Таццяна Вадалажская: Сёлета ў Лятучага ўніверсітэта больш моцная плынь курсаў па гісторыі

06.09.2014
Алена Барэль, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Якія цікавосткі падрыхтавала для слухачоў праграма Лятучага ўніверсітэта на 2014-2015 навучальны сезон? І якую аўдыторыю спадзяюцца ўбачыць выкладчыкі?

9 верасня ў Лятучым універсітэце адбудзецца адкрыццё новага навучальнага года. Чым праграма пятага па ліку сезона збіраецца прывабіць слухачоў, і чым яна будзе адрознівацца ад папярэдніх?

Пра гэта карэспандэнт Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» пагутарыла з кандыдатам сацыялагічных навук, каардынатарам Лятучага ўніверсітэта Таццянай Вадалажскай.

— Што цікавага і адметнага рыхтуе праграма на 2014-2015 навучальны сезон?

— З аднаго боку, праграма ў нас застаецца такой, як і была: курсы, семінары, школы вакол майстраў, таксама плануюцца дыскусіі і камунікацыі ў межах канферэнцыі.

Наконт новага: мы зараз разглядаем тое, як трэба і магчыма рухацца па прасторы Лятучага, і спрабуем больш шчыльна працаваць з семінарамі — не шырокімі, навучальнымі, а хутчэй распрацоўчымі. Гэта будзе «Майстроўня біблійнага перакладу» Ірыны Дубянецкай, семінар па дыдактыцы «Уводзіны ў сістэмны падыход» Уладзіміра Мацкевіча, семінар па сацыяльнай аналітыцы Паўла Баркоўскага, і працягнецца яшчэ адзін семінар па метадалогіі.

І гэта больш шчыльныя групы, якія ўжо будуць працаваць над інтэлектуальным прадуктам. І зразумела, што туды запрашаюцца адмыслоўцы і, можа, тыя, хто калісьці праходзіў курсы і вылучыўся ў сваёй мэтанакіраванасці на супольную супрацу.

Што яшчэ адметнага? Неяк так склалася, што сёлета ў нас — больш моцная плынь курсаў і школ па гісторыі. Прычым, усе яны прапанаюць абсалютна розныя падыходы да гісторыі. І адзін з іх нават — гэта філасофія гісторыі, то бок месца, дзе якраз можна разабрацца з магчымасцямі мыслення гісторыі.

І, падаецца, вось гэты комплекс будзе вельмі важным у сённяшніх абставінах і ў тым, што мы прыцягваем гісторыю для рашэння сучасных праблем. Думаю, гэта вельмі цікава.

— А ці возьмуць удзел у праграме новыя выкладчыкі, навукоўцы?

— Так, будуць новыя людзі. Адна з найцікавейшых з’яў сённяшней інтэлектуальнай і культурнай прасторы Беларусі, як мне падаецца, — Міхаіл Баярын з тэорыяй «Свадзеі». Фактычна на другім матэрыяле — гэта матэматыка, я б сказала. Толькі іншая: матэматыка як мастацтва, як прыгажосць і як вельмі дасканалая сістэма.

Упершыню з намі будзе працаваць вось так шчыльна, як выкладчык Марына Сакалова, якая прапануе курс па супольнай гісторыі Еўропы. Будуць выкладаць яшчэ два гісторыка, якія раней з намі мелі супрацу, але ў іх не было курсаў ці школ: Алег Дзярновіч і Алесь Краўцэвіч.

Таксама некалькі курсаў будуць ад філосафаў, якія раней супольна распрацоўвалі курс філасофіі. Зараз гэты курс атрымае працяг, але філосафы таксама будуць выкладаць і паасобку. Гэта Зміцер Майбарада, Лілія Ілюшына, і вельмі цікавы курс, на маю думку, у Алішэра Шарыпава — «Прыкладная семіотыка».

Так што ў нас даволі моцная змена ці пашырэнне састава.

— Таццяна, на вашае гледзішча, ці маюць моц, у сэнсе грамадзянскага выхавання, семінары, лекцыі і курсы Лятучага? Ці назіралі асабіста вы пэўныя метамарфозы ў слухачах?

— Мне падаецца, што чакаць таго, што і ў справаздачах нельга. Маўляў, вось чалавек слухаў курс, атрымаў новыя веды і пайшоў рабіць нешта іншае, чым займаўся дагэтуль. Гэта падман самога сябе.

Але людзі змяняюцца! І гэтыя змены каштоўныя тым, што адбываюцца недзе ўнутры чалавека — у выбары шляху, у выбары супольнасцей і гэтак далей. І калі казаць пра грамадзянскае выхаванне, адукацыю, то пытанне не ў тым, каб ведаць свае правы і свабоды, магчымасці грамадскай актыўнасці, а пытанне менавіта ў магчымасці загартавацца ў гэтым сэнсе.

А гэта сёння патрабуе значных высілкаў як у мысленні, як ў аналітыцы, так і ў іншых гуманітарных арыентырах. Гэта тая прапанова, якая дае магчымасць самому чалавеку мысліць, супольна мысліць, засвойваць спосабы падыхода да мыслення. Таму яна найбольш каштоўная для грамадзянскага выхавання і адукацыі.

— Каго б вы жадалі бачыць сярод аўдыторыі вашага ўніверсітэта? Людзей з якіх сацыяльных груп, якога ўзросту?  

— Шчыра скажу: я была б шчаслівая бачыць тых, хто нядаўна скончыў ВНУ. Можа, гэта неабавязкова, але ВНУ — гэта звычайна інтэлектуальна-гуманітарная праца, і чалавек, які скончыў, пачынае зноў шукаць такой жыццёвай патрэбы.

Я з вялікай радасцю бачу тых людзей, якія сустрэліся з экзістэнцыйнай праблемай — не псіхалагічнага кшталту, а ў сэнсе пошуку адказаў на пытанні: «Што я раблю?», «А што мне трэба рабіць?»

І вось калі людзі прыхдзяць з такім накірункам, яны больш за ўсіх і самі бяруць і больш за ўсіх даюць універсітэту і тым, хто побач з імі. Напэўна, менавіта такія людзі адпаведныя задумам і планам Лятучага ўніверсітэта.

Больш падрабязную праграму новага навучальнага года ў Лятучым універсітэце можна знайсці тут або на сайце Лятучага ўніверсітэта.


Другие публикации