Улад Вялічка: Нельга яшчэ больш паслабляць беларуска-еўрапейскія адносіны

04.11.2013
Беларускае Радыё Рацыя

У Мінску адбылася канферэнцыя Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. У пасланні да ўдзельнікаў Саміта Усходняга партнёрства, які пройдзе напрыканцы лістапада ў Вільні, удзельнікі канферэнцыі выказалі пажаданне, каб Еўрасаюз звярнуў больш пільную ўвагу на праблемы Беларусі.

Заклікае таксама беларускія ўлады да сапраўднай шматвектарнай палітыкі. Сёння заходні вектар знешняй палітыкі заўважна менш развіты, чым усходні, кажа Улад Вялічка, старшыня кансорцыума «ЕўраБеларусь»:

— Мы лічым важным згадаць прынцып шматвектарнасці і адрасаваць пасыл да рэгулярна цытуемага месэджа беларускіх уладаў. Мы ж гэтай шматвектарнасці не бачым. Ёсць розныя падыходы ў працэсах еўраінтэграцыі і еўразійскай інтэграцыі. Гэтыя тэмы вырашаюцца ў кабінетах тых, хто бярэ на сябе адказнасць за прыняцце рашэнняў. А грамадства ў гэтых абмеркаваннях не ўдзельнічае.

Для паляпшэння адносін з Еўрасаюзам Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці заклікае беларускія ўлады вызваліць палітзняволеных, прыняць удзел у Саміце Усходняга партнёрства ў Вільні на ўзроўні не ніжэй за кіраўніцтва МЗС.

* * *

Пасля Саміта Усходняга партнёрства ў Вільні Беларусь стане другарадным удзельнікам гэтай праграмы Еўрасаюза. Такую занепакоенасць выказвае Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і нацыянальны каардынатар Форума па Беларусі Андрэй Ягораў:

— Галоўным вынікам Саміта Усходняга партнёрства стане тое, што ўсе краіны будуць падзелены на дзве часткі. Зараз ужо можна чуць прапановы па раздзяленні Усходняга партнёрства на «перадавікоў вытворчасці» і «аўтасайдэраў». Будзе змяняцца парадыгма еўрапейскай палітыкі, а гэта можа прывесці да таго, што ўвага Еўрасаюза вельмі знізіцца да такіх краін, як Беларусь.

Аутсайдэрства Беларусі яшчэ больш паслабіць беларуска-еўрапейскія адносіны, кажа Андрэй Ягораў. Канферэнцыя Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства праходзіла 4 лістапада ў Мінску.

Беларускае Радыё Рацыя


Другие публикации