Кнiгi |
-
Беларуская грамадзянская супольнасць 2015-2021: ад стабільнага развіцця да новых выклікаў. Зборнік артыкулаў
Гэты зборнік першапачаткова задумваўся як традыцыйны агляд стану і развіцця беларускай грамадзянскай супольнасці за папярэдні перыяд. У фокусе ўвагі павінны былі быць 2015-2020 гады — параўнальна спрыяльны перыяд як для трэцяга сектара, так і для эканамічнага і сацыяльнага развіцця Беларусі ў цэлым. Чарговая палітычная «адліга», якая пачалася ў 2014-2015 годзе, зацягнулася ажно на пяць гадоў, і нягледзячы на адсутнасць структурных рэформ і сутнасных змен самога характару палітычнай улады ў краіне, эканамічныя і інстытуцыйныя ўмовы для развіцця СМІ, бізнесу, арганізацый і ініцыятыў грамадзянскай супольнасці паляпшаліся, колькасць ступеняў свабоды ўзрастала.
Аднак надзеі некаторых экспертаў, дзеячоў трэцяга сэктара і бізнэсу, якія разлічвалі на магчымасць эвалюцыйнага «дрэйфу» беларускага рэжыму ў бок дэмакратычнага ладу, не апраўдаліся. Напружанне стала нарастаць у 2019 годзе, калі распачатая Расіяй гульня ў «паглыбленне інтэграцыі» паставіла пад пытанне захаванне беларускага суверэнітэту. Найбольш дальнабачныя аналітыкі ўжо тады папярэджвалі, што 2020 год — год прэзідэнцкіх выбараў — стане паваротнай кропкай у далейшым развіцці краіны. Сваю ролю ва ўзмацненні гэтага напружання адыграла рэакцыя беларускай улады на пандэмію COVID-19 — рэакцыя, якая не несла ў сабе нічога прынцыпова новага, аднак зрабіла відавочным стаўленне рэжыму да сваіх грамадзян для многіх беларусаў, якія да гэтага не вельмі цікавіліся, хто і як імі кіруе.
Вынікам гэтых працэсаў стаў самы маштабны за час існавання незалежнай Беларусі палітычны крызіс, які суправаджаўся высокім узроўнем палітычнай мабілізацыі ў перыяд перадвыбарнай кампаніі, самымі масавымі і доўгатэрміновымі вулічнымі пратэстамі ў гісторыі незалежнай Беларусі — і самымі масштабнымі рэпрэсіямі супраць іншадумцаў. Пратэстны рух быў задушаны, ёсць загінулыя, тысячы людзей апынуліся за кратамі ці ў выгнанні, былі звольнены з працы і атрымалі «забарону на прафесію», ліквідаваны сотні грамадскіх арганізацый, незалежныя СМІ страцілі ўсялякую магчымасць легальнай дзейнасці ў краіне, любая незалежная ад дзяржавы актыўнасць стала пераследвацца. Краіна апынулася ў сітуацыі прававога дэфолту і міжнароднай ізаляцыі, праваахоўная і судовая сістэма беспярэчна выконвае рэпрэсіўныя функцыі, урэшце Беларусь аказалася ўдзельнікам вайны супраць Украіны на баку агрэсара.
Сёння, з перспектывы 2022 года, відавочна, што ні беларускі трэці сектар, ні Беларусь, ні рэгіён у цэлым ужо ніколі не вернуцца да ранейшага стану. Падзеі 2020-2021 года ў Беларусі і развязаная ў лютым 2022 года вайна ва Украіне так ці інакш прывядуць да сутнасных змен, як мінімум, у еўрапейскай прасторы. Аднак, нягледзячы на глабальнасць гэтых змен, мы лічым неабходным зафіксаваць тыя працэсы, тэндэнцыі, дасягненні, якія назапашваліся ў беларускім грамадстве і ў полі дзейнасці грамадскіх арганізацый у папярэдні перыяд. Большасць з дасягнутага была змыта хваляй палітычнага крызісу і адбыўшыміся рэпрэсіямі, аднак ад гэтага яно не губляе сваёй каштоўнасці, у тым ліку — як аднаго з ключоў да разумення наяўнай сітуацыі.
Таму першая частка зборніка прысвечана суб’ектам, працэсам і тэндэнцыям у сферы арганізацый грамадзянскай супольнасці ў 2015-2020 гадах. Зборнік збіраўся доўга і цяжка, некаторыя тэксты, якія ў яго ўвайшлі, былі напісаны ў 2020 годзе і потым толькі крыху дапаўняліся, некаторыя пісаліся ўжо з перспектывы 2021 года, калі махавік рэпрэсій раскручваўся напоўніцу, таму яны могуць здавацца некалькі разнастайнымі. Частка аўтараў зборніка (актывісты арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС), даследчыкі і аналітыкі) была вымушана пакінуць Беларусь, некаторыя з тых, хто застаецца ў краіне, вымушаны хавацца пад псеўданімамі праз небяспеку пераследу. Акрамя аналізу развіцця грамадскіх арганізацый і ініцыятыў у традыцыйнай логіцы тэматычных напрамкаў дзейнасці (экалогія, сацыяльныя праекты, культура, нацыянальныя меншасці і да т.п.), у гэтым раздзеле мы паспрабавалі таксама закрануць некаторыя аспекты і інфраструктурныя працэсы, якія ствараюць новыя ўмовы для развіцця АГС — змены медыйнага асяроддзя, развіццё практык краўдфндынгу, з’яўленне новых тыпаў сацыяльных рухаў і арганізаванасцяў у сувязі з працэсамі дыгіталізацыі і г.д. Акрамя таго, асобная ўвага надаецца развіццю АГС у розных рэгіенах Беларусі. Гэта звязана з традыцыйнай для Беларусі дыспрапорцыяй развіцця трэцяга
сектара паміж сталіцай і рэгіёнамі, якая стала пакрысе пераадольвацца якраз у папярэднія перад палітычным крызісам гады, і нам падаецца важным зафіксаваць гэтыя працэсы.
Другая частка зборніка прысвечана спробе хаця б часткова апісаць і асэнсаваць уласна падзеі 2020-2021 года — іх перадумовы, характарыстыкі, маштабы. Глыбокі і сістэматычны аналіз гэтых працэсаў яшчэ наперадзе, сёння ў беларускіх даследчыкаў відавочна недастаткова магчымасцяў і інструментаў для паўнавартаснага апісання гэтага дынамічнага перыяду. Тэксты ў гэтай частцы могуць быць даволі дыскусійнымі і нават правакацыйнымі, але мы спадзяемся, што яны стануць унёскам не толькі ў фіксацыю, але і ў разуменне і інтэрпрэтацыю складаных і супярэчлівых працэсаў гэтага этапу беларускай гісторыі.
Беларуская грамадзянская супольнасць 2015-2021: ад стабільнага развіцця да новых выклікаў. Зборнік артыкулаў. — Варшава: Выдавецкае агенцтва «ЭкаПрэсc», 2022.
ISBN 978-83-67471-00-8
Спампаваць кнігу...
Каментарыі і дыскусіі
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»