Андрэй Ягораў: Рэйтынгаванне чыноўнікаў — гэта не рэформа (Відэа)

20.04.2012
Belsat.eu

Мода на рэйтынгі дакацілася нарэшце і да беларускага кіроўнага істэблішмента. Урад цяпер замест вымоў або прэмій будзе чыноўнікаў рэйтынгаваць.

Паводле пастановы прэм’ер-міністра, рэйтынгавая ацэнка дзейнасці цяпер мае быць для дзяржслужбоўцаў асноўнаю. Яна датычыць як чыноўнікаў вертыкалі, гэтак і міністэрстваў, а таксама іншых арганізацый, якія падпарадкоўваюцца Савету міністраў. Для кожнага чыноўніка рэйтынг мае складацца з асобных крытэрыяў. Дзякуючы ім, урад мае намер зрабіць працу чыноўнікаў больш эфектыўнаю.

Паводле дырэктара Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэя Ягорава, новая сістэмы ацэнкі працы чыноўнікаў будзе больш персаніфікаваная. То бок кіраўнікі будуць несці асабістую адказнасць за працу ўсёй структуры.

«Гэта не рэформа ў поўным сэнсе гэтага слова. Гэта нейкія новыя адміністрацыйныя захады дзеля ўзмацнення адказнасці кіраўнікоў. Палепшыць працу дзяржапарата спрабуюць адміністрацыйнымі метадамі. Вядома, гэта не працуе, спрабуюць знайсці нейкія новыя выйсці, ды заўсёды ўсё выліваецца ў закручванне дадатковых гаек. На кіраўнікоў спрабуюць ускласці дадатковыя абавязкі ды ўскладніць іхную працу. Але без нармальнай рэформы якасных змен не будзе», — упэўнены Андрэй Ягораў.

Паводле адмыслоўца, кіраўнікі дзяржапаратаў будуць ціснуць на падначаленых, а калі тыя не дадуць рады з падвышэннем сваіх рэйтынгаў, выкарыстаюць інструмент прыпісак, які застаецца адною з галоўных праблем беларускай бюракратыі.

«Як цяпер дзяржапарат закрыты ад грамадскага кантролю, такім ён і застанецца. А гэтыя ацэнкі будуць выкарыстоўвацца, каб узмацніць адміністратыўны прымус зверху. Каб уладу наблізіць да грамадзян, трэба дэцэнтралізаваць дзяржапарат, увесці транспарэнтнасць, элементы электроннага кіравання і гэтак далей. Гэтага не робіцца, а шукаюцца цэнтралізаваныя захады дзеля ўзмацнення логікі працы», — кажа Ягораў.


Другие публикации