Еўрасаюз шукае, што неабходна Беларусі, каб стаць сучаснай

20.04.2012
Ігар Карней, Радыё «Свабода»

Як і якім зместам напоўніць новую ініцыятыву Еўрасаюза, накіраваную на ўсталяванне і развіццё канструктыўных адносін з Беларуссю?

Пра гэта ішла гаворка падчас круглага стала «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі Беларусі: выклікі і перспектывы», які адбыўся 20 красавіка ў Мінску пад эгідай Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і быў прысвечаны ініцыятыве ЕС «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі з Беларуссю».

Як адзначыў старшыня Часовага каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Уладзімір Мацкевіч, тое, што ініцыятыва ў сваёй назве ўтрымлівае слова «дыялог», мае на ўвазе калі не раўнапраўны, то, ва ўсялякім выпадку, раўнамерны ўдзел двух бакоў у працэсе выбудоўвання адносін: «Нам прапануецца асучасніцца, а не даганяць Польшчу, Літву і іншыя краіны», — выказаў сваё бачанне сітуацыі спадар Мацкевіч.

Разам з тым, супрацоўнік па палітычных пытаннях прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Рамунас Янушаўскас адзначыў, што беларускія ўлады пакуль дэманструюць негатовасць да ўзаемадзеяння. Ён выказаў надзею, што ў далейшым будзе весціся дыялог як з урадавымі экспертамі, так і на галіновым узроўні, як гэта было раней. Пры гэтым спадар Янушаўскас заявіў, што праграма «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі з Беларуссю» мае шэраг мэт, адна з якіх — зразумець, што неабходна, каб Беларусь стала сучаснай краінай.

Як заўважыў у сваім выступе дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, еўрапейскі дыялог — гэта працэс, які пакуль не напоўнены зместам: «І наша задача яго туды ўнесці», — падкрэсліў спадар Ягораў, звяртаючыся да прадстаўнікоў грамадскіх і палітычных аб’яднанняў.

29 сакавіка 2012 году ў Бруселі еўракамісарам па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыцы суседзтва Штэфанам Фюле было абвешчана пра запуск «Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі з Беларуссю». Працэс дыялогу адкрыты для ўдзелу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазыцыі і, пры наяўнасці адпаведных умоў, беларускіх уладаў. «Еўрапейскі дыялог» закліканы сфармуляваць яснае бачанне сучаснай дэмакратычнай Беларусі: прапанаваць пакет рэформ, неабходных для мадэрнізацыі краіны; вызначыць патэнцыял і інструменты магчымай падтрымкі рэформ з боку ЕС, уключыць у працэс мадэрнізацыі Беларусі практычны вопыт пераходнага перыяду краін ЕС.

Радыё «Свабода»


Другие публикации