Беларусы едуць у зону канвергенцыі з Украінай

12.04.2014
Алена Барэль, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Ці ведалі вы, што Мінск на працягу дзевяці месяцаў фактычна быў сталіцай гетманскай Украіны з «кватэрантам» Мазэпам? А тое, што менавіта тут пачаўся ўзыход Пятлюры на палітычны небасхіл?

Спрэчкі з навукоўцамі па дарозе ў невядомае

13 красавіка адбудзецца навуковая вандроўка на беларуска-ўкраінскае памежжа Берасцейшчыны, якую ладзіць Лятучы ўніверсітэт. Маршрут падарожжа: Мінск — Кобрын — Жабінка — Здзітава — Бярэсце — Збірагі.

Пра адмысловы фармат вандроўкі распавядае каардынатар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская:

— Гэты фармат змяшчае дзве рэчы. Па-першае, навуковая вандроўка — гэта магчымасць паглядзець сваю краіну, мы ездзім і вывучаем розныя месцы. А па-другое, заўсёды ў гэтай вандроўцы ёсць лекцыя, якая ідзе фактычна цягам усяго падарожжа. Звычайна едуць адзін ці два лектары, якія разгортваюць перад слухачамі нейкую тэму.

Тэма можа быць звязаная не толькі з тым краем, куды едуць, але і з нейкімі праблемамі. Напрыклад, з праблемамі гістарычнай памяці, ці з праблемамі разумення суадносінаў культураў, якія, дарэчы, разглядалі падчас падарожжа ў Пінск.

Лекцыя праходзіць з дэманстраваннем прадметаў гаворкі, то бок вандроўнікі едуць, глядзяць навокал, на тое, што адпавядае тэме, і дыскутуюць, абмяркоўваюць. Звычайна напрыканцы дыскусіі ёсць магчымасць асобна задаваць лектарам пытанні, з намі заўсёды вандруюць зацікаўленыя людзі. Нават праводзяцца апытанкі і конкурсы па матэрыяле.

Маршруты абіраюць самі лектары. Гэтым разам — гісторыя і культура суадносін беларусаў і ўкраінцаў, у тым ліку ў сучасным вымярэнні.

Фармат нашых вандровак — абсалютна вольны,  далучацца могуць усе жадаючыя.

Дакрануцца да ўкраінскіх «зорак»

Вядучымі гэтай вандроўкі будуць бібліст, багаслоў, доктар сакральнай тэалогіі і доктар філасофіі Ірына Дубянецкая, а таксама літаратар, гісторык мастацтва і культуролаг Сяргей Харэўскі, які дзеліцца падрабязнасцямі запланаванага падарожжа:    

— Перад усім, гэты маршрут быў прапанаваны самімі слухачамі ў кантэксце таго, што тэма Украіны стала трэндам. Мы адкладалі гэтую тэму да лепшых часоў, але арганізавалі падарожжа зараз.

Беларусь звязана з імем Піліпа Орліка, аўтара першай Канстытуцыі Украіны, які нарадзіўся ў вёсцы Касута на Вілейшчыне, з імем Івана Мазэпы, гетмана Украіны, які дзевяць месяцаў кватэраваў у Мінску, і фактычна Мінск тыя дзевяць месяцаў быў сталіцай гетманскай Украіны. Таксама з Мінску пачыналася палітычная біяграфія Сымона Пятлюры — менавіта ў  Мінску ён быў абраны ўкраінскімі жаўнерамі і афіцэрамі сваім дэлегатам.

Таму адносна беларуска-ўкранскіх сувязей пагаварыць ёсць пра што. Але найчасцей мы забываем ці не хочам зварачаць увагу на тое, што кавалак Беларусі, яе паўднёвы захад, некалькі раёнаў вакол Бярэсця, лічыліся да 1939-га года этнаграфічным, этнічным абшарам украінскага народу. Беларусы жылі там церазпалосна з украінцамі. Менавіта з гэтага края паходзяць дзесяткі імёнаў слынных украінскіх літаратараў, грамадскіх дзеячоў.

Сярод «зорак» першымі, лічу, варта назваць Змітра Фалькіўскага, які нарадзіўся пад Кобрынам і якому там усталявалі помнік, а таксама Астапа Лапскага, найбуйнейшага ўкраінскага пісьменніка, які памёр некалькі гадоў таму.

Мы вырашылі праехаць вось гэтым абшарам, дзе беларуская мова спрадвеку суседзіла з украінскай, дзе да 1939 года дзейнічалі ўкраінскія школы, таварыства «Просвіта» і дзе, магчыма, засталіся нейкія сляды той, даваеннай украінскасці. Узгадаць імёны тых, хто там нарадзіўся, а таксама наведаць у Бярэсці помнік Тарасу Шаўчэнку, мужчынскую берасцейскую гімназію, у якой вучылася, апроч нашага Аляксандра Цвікевіча, багата розных дзеячоў украінскай культуры і навукі.

Бонусам стане наведванне двух старэйшых у Беларусі драўляных храмаў, чый век ужо складае паўтысячы гадоў: цэркваў XVI стагоддзя ў вёсках Здзітава і Збірагі. Будзе магчымасць пабачыць іх па дарозе.

Такім чынам, тэма нашай лекцыі будзе беларуска-ўкраінскае памежжа, зона канвергенцыі Украіны і Беларусі. Мы паразважаем пра магчымы лёс гэтах краёў, як бы ён мог скласціся і што такое сёння для нас частка фактычна беларускай спадчыны, створанай на украінскай мове.

Даведка «ЕўраБеларусі»

Тым, хто жадае паспець далучыцца да навуковай вандроўкі пад назвай «Нерамантычнае падарожжа на Поўдзень. Берасцейшчына: беларуска-ўкраінскае памежжа», даведкі і запіс ажыццяўляюцца па кантактным нумары тэлефона арганізатараў: (+375 29) 1802838, а таксама па адрасе электроннай пошты: [email protected] (Святлана).

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»


Другие публикации