На ростанях інтэграцыі (Відэа)

15.09.2013
Усевалад Шлыкаў, Belsat.eu

Мытны саюз сёння пашырыўся на Арменію. На гэтым Масква не спыняецца і спадзяецца на ўдзел Ерэвана ў стварэнні Еўразійскага саюза. Праўда... Аб’яднаная Еўропа мае сумневы, што да сумленнасці захадаў, якімі пашыраецца інтэграцыя на Усход.

Эксперты ж сумняюцца, што ў еўразійскага праекта ёсць доўгатэрміновыя перспектывы.

Вось так, амаль левітанаўскім голасам абвесцілі пра далучэнне Арменіі да Мытнага саюза. Масква абяцае дапамагчы куляючай эканоміцы Ерэвана, калі толькі інтэграцыя не спыніцца і краіна ўвойдзе ў Еўразійскі саюз.

Разам з гэтым Расія намякае, што Арменіі варта паспяшацца, бо новы саюз стане рэальнасцю ўжо ў першы дзень 2015 года.

Андрэй Сляпнёў, міністр гандлю Еўразійскай эканамічнай камісіі: «Нам трэба імкнуцца да таго, каб Арменія стала сузаснавальніцаю Еўразійскага эканамічнага саюза, і гэта ставіць задачу за гэты год з чымсці правесці вялікую працу ў нармалізацыі заканадаўства».

Тым часам Брусель звяртае ўвагу на тое, што краіны-ўдзельнікі Усходняга партнёрства інтэгруюцца з Расіяй зусім не з добрай волі.

Карл Більдт, міністр замежных спраў Швецыі: «На Арменію, відавочна, моцна ціснулі, я таксама бачу, як Расія пагражала Малдове як адключэннем паставак газу, гэтак і адмоваю ад экспарту віна. Гэта звычайная пагроза эканамічнаю вайною».

Безумоўна, для лаяльных саюзнікаў у Крамля знойдзецца і пара пернікаў, напрыклад, у якасці зніжкі на газ ці стабілізацыйнага крэдыта. Пытанне ў тым, ці будзе дастаткова ў Расіі сродкаў на прымусова-добраахвотную інтэграцыю.

Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі: «У Расіі няма рэсурсаў, каб паўплываць на палітыку Малдовы, Украіны. І нават у яе няма рэсурсаў, каб паўплываць на палітыку Беларусі, калі Беларусь пастановіць змяніць геапалітычны вектар».

Апошнімі гадамі гэты вектар застаецца нязменным. Дый не сакрэт, што Расія ёсць стратэгічным партнёрам для Аляксандра Лукашэнкі, што дапамагае ўтрымліваць уладу. Але ці ідзе Мытны саюз на карысць краінам, а не палітыкам?

Андрэй Ягораў: «У стратэгічным сэнсе гэтыя краіны нічога не набываюць у Мытным саюзе. Там няма ані тэхналогій, якія мы можам набыць, ані выгодаў значных ад свабоднага гандлю з гэтымі краінамі».

Таму ў выпадку любога палітычна-эканамічнага канфлікта Мінск пачынае асцярожна шукаць падтрымання на Захадзе. Сёння за раўнапраўны дыялог у межах Усходняга партнёрства выказаўся міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Зацягвае з інтэграцыяй і Украіна, дзе Віктар Януковіч намагаецца балансаваць паміж прапановамі Бруселю і спакусамі Масквы. На нялёгкую сітуацыю для расійскіх саюзных праектаў звярнуў увагу і ўплывовы часопіс «The national interest».

«The national interest» — «Еўразійскі пясочны замак Крамля апліцца»: «Расія застанецца толькі з цяперашнімі чальцамі Мытнага саюза: Беларуссю і Казахстанам. Але ні прэзідэнт Лукашэнка, ні прэзідэнт Назарбаеў, якія кіруюць сваймі краінамі 19 і 23 гады адпаведна не схільныя ахвяраваць сваёй з цяжкасцю назапашанай уладаю на алтары невядомага Левіяфана».

Але ці ўрэшце дасць Аб’яднаная Еўропа рэальную альтэрнатыву Расіі? Даведаемся ў лістападзе падчас Віленскага саміта краінаў Усходняга партнёрства.

«Белсат»


Другие публикации