«Народны рэферэндум»: шлях да перамен ці імітацыя дзейнасці?

31.10.2014
Радыё «Свабода»

Адміністратыўны пераслед валанцёра кампаніі «Народны рэферэндум» Уладзіслава Кошалева быў выкліканы неаднаразовымі заявамі Лідзіі Ярмошынай пра незаконнасць збору подпісаў у падтрымку рэферэндума, што чыноўнікі на месцах успрынялі як заклік да дзеянняў.

Пра гэта ў інтэрвію Радыё «Свабода» заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Я думаю, што менавіта паслухаўшы выступ спадарыні Ярмошынай, некаторыя асабліва пільныя прадстаўнікі ідэалагічнай вертыкалі вырашылі, што гэта для іх каманда, каб спыняць зборшчыкаў, што якраз і адбываецца. Пакуль нельга сказаць, што міліцыя ці нейкія іншыя сілавыя органы супрацьдзейнічалі збору подпісаў, а хутчэй можна казаць пра ініцыятыву на месцах асабліва пільных супрацоўнікаў ідэалагічнай вертыкалі. Я думаю, што ў будучыні ўлады якраз будуць працягваць тую палітыку, каб не заўважаць гэтай кампаніі, але ў тым выпадку, калі ініцыятыва будзе набіраць абароты, магчыма, тады пачнуцца нейкія больш сур’ёзныя супрацьдзеянні», — кажа Янукевіч.

Што тычыцца саміх заяў Ярмошынай, то, паводле лідэра Партыі БНФ, яна не мае рацыі.

«Мы неаднаразова звярталі ўвагу грамадскасці, што подпісы збіраюцца не ў межах закона аб рэферэндуме, подпісы збіраюцца ў межах закона пра звароты грамадзян. Грамадзяне маюць права збіраць подпісы, дзеля таго каб звярнуцца ў Палату прадстаўнікоў ці іншыя дзяржаўныя органы. І менавіта ў межах гэтага закона мы і перадалі першыя 50 тысяч подпісаў у Палату прадстаўнікоў. Чым болей такіх подпісаў будзе, чым болей будзе такіх зваротаў грамадзян, тым складаней будзе ўладам праігнараваць ініцыятыву аб правядзенні «Народнага рэферэндума», — лічыць старшыня Партыі БНФ.

Янукевіч адзначыў, што кіраўнікі «Народнага рэферэндума» разлічваюць сабраць сотні тысяч подпісаў, што дасць магчымасць ажыццяўляць ціск на дзяржаўныя ўстановы, каб тыя пачулі людзей. Паводле палітыка, поспехам «Народнага рэферэндума» будзе лічыцца правядзенне «сістэмных змен» у Беларусі.

Тэму «Народнага рэферэндума» апазіцыя плануе выкарыстоўваць і падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года, хоць гэтую ініцыятыву і лічыць «больш перспектыўнай і стратэгічнай».

«Натуральна, прэзідэнцкія выбары — гэта значная падзея, і мы намераны дастаткова шырока выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія будуць, дзеля таго каб прасоўваць ідэю «Народнага рэферэндума». У тым выпадку, калі будзе ў выніку дасягнута дамоўленасць пра адзінага кандыдата, мы, безумоўна, будзем прапаноўваць, каб асновай ягонай праграмы сталіся якраз пытанні «Народнага рэферэндума», — кажа Янукевіч.

Трэба адзначыць, што, паводле дадзеных НІСЭПД, ідэю правядзення рэферэндума падтрымліваюць каля 45% беларусаў. Але далёка не ўсе лічаць ідэю «Народнага рэферэндума» сапраўды папулярнай, а саму ініцыятыву — перспектыўнай.

На думку старшыні Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзіміра Мацкевіча, насамрэч ведаюць пра гэтую кампанію вельмі мала людзей, і не трэба блытаць абстрактныя вынікі сацыялагічных апытанняў з рэальным станам рэчаў.

«Людзі прыязна ставяцца да рэферэндума як да катэгорыі палітычнай дзейнасці. Немагчыма пераносіць гэтае стаўленне да абстрактнага рэферэндума на канкрэтны рэферэндум з уласнай назвай «Народны рэферэндум». Гэта зусім розныя рэчы», — адзначыў ён у інтэрвію Радыё «Свабода».

«Камусьці хочацца выдаць гэта за паспяховую акцыю. Насамрэч, гэта не так. І не таму, што рэферэндум ці збор подпісаў — гэта дрэнна, ці ўвогуле такіх рэчаў, як стасункі з насельніцтвам, не трэба рабіць. Зусім не. Проста сама гэтая ініцыятыва — імітацыя дзейнасці. Імітацыя, каб заняць чымсьці тыя рэшткі актывістаў, каб яны былі пры нейкай справе, каб зноў жа не думаць пра тое, у чым сёння структура моманту, у чым сёння галоўная задача апазіцыі, каб не вырашаць сапраўдныя праблемы. Тое, што чапляе людзей у гэтым самым «Народным рэферэндуме», ці тое, пра што імкнуцца гаварыць гэтыя актывісты з насельніцтвам, — гэта лепш вырашаюць мясцовыя ўлады, ЖКГ і г.д. А апазіцыя не можа паўплываць на вырашэнне гэтых пытанняў аніяк. І гэта разумеюць нават тыя, хто гатовы ставіць подпісы пад гэтым рэферэндумам. А вось таго, што павінна рабіць апазіцыя — яна не робіць, заняўшыся так званым «Народным рэферэндумам», — кажа Мацкевіч.


Другие публикации