Уладзімір Мацкевіч: Партыя ўлады патрэбная Лукашэнку для гадавання кадраў

24.01.2014
Віталь Цыганкоў, Радыё «Свабода»

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён «быў бы не супраць узнікнення ў Беларусі палітычнай сілы ў выглядзе вядучай партыі».

Ці можна сказаць, што прэзідэнт Беларусі нарэшце пагадзіўся на ўтварэнне гэтак званай партыі ўлады? Каму больш патрэбна партыя ўлады — чыноўнікам альбо самому Аляксандру Лукашэнку? На гэтыя пытанні адказвае метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Размовы пра стварэнне «партыі ўлады» вядуцца даволі даўно, даўно існуе і грамадскае аб’яднаньне «Белая Русь», якое відавочна прэтэндуе на гэты статус. Аднак увесь час Лукашэнка адхіляў ідэі пераўтварыць «Белую Русь» у палітычную партыю. Ці кажуць ягоныя апошнія заявы, што ён памяняў свае меркаванні і цяпер паводле нейкіх прычын мае патрэбу ў партыі ўлады?

Уладзімір Мацкевіч: Калі аналізаваць разгорнутае выказванне Лукашэнкі, то яно супярэчлівае само па сабе. Бо стварэнне такой партыі Лукашэнка разглядае не як палітычны крок, а хутчэй як адміністрацыйны. Бо ён спасылаецца на неабходнасць абнаўлення кадраў і канкурэнцыі. Бо сапраўды, вертыкаль зараз вычарпала ўсе кадравыя рэсурсы. А ў партыі, калі б там ішлі нейкія ўнутраныя працэсы, калі б туды ўліліся шэраг прадзяржаўных НДА — тады б там можна было прыглядацца да новых кадраў.

І што б не казаў Лукашэнка, што «не трэба ствараць штосці падобнае на КПСС» — насамрэч з ягоных слоў вынікае, што менавіта як КПСС ці камсамол ён разглядае неабходнасць такой партыі. Як дапаможнік сваёй вертыкалі.

Віталь Цыганкоў: Раней палітычныя аналітыкі тлумачылі нежаданне Лукашэнкі ствараць партыю ўлады тым, што гэта можа сапсаваць ягоны вобраз «народнага прэзідэнта», якому непатрэбная нейкая свая партыя. Калі цяпер выглядае, што Лукашэнка можа пайсці на гэты крок — ці азначае гэта, што вобраз «народнага прэзідэнта» яму ўжо не так і важны?

Уладзімір Мацкевіч: Аналітыкі хутчэй выказвалі такое меркаванне, грунтуючыся на практыцы іншых краін, дзе абраны прэзідэнт часам выходзіць са сваёй партыі, каб дэманстраваць, што ён будзе кіравацца выключна агульнанацыянальнымі інтарэсамі. Дарэчы, самому Лукашэнку якраз не абавязкова быць у такой партыі. Тым больш яго менш за ўсё клапоціць палітычная роля такой партыі. Яго, як мне здаецца, непакоіць якраз гэтая кадравая вычарпанасць, немагчымасць аднаўлення апарата. Даводзіцца ўжо даўно перасаджваць людзей з месца на месца, бо новых кадраў няма. «Белая Русь» і БРСМ не выконваюць гэтыя функцыі.

Віталь Цыганкоў: Дык усё ж «партыя ўлады» больш патрэбна самому Лукашэнку ці наменклатуры, якая бачыць тут новыя магчымасці і перспектывы для сябе?

Уладзімір Мацкевіч: Я не думаю, што наменклатуры гэта моцна патрэбна. Бо яна звыклася ўжо з аўтарытарнай уладай Лукашэнкі і ведае, як сябе паводзіць. З нараджэннем партыі з’явяцца новыя акалічнасці, і не думаю, што чыноўнікі моцна ў гэтым зацікаўлены. Іх хутчэй прываблівае стабільнасць і зразумеласць правілаў гульні.

Але гэтае статус-кво даўно ўжо не задавальняе вышэйшае кіраўніцтва — самога Лукашэнку і тых чыноўнікаў, якія адказваюць за кадравы накірунак, і адчуваюць немагчымасць нейкага руху наперад з тымі кадрамі, якія ёсць.

Радыё «Свабода»


Другие публикации