Уладзімір Мацкевіч: Калі б апазіцыя была сумленная, яна спынілася б на Статкевічу як адзіным кандыдаце

18.11.2014
Віталь Цыганкоў, Радыё «Свабода»

Пяць беларускіх апазіцыйных арганізацый — Партыя БНФ, БХД, БСДП (Грамада), Рух «За свабоду» і Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» — 17 лістапада паведамілі, што падпісалі дакумент аб працэдуры вылучэння адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл Беларусі на прэзідэнцкія выбары 2015 года.

Аднак пад дакументам няма подпісаў прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі левых «Справядлівы свет», без якіх дакумент нядзейны. Ці азначае гэта, што апазіцыйныя сілы пакуль не здольныя дамовіцца наконт адзінай стратэгіі на прэзідэнцкія выбары? Навошта апазіцыі адзінства, калі многія апазіцыйныя лідэры не вераць у перамогу на прэзідэнцкіх выбарах? На гэтыя пытанні адказвае кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч.

— Ці можна меркаваць, што «пяцёрка» стамілася шукаць кансэнсус і вырашыла ісці на выбары самастойна, не чакаючы, пакуль АГП і «Справядлівы свет» нарэшце дадуць згоду на нейкі агульны сцэнар?

— Па-першае, насцярожвае хуткасць і раптоўнасць рашэння «пяцёркі». Перамовы і ўзгадненні сапраўды ішлі даўно. Але яны ішлі па сцэнарах, якія вельмі падобныя да таго, што было і на папярэдніх выбарах, і раней. І ўсім ужо відавочная невыніковасць і беспэрспэктыўнасць такога фармата перамоў і такога фармата вылучэння адзінага кандыдата і адзінай стратэгіі.

Раптоўнасць сустрэчы насцярожвае. Гэта азначае, што там ёсць свае матывы ў кожнага з суб’ектаў «пяцёркі». Да таго ж, левыя нядаўна правялі сваю канферэнцыю, і іхняя пазіцыя, як звычайна, таксама ідзе насуперак намаганням «пяцёркі».

— Пэўная частка кіраўнікоў апазіцыйных структур мае адну схему вылучэння, якая будзе больш спрыяльная для аднаго кандыдата. Другія выступаюць за іншую схему, якая дапаможа перамагчы іншаму кандыдату. Пры такім раскладзе як можна прыйсці да кансэнсуса?

— Ніякага кансэнсуса быць не можа. Бо лідэр АГП Лябедзька, напрыклад, дакладна ведае, хто павінен быць, на ягоную думку, адзіным кандыдатам. Прадстаўнікі «пяцёркі», у сваю чаргу, даўно вызначыліся са сваім кандыдатам і іншыя меркаванні іх не вельмі цікавяць. Таму іншыя падыходы ім не патрэбныя. Таму, якая б ні была працэдура — кожны застаецца пры сваім меркаванні. У выніку, наступаюць на тыя ж граблі, што і ў 2010 годзе.

— Некаторыя апазіцыйныя лідэры, магчыма, апраўдваюць свае паводзіны тым, што ўсё роўна на выбарах 2015 года перамагчы нерэальна. І, маўляў, навошта тады гэтая паказная еднасць і адзіны кандыдат?

— Калі перамагчы немагчыма, то лагічным і разумным было б у гэтым фарсе не ўдзельнічаць. А калі ўдзельнічаць, то трэба было б настройвацца на Статкевіча як адзінага кандыдата. Ён не можа зараз балатавацца з-за кратаў, але можна было б цэлы год весці моцную кампанію па ягоным вызваленні.

Таму, калі б апазіцыя была сумленная, яна спынілася б на Статкевічу як адзіным кандыдаце.


Другие публикации