Уладзімір Мацкевіч: Вылучэнне Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам магло б стаць часткай стратэгіі страйку

21.10.2014
Радыё «Свабода»

Вылучэнне палітвязня Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам ад апазіцыі дазволіць дэмсілам прадэманстраваць сваю еднасць, а таксама паспрыяе аднаўленню хвалі цікавасці да праблемы палітвязняў.

Такое меркаванне ў інтэрв’ю Радыё «Свабода» выказаў старшыня Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч.

Ідэя вылучыць адзіным кандыдатам ад апазіцыі Статкевіча з’явілася некалькі месяцаў таму. У прыватнасці, з такой прапановай выступаў кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў. Не выключаюць такога варыянта і шэраг іншых апазіцыйных палітыкаў. У мінулую суботу жонка Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла Радыё «Свабода», што сам палітвязень згодзен на вылучэнне, калі такое пагадненне сярод дэмсіл будзе дасягнута.

Уладзімір Мацкевіч падкрэслівае, што асабіста ён заўсёды выказваўся за тое, каб не ўдзельнічаць у выбарах.

«Адзіная саступка ў гэтай маёй прынцыповай пазіцыі тычылася менавіта вылучэння Статкевіча адзіным кандыдатам. Адзіным у пэўным сэнсе гэтага слова, каб не было ніякіх іншых апазіцыйных кандыдатаў. Гэтая ідэя мае дзве акалічнасці. Па-першае, тым самым апазіцыя магла б прадэманстраваць сваю еднасць, хай сабе і не вельмі моцную. Па-другое, гэта магло б паспрыяць аднаўленню хвалі цікавасці да палітвязняў і, можа, паспрыяць іх вызваленню. Што тычыцца саміх выбараў, то я па-ранейшаму лічу, што ўдзельнічаць у іх не трэба. Я разумею, што ніякага байкоту пры сённяшніх магчымасцях апазіцыя арганізаваць не здольная, але гэта павінен быць не байкот, а, скажам так, страйк патэнцыйных кандыдатаў», — адзначае Мацкевіч.

Зыходзячы з гэтай пазіцыі, самавылучэнне ці вылучэнне апазіцыйных палітыкаў кандыдатамі на гэтыя выбары ў пэўным сэнсе можна лічыць «штрэйкбрэхерствам». Але вылучэнне Статкевіча, які апрыёры не мае магчымасці ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях, дазволіць рэалізаваць стратэгію страйку.

«Страйк дасць магчымасць абмяркоўваць нашу палітычную сітуацыю з людзмі на іншых падставах. Бо калі ідзе размова пра тое, што ніякіх выбараў у краіне няма, а мы ў гэтым фарсе ўдзельнічаем, то тут атрымліваецца непаслядоўная пазіцыя. І да кандыдатаў, якія ідуць на выбары, кажучы, што выбараў няма, адпаведнае стаўленне. Таму страйк гэты патрэбен для катэгарычнай заявы, каб данесці Гораду і Свету, што сапраўды гэта не выбары, а маніпуляцыя ўладаў грамадскай свядомасцю. І калі мы так да гэтага ставімся, то так трэба не толькі гаварыць, але і дзейнічаць у адпаведнасці з гэтай пазіцыяй», — кажа Мацкевіч.


Другие публикации