Выстава «Візуальныя вобразы гістарычнай памяці, альбо Вялікае княства Літоўскае на старажытных геаграфічных мапах»

21.07.2014
Лятучы ўніверсітэт

З 24 ліпеня па 31 жніўня 2014 года ў Мінску будзе працаваць выстава «Візуальныя вобразы гістарычнай памяці, альбо Вялікае княства Літоўскае на старажытных геаграфічных мапах».

Старажытныя мапы ўяўляюць сабой унікальныя артэфакты і валодаюць магічнай сілай. Гэта сваеасаблівыя парталы ў часе, візуальная машына часу, якая дазваляе нам вандраваць па розных часах і прасторах, гісторыях, мовах і культурах і праз гэта шукаць, разумець, суадносіць і канструяваць сябе ў новых кантэкстах і межах. Халсціны мап пагружаюць нас у свет вобразаў, ментальную, духоўна-эмацыйную прастору, у глыбіні нашага падсвядомага — туды, дзе нараджаецца чалавечае Я і ягоная культура. Да таго ж гістарычныя мапы — гэта каштоўнасць таксама і іншага кшталту, бо многія з іх з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва і выяўляюць жывапісную і друкарскую культуру сваёй эпохі.

Праз іх мы можам задаць сабе шэраг пытанняў:

  • У якой ступені сённяшнія «ментальныя і культурныя» межы беларусаў супадаюць ці адрозніваюцца з тымі межамі, якія мелі нашы землі напрацягу розных гістарычных перыядаў?
  • Якімі мы бачым сябе і сваю краіну скрозь стагоддзі розных вобразаў, меж і ўяўленняў?
  • Наколькі мапы здольныя ўплываць на нашу свядомасць і культуру?
  • У якой ступені сённяшнія «ментальныя і культурныя» межы беларусаў супадаюць ці адрозніваюцца ад тых меж, якія мелі нашы землі напрацягу розных гістарычных перыядаў?

Выстава «Візуальныя вобразы гістарычнай памяці, альбо Вялікае княства Літоўскае на старажытных геаграфічных мапах» будзе праходзіць з 24 ліпеня па 31 жніўня 2014 года ў Крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» (Мінск, прасп. Незалежнасці, 58, к. 6, 2-гі паверх).

Арганізатары выставы — Беларуская філасофская прастора, Лятучы ўніверсітэт, Выдавецтва «Эканомпрэс», Крэатыўная прастора «ЦЭХ» — прапануюць сёння зірнуць на старажытныя геаграфічныя мапы Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Еўропы і свету і паспрабаваць убачыць сябе ў іншым гістарычным ракурсе і масштабе, акунуцца ў свет вобразаў і дыскусій, якія могуць падштурхнуць нас да пераасэнсавання сваіх уяўленняў пра «межы» Беларусі.

Праграма мерапрыемст у межах выставы:

  • 24 ліпеня, 16.00 — Адкрыццё выставы з удзелам аўтара ідэі і арганізатараў, запрошаных культуролагаў і гісторыкаў. У якасці спецыяльнага госця на адкрыцці выступіць гурт старадаўняй музыкі «Брэвіс».
  • 1 жніўня, 18.00 — дыскусія з удзелам вядомых філосафаў, культуролагаў, дызайнераў: «Дзе ў Сусвеце плыве Беларусь?..» Як і дзе мы знаходзім сябе, у якіх межах вызначаем — геаграфічных, палітычных, культурных? Ці могуць мапы стаць сродкам «пошуку сябе»?
  • 13 жніўня, 18.00 — дыскусія з удзелам беларускіх гісторыкаў і сацыёлагаў: «Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння». Ці існуе беларуская картаграфія як асобная сфера? Якім чынам яна ўплывае на дызайн, адукацыю, навуку? Як і куды распрасціраюцца яе вынікі і эфекты?


Другие публикации