калгасны дабрабыт. Большасць нашых рэспандэнтаў у партыю не ўступалі, а некаторыя нават адмаўляліся адказваць на гэтае пытанне. Пачынаеш разумець, што за ўсім гэтым пазітывам ёсць нешта іншае, пра што не хочуць казаць. А, здаецца, простае пытанне...

Таксама добра працавала пытанне пра помнік «кулаку». Яно спачатку ў ступар ставіла рэспандэнтаў, пасля яны пачыналі разважаць і звычайна прызнавалі, што ўсе яны былі працавітыя і добрыя гаспадары і заслугоўваюць помніка.

Зараз думаем над іншымі пытаннямі, якія, магчыма, задамо падчас наступнай экспедыцыі. Яна плануецца на Гарадзеншчыну, каб папрацаваць у каталіцкіх і колішніх шляхецкіх вёсках. Як шляхта ставілася да калектывізацыі? Спадзяюся атрымаць цікавы матэрыял для параўнання...

Т.В.: Вы пачыналі з тэзіса, што праз гэтыя даследаванні можна ўбачыць, як людзі адчувалі змену ўкладу жыцця. Слухаючы, я думаю, а ці сапраўды была гэтая змена ці гэта мы прыпісваем? А можа, проста жыццё працягваецца — ну, перайменавалі «пана» ў «прэдседацеля», прыстасаваліся і не адчулі ніякай змены. Ці не?

А.С.: Калі разглядаць літаратуру, прысвечаную калектывізацыі, то відавочная кардынальная ломка. У Заходняй Беларусі, пачынаючы з 1861 года, людзі ўжо былі гаспадарамі. Яны мелі сваю зямлю, сваю маёмасць. Самі распараджаліся сваім жыццём. Мы разумеем, што гэтая свабода даволі адносная. І тым не менш... Тое ж у міжваенны час у Польшы. У 1930-я гады вяскоўцы пачалі жыць больш-менш багата, ровары з’явіліся ў вёсках. Людзі ўсё ж былі гаспадарамі свайго лёсу, а потым ператварыліся ў калгаснікаў, якія страцілі маёмасць, працавалі за «палачкі», з цяжкасцю маглі пакінуць вёску...

А вось калі размаўляеш з людзьмі, то гэтыя перамены бывае складана зафіксаваць. Можа, трэба карыстацца метадам антараполагаў, якія працяглы час кантактуюць са сваімі рэспандэнтамі. А можа, усё тлумачыцца толькі тым, што мы размаўляем з людзьмі, якія не былі гаспадарамі падчас калектывізацыі. Тагачаснай моладзі было лягчэй прыняць гэтыя перамены. Раней працавалі на сваёй зямлі, дзе ўсім кіраваў бацька, зараз на калгасным полі, дзе кіруе «прэдседацель». Пры тым, і ў горад можна з’ехаць, адукацыю атрымаць... Можа, гэта адыгрывае сваю ролю. Але тады паўстае іншае пытанне: чаму тыя бацькі і дзяды не падзяліліся ўласным уражаннем ад калектывізацыі з дзяцьмі і ўнукамі? З гэтым маўчаннем мы часта сутыкаемся ў экспедыцыях. Унукі і ўнучкі, якія слухаюць аповеды бабулі, сядзяць раскрыўшы рот і пытаюцца: «Чаму ты нам пра гэта не распавядала?» Няма ў беларусаў звычкі дзяліцца ўласнымі ўспамінамі.

Пытанне з залі: А можа, тут варта прыгадаць Паўліка Марозава?

А.С.: Паўлік Марозаў — няшчаснае дзіця, з якога зрабілі невядома што. Тут — іншае. Людзям не хочацца казаць пра трагічныя падзеі. Маўляў: «Мы перажылі, а вам лепш пра гэта не ведаць». Я ведаю прыклад Польшчы, дзе ў савецкі час дамінавала сямейная гісторыя. Бацькі і дзяды казалі дзецям праўду пра Катынь, пра Армію Краёву... І гэтая праўда цалкам разыходзілася з дзяржаўнай ідэалогіяй. Дзецям было цяжка, бо яны ішлі ў школу, а там настаўнік казаў, што савецкія камуністы, а не гітлераўцы расстрэльвалі ў Катыні. Трэба было жыць паміж гэтымі праўдамі. У нас усё было лягчэй. Настаўнік кажа, а бабуля маўчыць, і дзед нічога не гаворыць.

У нас былі размовы з раскулачанымі, з тымі, хто вярнуўся з высылкі. Там было зусім іншае стаўленне. Яны не баяліся казаць праўду. Адчуваўся супраціў, жаданне адстойваць сваю пазіцыю, сваю праўду. Але такіх людзей сустракалі не шмат.

Пытанне з залі: Скажыце, наколькі цяжка псіхалагічна размаўляць з гэтымі людзьмі? Старыя людзі, калі ўспамінаюць тое, што іх узрушыла ў свой час, часта плачуць...

А.С.: Гэта цяжкая праца — браць такія інтэрв’ю, размаўляць пра трагічныя падзеі мінулага. Непазбежна пачынаеш спачуваць суразмоўцы, і эмоцыі забіраюць сілы. Гэта цяжкая праца — толькі што, разумееш яе неабходнасць. Ёсць гісторыя, якая напісаная даследчыкамі і сабраная ў падручніках. Яна заўсёды арыентаваная на нейкія дзяржаўныя, палітычныя ці нацыянальныя каштоўнасці і арыентыры. А ёсць варыянт гісторыі Беларусі, якую перажылі людзі. Ён часам цалкам разыходзіцца з гэтымі падручнікамі. Але ён павінен існаваць! Даследчыкі павінны ўлічваць гістарычную праўду, умоўна кажучы, «простага чалавека», які не ствараў гісторыю, ён яе перажываў. Гэтая гісторыя вельмі важная, яна прымушае даследчыкаў карэктыраваць свае погляды.

Пытанне з залі: Ці ёсць нейкі розглас вашых даследаванняў? Ці спасылаюцца на вашыя дадзеныя? Ці выкарыстоўваюць іх даследчыкі?

А.С.: Розгалас нязначны. Хоць мы маем шмат публікацый, артыкулаў, друкуем успаміны. Акадэмічная навука Беларусі не хоча прымаць вусную гісторыю. Спрабуе нас ігнараваць. Вы ж самі ведаеце сітуацыю ў гістарычнай навуцы. У нас да сёння застаюцца «чэсныя» і «нячэсныя» гісторыкі. Як жа «чэсным» гісторыкам узгадваць, што партызанаў сведкі вайны часта называюць «бандытамі»?.. Да таго ж, у адрозненні ад Польшчы ці Нямеччыны, дзе вусная гісторыя выкладаецца студэнтам, дзе існуюць адмысловыя семінары ды інш., у нас у дзяржаўных адукацыйных інстытуцыях з ёй не жадаюць мець справы. Нязручная яна з пункту гледзішча афіцыйнай ідэалогіі... Іншая справа — грамадская зацікаўленасць, якая паступова ўзрастае.

Т.В.: Мне падаецца, што гэта ўвогуле неадэкватная спроба: усунуць вусную гісторыю ў гісторыю. Калі кажуць, што гісторыя — гэта пра факты, то бок пра нейкія аб’ектыўныя рэчы, то архіў вуснай гісторыі туды не ўкладаецца. «Тут напісана так, а тут бабуля сказала па-іншаму» — зразумела, што гэта наўрад ці можа быць аргументам. Але там пра факты, а тут пра памяць, і гэта розныя прадметы.

А.С.: Можна і трэба гэта выкарыстоўваць. Але пакуль мы працуем больш для сябе. Падручнікі па гісторыі выходзяць без нас...

Гл. таксама:

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал
«Думать Беларусь»!


Другие публикации