9-12 лістапада — Форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus: дзе пралягае мяжа?»

26.10.2020
Лятучы ўніверсітэт

9-12 лістапада ў Мінску пройдзе форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus» — падзея аб тым, як біятэхналогіі змяняюць чалавека, культуру, грамадскія адносіны, сацыяльныя і этычныя нормы.

На дыскусіях, выставах, форум-тэатры і чытках п’ес можна будзе задацца пытаннямі аб межах цялеснасці і здароўя, біятэхналогій і чалавечнасці, этыкі прагрэсу і разам шукаць на іх адказы.

У час, калі медыцына займаецца не толькі лячэннем, але і паляпшэннем чалавека, мы ўсе ператвараемся ў пацыентаў.

Зараз у кожнага ёсць права адрэдагаваць сваё цела і эмоцыі з дапамогай лекаў і працэдур. Да некаторых тэхналогій мы ўжо прызвычаіліся — медыкаменты і хірургічныя аперацыі сталі зразумелай часткай нашага жыцця. Але біятэхналогіі не стаяць на месцы, і тое, што здавалася фантастыкай, стала нашай рэальнасцю: эмоцыі можна «паправіць» антыдэпрэсантамі, дзіця за вас можа выносіць іншая жанчына, рэдагаванне генаў стала даступнай працэдурай.

Узнікае шэраг пытанняў:

  • Ці застанецца ў нас хоць нешта чалавечае, калі мы адрэдагуем усё — ад эмоцый да саміх генаў?
  • Ці зменіць медычны прагрэс грамадства?
  • Ці гатовыя мы да зменаў, якія ўжо адбываюцца?
  • Цяпер пра гэта кажуць толькі навукоўцы, медыкі і юрысты. Мы хочам абмеркаваць гэтыя пытанні з вамі.

Форум пройдзе 9-12 лістапада ў Культ. цэнтры «Корпус» (Мінск, прасп. Машэрава, 9, корпус 8).

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у Беларусі, на некаторыя афлайн-падзеі з праграмы будзе патрэбная папярэдняя рэгістрацыя. Падрабязную інфармацыю чытайце ў нашых акаўнтах у Facebook і Instagram.

4 дні — 4 фарматы:

Форум-тэатр, чытка п’есы, выстава, дыскусіі.

9 лістапада (панядзелак):

18:00 — Адкрыццё форума. Лекцыя Уладзіміра Мацкевіча: «Чалавек і яго мяжы: этычныя намаганні і культура».

10 лістапада (аўторак):

18:00-19:00 — «Медыкалізацыя і суб’ектнасць пацыента/ткі: сустрэча-гутарка з сацыёлаягам» Аксанай Луцкай (разам з праектам «Радзіны»);

19:00-22:00 — Форум-спектакль «СурМАМА» (тэатр «Крылы халопа»).

11 лістапада (серада):

17:00-18:30 — Экскурсія па экспазіцыі выставы «Мяжа чалавечнасьці» з куратарам і аўтарамі;

19:00-21:00 — Дыскусія: «COVID-19: этычныя, культурныя і сацыяльныя выклікі».

12 лістапада (чацьвер):

18:00-19:40 — «#НИЧЕГОСВЯТОГО». Чытка п’есы Н. Багаслаўскага (тэатр “HomoСosmos”);

20:00-22:00 — Круглы стол: «Медыцынскія і сацыяльныя нормы, хто і як іх змяняе?». Вынікі форума.

Падрабязная праграма і рэгістрацыя

10-13 кастрычніка 2019 года прайшла арт-лабараторыя Лятучага універсітэта «Homo [im]perfect: даследаванне межаў, практыкі, права», прысвечаная сацыяльных і культурных наступстваў тэхналагічных інавацый у медыцыне і біялогіі. Усе арт-праекты для форума былі створаны па выніках гэтай лабараторыі.

Арганізатарамі форума выступаюць: Лятучы універсітэт, тэатр «Крылы халопа», тэатр “Homo Cosmos”, праект «Радзіны», а таксама мастакі, даследчыкі, лекары і юрысты. Мы аб’ядналіся, каб абмеркаваць яшчэ не вельмі папулярную ў Беларусі тэму: як біятэхналогіі змяняюць чалавека на ўзроўні цела, эмоцый і як гэта закранае прававыя аспекты.

Да сустрэчы ў лістападзе!


Другие публикации