3-5 кастрычніка ў Коўне пройдзе IV Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі

01.10.2014
Паводле icbs.palityka.org

3-5 кастрычніка 2014 года ў Коўне (Літва) адбудзецца найбуйнейшая беларуская акадэмічная падзея года — IV Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі.

Больш за 450 навукоўцаў з 20 краін сустрэнуцца ва Універсітэце Вітаўта Вялікага дзеля абмеркавання вынікаў сваёй даследчай працы за год. Традыцыйна ў фокусе ўвагі Кангрэса будзе не толькі Беларусь, але і ўвесь рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Плануецца разгляд шырокай праблематыкі ад эканомікі, палітыкі, міжнародных стасункаў да гісторыі, лінгвістыкі ды праблем культуры.

3-га кастрычніка на пленарным пасяджэнні вядомыя інтэлектуалы — Мікола Рабчук (Украіна) і Ігар Бабакоў (Беларусь) — пазначаць асноўныя інтэлектуальныя і грамадскія выклікі, якія стаяць сёння перад краінамі нашага рэгіёна, асабліва ў кантэксце крызісу ва Украіне.

У межах секцый вялікая ўвага будзе нададзеная наступствам украінскага крызісу для Беларусі і рэгіёна (3-га кастрычніка), палітыцы Кітая ў дачыненні да краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (4-га кастрычніка), праблемам мясцовай палітыкі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе (3-га кастрычніка) і многім іншым праблемам.

У межах гуманітарнага блока плануецца разгляд праблем гісторыі Вялікага княства Літоўскага, гісторыі Беларусі ХІХ і ХХ стагоддзя, сучаснай беларускай культуры і літаратуры, гендэрных даследаванняў і г.д.

Праграму Кангрэса можна паглядзець па спасылцы.

У Кангрэсе возьмуць удзел супрацоўнікі Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі. У межах секцыі «Дзяржаўнае кіраванне, навука і адукацыя, грамадзянская супольнасць» прагучаць даклады:

  • Аксаны Шэлест: «Патэнцыял салідарнасці ў беларускай грамадзянскай супольнасці (па выніках даследавання)» (Панэль 4.4 «Беларуская грамадзянская супольнасць: стан і перспектывы» (ч. 1), 4-га кастрычніка (субота), 09.00-10.30);
  • Андрэя Ягорава: «Беларуская грамадзянская супольнасць: аналіз патэнцыялу салідарнасці» (Панэль 4.4 «Беларуская грамадзянская супольнасць: стан і перспектывы» (ч. 1), 4-га кастрычніка (субота), 09.00-10.30);
  • Святланы Анташкевіч: «Грамадзянская адукацыя ў Беларусі: магчымасці і перспектывы сацыяльнага партнёрства» (Панэль 4.5 «Беларуская грамадзянская супольнасць: стан і перспектывы» (ч. 2), 4-га кастрычніка (субота), 11.00-13.00);
  • Алёны Зуйковай: «Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў сістэме донарскай дапамогі ЕС для Беларусі: 2006-2012»  (Панэль 4.5 «Беларуская грамадзянская супольнасць: стан і перспектывы» (ч. 2), 4-га кастрычніка (субота), 11.00-13.00).

Акрамя гэтага, ў рамках Кангрэса пройдуць прэзентацыі кніг, даследчых і адукацыйных праектаў (4 кастрычніка), а таксама наданне Прэміі Кангрэса за найлепшую навуковую публікацыю ў 2012-2013 гадах па трох намінацыях: гісторыя, сацыяльна-палітычныя навукі, гуманітарныя навукі. Ацэнку прац, намінаваных на Прэмію, праводзілі больш за 30 экспертаў. Шорт-ліст прэміі, а таксама падрабязная інфармацыя пра яе знаходзіцца тут.

Кангрэс пачынае працу а 10-й гадзіне раніцы 3-га кастрычніка (пятніца) і завяршаецца а 14-й гадзіне 5-га кастрычніка (нядзеля).

Уваход вольны, але пажаданая рэгістрацыя на сайце Кангрэса.

Даведка:

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі заснаваны ў 2010 годзе прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці. Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй, у якой удзельнічаюць усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры, якія даследуюць палітыку, грамадства і культуру Беларусі. Акрамя таго, Кангрэс — гэта выдатная магчымасць дзеля распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену меркаваннямі і ідэямі, усталёўвання нефармальных сувязей з прадстаўнікамі экспертнай і акадэмічнай супольнасці Беларусі і іншых краін.

Паводле icbs.palityka.org


Другие публикации