Беларусь застаецца ў другой лізе Усходняга партнёрства

23.06.2014
Радыё «Свабода»

У беларускім Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства перакананыя, што ў Беларусі няма адэкватных механізмаў рэагавання на агрэсію Расіі.

Новы старшыня Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Андрэй Ягораў ацаніў для Радыё «Свабода» перспектывы ініцыятывы ў цяперашніх умовах. Гутарка адбывалася пасля абрання спадара Ягорава на канферэнцыі Нацыянальнай платформы, якая адбылася ў мінулыя выходныя.

Андрэй Ягораў перакананы, што праграма «Усходняе партнёрства» знаходзіцца ў крызісе і патрабуе рэфармавання, бо ў сённяшнім выглядзе ініцыятыва з’яўляецца нежыццяздольнай.

Спадар Ягораў лічыць, што галоўная праблема Усходняга партнёрства ў тым, што праграма не можа адэкватна адказаць на тыя выклікі, якія стаяць перад усходняй палітыкай Еўрасаюза і краінамі-ўдзельнікамі партнёрства:

«Ва Усходняга партнёрства сёння няма адэкватных механізмаў рэагавання на агрэсію Расіі супраць Украіны, шантаж эканамічнага і геапалітычнага характару, які яна выкарыстоўвае да краін Усходняга партнёрства, каб блакаваць іх рух да больш шчыльных адносін з Еўрасаюзам».

Акрамя гэтага, кажа Ягораў, УП так і не стала дастаткова моцнай і арыгінальнай ініцыятывай, якая задавальняла б інтарэсам ўсяго рэгіёна. Андрэй Ягораў адзначае, што зараз адбываецца імклівае дыверсіфікаванне адносін ва Усходнім партнёрстве і атрымліваецца падзел на «дзве лігі»: на краіны, якія імкнуцца да асацыяцыі з Еўрасаюзам (Грузія, Малдова, Украіна), і тых, хто выпадае з гэтага працэсу (Беларусь, Арменія, Азербайджан). З апошняй групай Еўрасаюз фактычна не можа нічога зрабіць, каб садзейнічаць трансфармацыйным працэсам унутры гэтых краін.

Адной з прычын гэтай сітуацыі з’яўляецца тое, што палітыка Усходняга партнёрства ігнаруе геапалітычны фактар Расіі ў рэгіёне. Таксама можна канстатаваць, што Усходняе партнёрства засяроджана на фармальных працэсах адаптацыі норм еўрапейскага заканадаўства ў заканадаўства краін партнёрства, а з гэтага фармальнага працэсу выпадаюць тыя, хто рэальна зацікаўлены ў еўрапейскай інтэграцыі — грамадзянскія супольнасці.

«Трэба пашырэнне ініцыятывы ў палітычным сэнсе, — перакананы Ягораў. — Патрэбен больш шчыльны ўваход Еўрасаюза ў разуменне ўнутраных сітуацый у кожнай з краін, садзейнічанне таму, каб гэтыя праеўрапейскія гульцы ў большай ступені ўплывалі на ўнутраную палітыку краін. Гэтага Еўрасаюз па розным прычынам рабіць не хоча».

Зыходзячы з гэтага, рэфармаванне Усходняга партнёрства Ягораў бачыць па некалькіх напрамках. Па-першае, гэта развіццё супрацоўніцтва краін УП і ЕС па пытаннях бяспекі, якія сталі надзвычай актуальнымі ў сувязі з украінскім крызысам. Па-другое, пераарыентацыя сэнсаў праграмы ў бок больш выразнай еўрапейскай перспектывы для краін Усходняга партнёрства. Па-трэцяе, гэта большае пагружэнне ЕС ва ўнутраную сітуацыю ў краінах і ўцягванне ў інтэграцыйныя працэсы шырокіх колаў грамадзянскай супольнасьці:

«Гэта дэкларуецца, але па факту не робіцца. І гэта вельмі абмяжоўвае магчымасць праеўрапейскіх сіл ўплываць на трансфармацыйныя працэсы», — адзначае кіраўнік БНП.

Ягораў не чакае, што ў бліжэйшы час ЕС пачне весці больш актыўную і грунтоўную палітыку ў нашым рэгіёне — зараз наадварот можна казаць пра імкненне Бруселя ігнараваць крызыс усходняй палітыкі і кансерваваць сітуацыю. У лепшым выпадку нейкія змены ў палітыцы Еўрасаюза могуць адбыцца толькі пасля лістапада 2014 года, калі зменіцца склад Еўрапейскай камісіі і Службы знешніх дзеянняў. Ад новых людзей магчыма можна будзе чакаць нейкай перафармулёўкі палітыкі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне.

Кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч таксама упэўнены, што ў сённяшнім выглядзе Усходняе партнёрства нежыццяздольнае і павінна быць перафарматавана. Пры гэтым ён перакананы ў тым, што адзіным саюзнікам Еўрасаюза на шляху рэфармавання Усходняга партнёрства з’яўляюцца грамадзянскія супольнасці краін-удзельнікаў праграмы.

Паводле Мацкевіча, пры сённяшняй беларускай уладзе актыўны ўдзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве, або іншых еўрапейскіх інтэграцыйных ініцыятывах немагчымы:

«Гэта разумеюць нават тыя з еўрапейскіх палітыкаў, якія робяць выгляд, што гэта магчыма і наладжваюць узаемадзеяння з беларускай дзяржавай».

Але ўсе ўрады — часовыя, а палажэнне Беларусі як памежнай зоны паміж еўрапейская цывілізацыяй і Расіяй — вечнае. Таму, лічыць Мацкевіч, трэба будаваць доўгатэрміновыя планы, памятаючы што беларусы — гэта еўрапейская нацыя і наша гістарычнае месца ў Еўропе. У гэтым напрамку грамадзянская супольнасць сёння павінна весці працу з самасвядомасцю беларусаў.


Другие публикации