Улад Вялічка: Праблемы памiж ЕС i Беларусью — агульныя, прапановы дзеянняў — розныя

29.10.2013
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

28-29 кастрычнiка ў Вільні працавала міжнародная канферэнцыя «Стратэгіі будучай палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі».

У пэўным сэнсе, канферэнцыя з’яўляецца заменай «Мінскаму форуму», правядзенне каторага ў штогадовым рэжыме стала немагчымым пасля палітычных рэпрэсій 2010 года.

Сваімі ўражаннямі ад вiленскага мерапрыемства падзяліўся старшыня Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка:

— Нягледзячы на планы арганізатараў па залучэнні да ўдзелу ў канферэнцыі прадстаўнікоў афіцыйных беларускіх уладаў (у папярэдняй праграме значыліся кіраўнік МЗС Уладзімір Макей і яго намесніца сп. Купчына) у зале не было ніводнага прадстаўніка афіцыйнага Мінска.

Першая дыскусія на тэму «Беларусь і Еўрасаюз: агульныя чаканні і ідэі» пакінула супярэчлівае ўражанне. З аднаго боку, быў падняты шэраг важных для будучага пытанняў: адсутнасць доўгатэрміновай стратэгіі ЕС у дачыненні да Беларусі, падзенне Беларусі ў парадку дня Усходняга партнёрства, супярэчлівасць інструментаў, якія ўжываюцца з боку ЕС, слабасць і некансалідаванасць праеўрапейскіх сіл унутры Беларусі.

У той жа час, на першай дыскусіі не атрымалася пайсці глыбей за пастаноўку гэтых пытанняў у накірунку пошуку рашэнняў. У аўдыторыі канферэнцыі існуе кансэнсус наконт кола праблем і нізкай ацэнкі стану беларуска-еўрапейскіх стасункаў напярэдадні Саміта Усходняга партнёрства. Аднак падыходы да пабудовы дзеянняў прагучалі розныя. З боку прадстаўнікоў ЕС асноўным агучаным падыходам стала “strategic patience”, у той жа час, абсалютная большасць прысутнічаючых у зале беларускіх удзельнікаў выказаліся за праактывную, а не рэактывную стратэгію ЕС, крокі, якія ЕС можна зрабіць у аднабаковым парадку, нягледзячы на незацікаўленасць у такіх стасунках афіцыйнага Мінска і не чакаючы згоды ад іх.


Другие публикации