Рэзалюцыя Канферэнцыі Нацплатформы грамадзянскай супольнасці (Мінск, 1 чэрвеня 2013 года)

03.06.2013
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Па выніках адбыўшайся 1 чэрвеня 2013 года ў Мінску Канферэнцыі Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці яе ўдзельнікамі была прынята рэзалюцыя, тэкст якой прапануем вашай увазе.

Рэзалюцыя

Канферэнцыі Нацыянальнай платформы
Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства:

«Паміж Усходнім партнёрствам і Еўрапейскім дыялогам па мадэрнізацыі»

Мінск, 1 чэрвеня 2013 года

Мы, удзельнікі Канферэнцыі Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга парнёрства, грунтуючыся на падставах Мемарандума аб супрацоўніцтве ў межах Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга парнёрства, падзяляючы каштоўнасці і мэты ініцыятыў ЕС «Усходняе парнёрства» і «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам»:

  • вымушаны канстатаваць адсутнасць паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Безпадстаўнае ўтрыманне палітычных вязняў, наяўнасць смяротнага пакарання, абмежаванне свабоды слова, асацыяцый, сходаў, сталае пагаршэнне ўмоў для вядзення грамадска-палітычнай дзейнасці застаюцца неад’емнымі элементамі палітыкі беларускіх уладаў;
  • вітаем спробы Еўрапейскага Саюза распачаць новы этап дыялогу з Беларуссю пры выкананні беларускімі ўладамі прынцыповай і галоўнай умовы — неадкладнага вызвалення беларускімі ўладамі ўсіх палітычных вязняў — і наяўнасці заўважных змен да паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека;
  • звяртаем увагу на неабходнасць перагледзець шэраг фармулёвак першапачатковай версіі даклада Еўрапарламента па Беларусі (кіраўнік — дэпутат Юстас Палецкіс) для абгрунтаванай і дакладнай ацэнкі грамадска-палітычнай сітуацыі і стану правоў чалавека ў нашай краіне;
  • яшчэ раз падкрэсліваем, што палітыка беларускіх ўладаў застаецца асноўнай перашкодай для развіцця еўрапейска-беларускіх адносін;
  • выказваем занепакоенасць з прычыны магчымых спроб увядзення асобных фарматаў узаемадычыненняў Еўрапейскага Саюза з беларускімі ўладамі без удзелу грамадзянскай супольнасці і без адпаведнага ўліку яе інтарэсаў;
  • вітаем развіцце «Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізаці з беларускім грамадствам» і лічым неабходным пашырэнне паўнавартаснага ўдзелу грамадскіх арганізацый і ініцыятыў у яго працы як аднаго з галоўных зацікаўленых бакоў у межах гэтай ініцыятывы;
  • заклікаем Еўрапейскі Саюз да большай каардынацыі паміж ініцыятывамі «Усходняе парнёрства» і «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі з беларускім грамадствам» з актыўным выкарыстаннем патэнцыялу арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі і краін ЕС;
  • падтрымліваем ідэю правядзення канферэнцыі арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Вільнюсе напярэдадні трэцяга Саміта краін Усходняга партнёрства;
  • выказваем занепакоенасць у сувязі з мэтанакіраваным ціскам уладаў на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў Расійскай Федэрацыі, а таксама выразнай тэндэнцыяй яшчэ большага абмежавання магчымасцей дзейнасці грамадскіх арганізацый і ініцыятыў у Азербайджане; заклікаем нашых партнёраў і калег з краін Усходняга партнёрства праявіць салідарнасць з актывістамі грамадзянскай супольнасці Расіі і Азербайджана.

Спампаваць тэкст 

Гл. таксама зацверджаныя падчас Канферэнцыі дакументы:

Гл. відэазапіс канферэнцыі


Другие публикации