Не ўсё хакей... (Відэа)

17.03.2012
Алесь Залеўскі, Belsat.eu

З-за дзеянняў уладаў — пад пагрозаю прэстыж краіны. Міжнародная супольнасць усё больш рашуча заяўляе пра неабходнасць пазбавіць Беларусь права праводзіць Чэмпіянат свету па хакеі, бо з-за парушэння правоў чалавека нашая краіна набыла ў вачах замежнікаў сумнеўную рэпутацыю. Цяпер жа пра гатовасць перагледзець месца правядзення Чэмпіянату заявіў і арганізатар спартовай імпрэзы — Міжнародная федэрацыя хакею.

Да чэмпіянату свету яшчэ амаль два гады, але яго галоўная гульня ўжо распачалася. Хоць і не на прасторах «Мінск-Арэны». А, сярод іншага, у зале Еўрапарламента.

Філіп Качмарэк, еўрадэпутат:

«Беларусь не мае быць гаспадаром Чэмпіянату свету ў 2014 годзе. Чаму? Бо гэтая імпрэза была б падставаю для пі-ару з боку Лукашэнкі».

З такою афіцыйнаю пазіцыяй заканадаўчы орган Еўрасаюза мае выступіць праз два тыдні. Балазе, згода ўсіх палітычных сілаў на гэта ёсць. Чаго не скажаш пра асноўны орган, якія прымае рашэнне. Яшчэ месяц таму кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі хакею катэгарычна выключала магчымы перанос, а сёння ў інтэрв’ю фінскай прэсе віцэ-прэзідэнт упершыню прызнаў праблемы з гаспадаром турніру.

Канчатковае рашэнне мае быць прынятае на пачатку восені ў Японіі, хоць папярэдне гэта планавалася ў траўні.

Уладзімір Даўжэнка, спартовы журналіст:

«Яны вычэкваюць. А раптам да гэтага часу штосьці ў гэтай краіне ў цэнтры Еўропы створыцца, штосьці зменіцца, і тады пытанне само адпадзе».

У якім выпадку? Перадусім — пры вызваленні беларускіх палітвязняў ды аднаўленні прынамсі ранейшага ўзроўню дыпламатычных дачыненняў з Еўрасаюзам — дадаюць палітолагі. У адваротным выпадку еўрапейскія палітыкі і надалей будуць лабіяваць адмену чэмпіянату ў Беларусі.

Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«Гэта будзе вельмі паказальна — рэакцыя з боку міжнароднай супольнасці на сітуацыю ў Беларусі. Гэта будзе сведчыць пра тое, што парушэнне правоў чалавека недапушчальнае».

Гэтак, як здарылася ў справе Чэмпіянату свету 44 гады таму. Пасля акупацыі Чэхаславаччыны савецкімі войскамі турнір быў перанесены з Прагі ў Стакгольм. Тады, воляю лёсу, зборная каманда краіны акупантаў ды акупаваных сустрэліся на лёдзе. У выніку звышэмацыйнай гульні чэхаславацкія хакеісты перамаглі. І каму, як не двухразоваму чэмпіёну свету, а сёння еўрадэпутату Пэтэру Шцястнаму, ведаць, колькі каштуе падтрыманне ў такіх сітуацыях — з боку не толькі палітычнай, але і спартовай супольнасці.

Пэтэр Шцястны, дэпутат Еўрапарламента, Славаччына:

«Я хачу верыць у тое, што нацыянальныя дэлегацыі на наступным Кангрэсе хакейнай федэрацыі ў Хельсінкі прагаласуюць за фундаментальныя каштоўнасці сусветнай дэмакратыі».

Але Беларусь сёння — не Чэхія сорак гадоў таму. Дзякуй Богу, танкаў на вуліцах няма, і далёка не кожны ведае пра палітвязняў. Хоць шмат беларусаў здольныя зразумець намеры еўрапейскіх палітыкаў.

Жыхары Мінска:

«Шмат людзей у турмах сядзяць. За што?»

«Гэта больш-менш эфектыўны спосаб уздзеяння на нашую палітычную сітуацыю».

«Увогуле краіне гэта кепска, але... Далей без каментароў».

«Не заглыбляўся ў гэтае пытанне, але лічу, што Чэмпіянат будзе».

Пытанне — дзе? Сярод магчымых альтэрнатыўных месцаў правядзення турніру міжнародныя чыноўнікі разглядаюць Латвію. Гэтая краіна прымала Чэмпіянат чатыры гады таму.

Belsat.eu


Другие публикации