Як больш эфектыўна маюць супрацоўнічаць Беларусь і Украіна? (Відэа)

08.11.2014
Вольга Старасціна, Belsat.eu

Браты, суседзі і, урэшце, эканамічныя партнёры. Але як яшчэ больш эфектыўна могуць супрацоўнічаць Беларусь і Украіна? Гэтае пытанне абмеркавалі дзяржаўныя і незалежныя эксперты з абедзвюх краін на адмысловай канферэнцыі ў Чарнігаве.

Украіна — наш другі гандлёва-эканамічны партнёр. З якім, у адрозненне ад першага — Расіі, мы ўсе апошнія гады мелі станоўчае сальда: больш прадавалі, чым набывалі. Але без стабільнага росту. І прычына гэтага, як мяркуюць эксперты, — адсутнасць у афіцыйнага Мінска прадуманай стратэгіі супрацы.

Андрэй Ягораў, палітолаг, Беларусь:

«Беларусь карыстаецца такімі магчымасцямі, якія адчыняюцца, як, напрыклад, звязаныя з санкцыямі ці магчымасцю экспарту нафтапрадуктаў, як зараз ва Украіну. І такія кароткатэрміновыя захады дамінуюць, але на іх немагчыма будаваць стабільныя адносіны».

Але цяпер у Беларусі з’явіўся новы шанец.

Генадзь Максак, палітолаг, Украіна:

«Ва Украіне змяніліся эліты, і ёсць магчымасці для паляпшэння стасункаў. Дачыненні заўсёды ішлі па крывой, і цяпер яны не на піку».

Бо на абодва бакі цісне наш трэці сусед — Расія. Гэтак, улетку пры падпісанні Дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза Крэмль настойваў на ўвядзенні Беларуссю імпартавага мыта супраць украінскіх тавараў. Але гэтым разам Мінск здолеў катэгарычна адмовіцца.

Аляксандр Фядута, палітычны аглядальнік, Беларусь:

«Лукашэнка ніколі не дазваляў пераходзіць тую мяжу, за якую б інтарэсы Крамля былі больш моцныя, чым яго ўласныя інтарэсы».

Але пры ўсё большай залежнасці ад Расіі Беларусі адстойваць свае інтарэсы будзе цяжэй.

Яўген Прэйгерман, палітолаг, Беларусь:

«Калі Крэмль прынцыпова паставіцца і нечага запатрабуе, зыходзячы з нашай татальнай эканамічнай залежнасці, будзе вельмі цяжка. Але гэта яшчэ адна перадумова, дзеля таго, каб сёння на розных узроўнях — не толькі ўрадавых, але і грамадзянскай супольнасці — намагацца як мага больш гэтых кантактаў і стасункаў з Украінаю развіваць».

Цяпер Беларусь прадае Украіне перадусім нафтапрадукты, зробленыя з расійскае сыравіны. Калі мы не атрымаем нафты — не атрымаем прыбытку. Таму галоўная выснова экспертаў — павялічваць вытворчасць і продаж уласных канкурэнтных вырабаў. Як гэта робіць Кіеў: нягледзячы на крызіс прадукцыя ўкраінскай харчовай прамысловасці зноў на беларускіх паліцах.

Belsat.eu


Другие публикации