Палітычны сезон распачаўся (Відэа)

22.09.2011
Вольга Жарнасек, Belsat.eu

Палітычная гарачая восень, якую абяцаюць апазіцыйныя актывісты, мела распачацца з акцыі маўклівага пратэсту, што адбылася напярэдадні. На вуліцы, аднак, выйшла нязначная колькасць людзей. Ці можна паводле першай восеньскай акцыі меркаваць пра рэшту палітычнага сезону? І ці чакае нас і краіну яшчэ сёлета пераломны момант?

Серада. 19-я гадзіна. Гэты час у пэўным сэнсе стаў выпрабавальным. Да апошняга моманту было цяжка вызначыць, ці адбудзецца сапраўдны пратэст, перадумовы для якога былі вельмі сур’ёзныя.

Уладзімір Мацкевіч, метадолаг:

«Людзі ўсё больш і больш адчуваюць інфляцыйнае зніжэнне заробкаў, іхных даходаў, прыбыткаў, і людзі думаюць, як з гэтым жыць».

Адзін з варыянтаў — выйсці на вуліцы, як гэта было ўчора, каб выказаць незадаволенасць.

Удзельнікі акцыі:

«Мы не задаволеныя ўсім, што адбываецца ў нас у краіне».

«Хочацца нармальнага, здаровага еўрапейскага жыцця. Здаецца, цэнтр Еўропы, а жывем горш за Туркменістан».

«Адзін чалавек не можа вырашаць усё, як гэта робіцца ў нас».

Але адной незадаволенасці мала, калі няма канкрэтнай мэты, кажуць эксперты. Таму першая акцыя адноўленых маўклівых пратэстаў не стала масаваю.

Андрэй Ягораў, палітолаг:

«Тая праблема, якая прывяла да заканчэння акцыяў, а менавіта — адсутнасць выразнай мэты, нейкіх пазітыўных стымулаў удзелу ў гэтых акцыях і ўрэшце страта ўсялякага сэнсу гэтых акцыяў, — яна не была вырашаная».

Але гэта таксама азначае, што калі мэта вызначыцца, людзі вернуцца на вуліцы. Тым больш, калі іх і надалей не будуць разганяць.

Таму перад уладамі паўстала цяпер цяжкая дылема. З аднаго боку — пратэставыя настроі, якія пры такой эканамічнай сітуацыі могуць вырасці. З іншага — вымалёўваецца дыялог з Захадам, які можа сарвацца, калі гэтыя пратэсты задушаць традыцыйным чынам.

Андрэй Ягораў, палітолаг:

«Еўрапейскі кантэкст сёння ўплывае. Прынамсі да саміту Усходняга партнёрства, да 29 верасня, я думаю, яны будуць устрымлівацца ў дачыненні ўдзельнікаў масавых акцыяў».

Акрамя маўклівых пратэстаў апазіцыйныя лідары плануюць «Народны сход», які адбудзецца 8 кастрычніка, ужо пасля саміту. Хоць, мяркуюць эксперты, калі б і ўчорашняя акцыя была больш маштабнаю, улады маглі б зрэагаваць іначай.

Уладзімір Мацкевіч, метадолаг:

«Калі не было ні масавых акцыяў, ні нейкай небяспекі, то яны нікога і не хапалі. Але ж падрыхтаваліся да гэтага! І калі б была падстава, то былі б жорсткія дзеянні».

Таму развіццё падзеяў у гэтым палітычным сезоне будзе залежаць найперш ад масавасці пратэстаў. Бо, як паказаў леташні снежань, больш за ўсё ўлады баяцца не рэакцыі Захаду, а тысячаў людзей, што выйшлі на плошчу тады ды могуць выйсці зноў.

Belsat.eu


Другие публикации