Расія ці Еўрасаюз? Няпросты выбар Украіны (Відэа)

09.10.2013
Belsat.eu

Ці павернецца Украіна канчаткова на Захад? Чым прыйдзецца заплаціць за такую пераарыентацыю і што нашыя суседзі атрымаюць наўзамен?

Пра гэта вядоўца праграмы «Размова Мацкевіча» гутарыць з нацыянальным каардынатарам Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства па Беларусі Андрэем Ягоравым.

Калі асацыяцыя Украіны з ЕС адбудзецца, то яна значна зменіць усю канфігурацыю на ўсходніх межах Еўрасаюза і паўплывае на сітуацыю ў рэгіёне. «Рэгіён будзе падзелены на дзве няроўныя часткі: тыя краіны, што імкнуцца да асацыяцыі з ЕС, і тыя, што застаюцца ззаду. Перадусім, гэта Беларусь і Азербайджан», — гаворыць госць праграмы.

«Тое, што цяпер можна атрымаць ад Мытнага саюза, — гэта кароткачасовыя энергетычныя субсідыі. Тое, што цяпер могуць атрымаць краіны, — вельмі важна, але не далучаючыся да працэсу збліжэння з Еўрасаюзам, мы губляем у развіцці. Сёння мы атрымаем троху грошай, але заўтра — губляем будучыню. Калі мы выбіраем толькі бліжэйшую перспектыву, то расплачвацца за гэты выбар давядзецца наступным пакаленням беларусаў», — падкрэслівае Андрэй Ягораў.

Ці паўстане перад падобным выбарам — паміж Захадам і Усходам — і нашая краіна? Глядзіце «Размову Мацкевіча».


Другие публикации