Новы «восевы час» і эпоха радыкальнага сумневу: выклікі для мыслення і практыкі

05.01.2015
Лятучы ўніверсітэт

27-28 лютага 2015 года Лятучы ўніверсітэт супольна з Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі праводзяць штогадовую зімовую канферэнцыю.

Карл Ясперс назваў «восевым часам» эпоху павароту ад сэнсаў і каштоўнасцей, якія страцілі сваё значэнне, да новых арыенціраў. Гэты час вызначаецца радыкальным сумневам і экзістанцыйным жахам перад немагчымасцю даць адказы на падставовыя пытанні «Навошта?» і «Дзеля чаго?» жыве чалавек, перад разуменнем непрыдатнасці ўсяго мысліцельнага і культурнага апарату для такіх адказаў. Паварот часу вакол восі адбыўся таму, што героі, трыкстэры, мысляры і творцы сфармулявалі новыя арыенціры, прапанавалі новыя каштоўнасці, тым самым, задалі і стварылі новыя цывілізацыі.

Інтэлектуальны дыскурс пасля Другой сусветнай вайны быў засяроджаны на тым, каб разбурыць тыя «абсалютныя» каштоўнасці мадэрну, што сталіся прычынай сусветных войн. Здавалася, што постмадэрнізм справіўся з гэтай задачай. Здавалася, што свет будуецца на новых каштоўнасцях, і менавіта таму яму ўдавалася больш за поўстагоддзя пазбягаць вайны, нават СССР (цэнтр «другога свету») распаўся без вялікага гвалту. Але сітуацыя расійска-ўкраінскай вайны праявіла праблемы і наўпрост паставіла пад сумнеў існаванне і сапраўднасць сучаснага міжнароднага права, палітычных і сацыяльных інтытутаў, трывалых супольнасцей і грамадств, самаразумення і ідэнтычнасці чалавека і тых сэнсаў і каштоўнасцей, да якіх мы прызвычаіліся апеляваць ў разуменні і ў практыцы. Паўстаўшыя ў эпоху мадэрну каштоўнасці, нормы і катэгорыі мыслення страцілі сваю сілу праз іх дэканструкцыю і рэлятывізацыю постмадэрнізмам. Але зараз губляюць сваю сілу прынцыпы і каштоўнасці і самого постмадэрнізму. Ён аказаўся яшчэ не новым адказам, а толькі часам радыкальнага сумневу — прыступкай і папярэднікам паварота да новых каштоўнасцей, сэнсаў і мэт, здольных стварыць магчымым паразуменне і супольныя дзеянні.

У межах канферэнцыі мы будзем паглыбляць свае разуменне «восевага часу» і шукаць адказы на пытанні, якія знаходзяцца на перакрыжаванні розных сфер мыслення і практыкі. Спадзяемся, што гэтае разуменне стане не толькі падставай для новых канцэптаў ды тэорый, але і падмуркам трансфармацый сацыяльнай рэчаіснасці ды змен у беларускім грамадстве.

Прапануем асноўныя тэмы для разгляду:

  • Імёны, паняцці і інструменты мыслення: філасофская і метадалагічная рэфлексія і крытыка:

«Імя сучаснасці»: варыяцыі вакол мадэрну ці новыя вызначэнні? Ці можа сучасная філасофія наноў паставіць «галоўнае пытанне філасофіі»? Новая анталогія, мова ці мастацтва: што стварае новыя сэнсы, канструюе сусветы і дае імёны? Дэканструкцыя ці новыя ўніверсаліі: што дае нам разуменне сучаснай постсавецкай, беларускай і еўрапейскай сітуацыі?

  • Назад у будучыню: вяртанне гісторыі сучаснасці:

Новая сусветная сітуацыя як рамка для пераасэнсавання «канца гісторыі». Як магчымы сёння гістарычны чалавек? Сродкі гістарычных дысцыплін у вяртанні гісторыі: практыкі і метадалогаічныя падыходы. З’явы мадэрнага часу — «айчынная», «грамадзянская» і «сусветная» войны: належаць гэтыя канцэпты гісторыі ці датычныя сучаснасці?

  • Антрапалагічная крытыка і гуманітарныя тэхналогіі: навошта і як нам быць разам:

Еўрапейскасць, грамадзянства, нацыя, гендэр, культура, супольнасці — старыя і новыя рамкі самавызначэння і ідэнтычнасці чалавека. Каго ствараюць новыя антрапалагічныя, псіхалагічныя і гуманітарныя практыкі і тэхнікі? Этычныя сістэмы і абсалютныя каштоўнасці: архаічныя формы ці новая рэальнасць? Што дасць чалавецтву новы шанец спыніць сусветную вайну?

  • Сацыяльна-палітычныя інстытуты і практыкі перад новымі выклікамі:

Ці маюць сэнс і вартасць «мадэрнавыя практыкі» пабудовы нацыі, развіцця грамадзянскай супольнасці, абароны правоў чалавека? Што дае нам разуменне новых сацыяльных і палітычных з’яў — метафары ці катэгорыі? Дзе шукаць «сапраўднае» сярод сімулякраў і медыяфантомаў? Чалавек і супольнасці ў сеткавай і інфармацыйнай прасторы: ахвяры ці суб’екты сацыяльнага дзеяння?

Канферэнцыя адбудзецца ў Мінску 27-28 лютага 2015 года.

Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна даслаць заяўку да 5 лютага 2015 года на адрас электроннай пошты: [email protected] з наступнымі звесткамі:

  • Імя і прозвішча;
  • Месца працы ці вучобы, пасада;
  • Форма ўдзелу ў канферэнцыі:
  • даклад (неабходна назваць тэму і паведаміць тэзісы даклада (1,5-2 старонкі)).
  • удзел у агульнай дыскусіі (неабходна пазначыць мэты ды матывы ўдзелу ў канферэнцыі).
  • Кантактныя дадзеныя: адрас электроннай пошты, нумар тэлефона.

Колькасць удзельнікаў канферэнцыі абмежаваная, таму Арганізацыйны камітэт пакідае за сабой права адбору ўдзельнікаў, паводле «мэт і матываціі ўдзелу».

Па ўсіх арганізацыйных пытаннях звяртайцеся да Таццяны Вадалажскай на адрас электроннай пошты: [email protected], ці па нумары тэлефона: (+375 29) 6754625.

UPD.: Гл. відэазапіс канферэнцыі


Другие публикации