Як зарабляе на еўрапейскай дапамозе беларускі чыноўнік

06.01.2015
Ганна Соўсь, Радыё «Свабода»

Хто атрымлівае найбольш карысці ад замежнай дапамогі? Чаму гэтая сфера застаецца максімальна закрытай? І як працуе механізм стварэння праўладных недзяржаўных арганізацый?

Пра гэта ў наступным раздзеле расследавання Радыё «Свабода».

У яго аснову былі пакладзеныя вынікі даследавання «Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў сістэме донарскай дапамогі для Беларусі (2006-2011)», якое ў мінулым годзе выканаў Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.

Гл. таксама:

Каля месяца таму ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прайшлі слуханні па дзяржаўна-прыватным партнёрстве (ДПП) і быў падрыхтаваны праект закона на гэтую тэму. Праўдападобна, што на слуханнях у Палаце прадстаўнікоў дэпутаты не згадвалі, што гэты праект рэалізуецца ў Беларусі за грошы Еўрасаюза пры пасярэдніцтве ААН.

Поўная назва праекта — «Умацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў галіне прымянення механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Рэспубліцы Беларусь». Кошт праекта — €1.080.528.

Дэклараваная мэта — развіццё прыватнага сектара ў Беларусі. Нацыянальны каардынатар — тагачасны міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, кіраўніца праекта — Алена Дадзеркіна, вядомая тым, што, будучы выкладчыцай эканомікі ў Акадэміі кіравання, набыла кватэру ў самым дарагім доме Беларусі — «доме Чыжа» ля Траецкага. У рамках двухгадовага праекта прадугледжаныя міжнародныя канферэнцыі, падрыхтоўка за мяжой і ў Беларусі беларускіх кансультантаў па ДПП і стварэнне нацыянальнага цэнтра ДПП.

Дзяржаўна-прыватнае партнёрства (ДПП) — гэта шырока распаўсюджаная на Захадзе форма партнёрства бізнесу і дзяржавы. Гэтую форму Еўрасаюз хацеў бы ўкараніць і ў Беларусі. Цэнтры дзяржаўна-прыватнага партнёрства паспяхова дзейнічаюць у Германіі, ЗША і Сінгапуры.

На што ідуць мільёны еўра дапамогі ад Еўрасаюза?

Эканаміст Яраслаў Раманчук у сваім блогу на сайце «Белорусские новости» задаецца пытаннем: «З чаго б гэта раптам Палата прадстаўнікоў, якая пакорліва падтрымлівала ўсе падатковыя і рэгулятарныя інструменты катавання нацыянальнага бізнесу, раптам загаварыла пра партнёрства з бізнесам?»

І тут жа адказвае на яго:

«Тэма ДПП стала такой жа прававой і рэгулятарнай жвачкай, як такія збляклыя клішэ ад ААН і іншых міжнародных арганізацый, як «устойлівае развіццё», «інклюзіўны рост» або «ўсеагульны дабрабыт». Абмяркоўваць ДПП у краіне з усёахопнай дзяржавай гэтак жа бяспечна для саміх чыноўнікаў, як партнёрства КПСС з кааператарамі ў Савецкім Саюзе. Ані ў кога няма ілюзій адносна таго, хто ў дадзеным партнёрстве Вялікі брат. Таму прадстаўнікі ўлады спакойна могуць гаварыць пра роўнасць умоў для дзяржаўнага і прыватнага капіталаў, пра роўныя магчымасці працы ў інфраструктурных сектарах... Перад намі прыклад чарговага заканадаўчага выхлапу. Дэпутаты ПП НС паставілі галачку. Урад ударыў кулаком у грудзі, дэкларуючы любоў да нацыянальнага бізнесу. ААН даў справаздачу пра поспехі ў супрацоўніцтве з уладамі...»

Не будзем цяпер аналізаваць мэтазгоднасць і эфектыўнасць праекта дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Гэты прыклад я прывяла дзеля таго, каб сканцэнтраваць увагу на бюджэце і выканаўцах праектаў, якія рэалізуюцца ў Беларусі за грошы Еўрасаюза.

Паводле дзейных правіл ЕС наўпрост не выдзяляе грошы профільнаму міністэрству — выканаўцу праекта. Каб быў празрысты кантроль, звычайна наймаюць трэці бок, у Беларусі звычайна гэта ПРААН (Праграма развіцця ААН), арганізацыя з добрай рэпутацыяй, якую крытычна згадаў Яраслаў Раманчук. На сайце ПРААН можна знайсці інфармацыю пра большасць дзейных праектаў замежнай дапамогі, пра іх бюджэт, імёны выканаўцаў, можна пабачыць, колькі грошай дае ЕС, а колькі — сама ААН.

Напрыклад, праект коштам $595.000 «Садзейнічанне ўраду Рэспублікі Беларусь пры ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю праз узмацненне экспертнага і інстытуцыянальнага патэнцыялу» рэалізуецца праз Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Праект коштам $1.946.000 «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё» рэалізуе Міністэрства спорту і турызму Беларусі.

Праект коштам $355.400 «Садзейнічанне ўдасканаленню судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь пры дапамозе развіцця спецыялізацыі судоў» рэалізуе ў Беларусі Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі судздзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ.

Мала хто ведае, што інфармацыя пра праекты замежнай дапамогі знаходзіцца ў адкрытым доступе на сайце ПРААН і што прэтэндаваць на ўдзел у праекце тэарэтычна можа любы спецыяліст. Зрэшты, на практыцы ўдзельнікі праекта збольшага перадвызначаныя.

«Калі хочуць узяць чыюсьці жонку ў праект, то возьмуць»

Адзін з удзельнікаў праекта, які рэалізавалі ў Беларусі за грошы Еўрасаюза пры пасярэдніцтве ААН, на ўмовах ананімнасці распавёў «Свабодзе» пра некаторыя асаблівасці асваення замежнай дапамогі:

«Заўсёды абвяшчаецца конкурс, і, па ідэі, кожны ахвотны можа ўзяць у ім удзел. Але звычайна загадзя вядома, хто ўзначаліць праект і хто будзе працаваць у рамках праекта. Што найбольш прыцягальнае ва ўсіх праектах — гэта адукацыйныя візіты дзеля дасягнення пэўнай мэты. А гэта добрыя камандзіровачныя, шматлікія паездкі за мяжу. Пяць дзён сутачных роўныя месячнаму заробку чыноўніка. Чаму не паехаць у адукацыйную паездку? Профільнае міністэрства можа ўмяшацца ў выбар супрацоўніка для праекта, узгадненне кіраўніка праекта вядзецца пры ўдзеле міністэрства, і, канечне, калі яны не ўхваляць чалавека з вуліцы, то ён і не пройдзе. Загадзя можна скласці пералік патрабаванняў да кандыдата і пад іх узяць патрэбнага чалавека. Калі хочаш доктара навук узяць, запішы ў патрабаваннях доктарскую ступень. Але калі хочуць узяць чыюсьці жонку, то возьмуць. Напрыклад, быў у нас адзін праект, звязаны з судовай сістэмай. Адзін праваабаронца з «Еўрапейскай Беларусі» падаваў заяўку на ўдзел у гэтым праекце. Падчас гутаркі прадстаўнік Мін’юста запытаўся ў яго, што трэба мяняць, і той сказаў пра тое, што ў нас няма раздзялення ўладаў. У адказ яму сказалі, што ў нас усё дзейнічае. У выніку, гэтага прэтэндэнта не ўзялі ў праект».

Што да магчымага карупцыйнага складніка, то суразмоўца «Свабоды» адзначае наступныя нюансы:

«Міністэрства-куратар заўсёды можа ўмяшацца і скарэктаваць план закупак у рамках праекта: напрыклад, купіць не адзін прынтэр, а тры, бо па завяршэнні праекта ўсе сродкі пераходзяць да таго дзяржаўнага органа, які з’яўляецца нацыянальным выканаўцам. Вы купляеце мэблю, планшэты і айпады, і ўсё гэта застаецца міністэрству, якое можа захацець, каб куплялі не бюджэтныя, а даражэйшыя камп’ютары. І часцей за ўсё потым адбываецца так, што заканчваецца праект, і ўсё завяршаецца».

Вяртанне да савецкіх камітэтаў міру

Як патлумачылі «Свабодзе» ў Бруселі ў Еўракамісіі, пры рэалізацыі беларускай дзяржавай сацыяльных і эканамічных праектаў абавязкова выстаўляецца патрабаванне: удзел недзяржаўнай арганізацыі.

Кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначае, што, як правіла, беларускія дзяржаўныя органы супраціўляюцца ўдзелу незалежных НДА, і донары, каб рэалізаваць праект, мусяць пагаджацца на ўмовы, якія выстаўляе дзяржава, і ўключаюць туды прадзяржаўныя НДА:

«У буйных праектах і праграмах вы, хутчэй за ўсё, не пабачыце незалежныя НДА. Напрыклад, Савет Еўропы выдзяляў на экалагічныя праекты грошы па схеме супольнага ўдзелу дзяржавы і грамадзянскай супольнасці. І замест вядомых беларускіх экалагічных арганізацый была задзейнічаная арганізацыя, якая была створаная за 2 месяцы да пачатку праекта і зарэгістраваная на базе Мінпрыроды. Ці, напрыклад, ПРААН рэалізуе праграму падтрымкі ўдзелу НДА ў кансультацыі наконт нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця. І дапамога ПРААН дзеля падтрымкі дыялогу з грамадзянскай супольнасцю выдзяляецца Геаграфічнаму таварыству, якое амаль не існуе і зарэгістраванае ў БДУ ў межах геаграфічнага факультэта. Астатнія НДА проста не ведаюць, што там за дыялог, што там адбываецца. Цяпер рэалізоўваецца праграма, звязаная з дэцэнтралізацыяй мясцовай улады на 12-13 мільёнаў еўра, і там няма ніякай грамадзянскай супольнасці. Мы шмат разоў размаўлялі з прадстаўніцтвам ЕС у Мінску, і яны казалі пра тое, што няблага было б уключыць такія арганізацыі, як, напрыклад, Фонд імя Льва Сапегі, якія шмат гадоў працуюць з тэматыкай мясцовага самакіравання. Але ніколі нам не ішлі насустрач, мы ніколі не мелі магчымасці адкрыта размаўляць пра ўдзел сапраўдных арганізацый для рэалізацыі гэтых праектаў».

Паводле Андрэя Ягорава, дапамога, якая ідзе беларускай дзяржаве, у асноўным выкарыстоўваецца на сацыяльна-эканамічныя і інфраструктурныя праекты (кшталту пракласці новую дарогу), не звязаныя з праблемамі развіцця мясцовых супольнасцей.

«Часам робіцца шмат чаго карыснага. Але гэтая дапамога ніяк не садзейнічае таму, каб тут развівалася дэмакратыя. У 2011 годзе беларуская дзяржава атрымала грошы на падтрымку дэцэнтралізацыі і развіцця мясцовага самакіравання ў Беларусі. Прадугледжваўся шэраг адукацыйных семінараў для цэнтральных і мясцовых уладаў. Але гэта татальнае глупства, бо ў Беларусі няма ніякай мясцовай улады і незалежнага самакіравання. Беларуская дзяржава атрымлівае грошы ў лепшым выпадку на шэраг бессэнсоўных мерапрыемстваў».

Сённяшні трэнд — трэба працаваць з беларускай уладай

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прагназуе, што бліжэйшым часам мы станем сведкамі з’яўлення вялікай колькасці НДА і праваабаронцаў, створаных беларускай дзяржавай:

«НДА будуць падсаджвацца на еўрапейскія праграмы. Канфармізм вельмі шырока распаўсюджаны, і да таго ж сённяшні трэнд — трэба працаваць з беларускай уладай. Улады Беларусі ставяць задачу: вярнуць адносіны з Захадам у нішу, якая існавала перад апошняй прэзідэнцкай кампаніяй. Мы бачым, што еўрапейскія грошы павялічваюцца, але іх кантралюе беларускі чыноўнік».

Думку Анатоля Лябедзькі працягвае кіраўнік Цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Ёсць камітэты жанчын пры ўладзе, ці арганізацыі БРСМ, якія могуць атрымліваць еўрапейскія грошы як НДА. Яны — частка ідэалагічнага апарату ўлады, але яны атрымліваюць грошы ЕС, таму што адбываецца нейкая імітацыя дыялогу. Улады кантралююць дапамогу на дзяржаўныя праекты і дапамогу, якая павінна трапляць у грамадскі сектар. І з’яўляецца псеўдаграмадскі сектар — камітэты абароны міру, як за савецкім часам. Калі па фармальных крытэрыях структура падыходзіць, то яна і працуе. Калі донары пачынаюць адназначна казаць, што для атрымання дапамогі яны павінны зарэгістраваць арганізацыю, то як яе зарэгістраваць апанентам улады, нават у сферы экалогіі?»

Брусельскі «Офіс за дэмакратычную Беларусь» размяшчае на сваіх старонках рэкамендацыі «Як зарэгістраваць праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў Беларусі».

Калі ўважліва вывучыць працэдуру рэгістрацыі, становіцца зразумелым, наколькі складаны і працяглы гэты працэс, у якім кожны крок патрабуе ўхвалы шэрагу міністэрств і ведамств. Падаць праект у Мінэканомікі, атрымаць заключэнне МЗС аб адпаведнасці праекта нацыянальным інтарэсам, атрымаць ухвалу Камісіі па пытаннях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва пры Савеце міністраў і шмат чаго іншага. І становіцца відавочным, што незалежнаму ад дзяржавы гульцу гэта зрабіць маларэальна.

35 мільёнаў долараў для Мінпрыроды

Сярод дзяржаўных структур-атрымальнікаў замежнай дапамогі найбольш адкрытым выявілася Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое падзялілася са «Свабодай» інфармацыяй пра праекты замежнай дапамогі.

Еўрасаюз і Мінпрыроды рэалізуюць экалагічных праектаў на $35 млн., яшчэ блізу $20 млн. — на стадыі ўзгаднення. Цяпер на тэрыторыі Беларусі пры пасярэдніцтве ААН рэалізуецца пяць сумесных праектаў з сукупным бюджэтам каля $13 млн. Дадзены старт яшчэ пяці праграмам на суму $7 млн., а ў перспектыве запланавана выдзеліць Беларусі дадаткова $15 млн. на экалагічныя патрэбы.

Галоўныя напрамкі супрацоўніцтва — вада, паветра, клімат, адходы, біяразнастайнасць. У прыватнасці, цяпер на тэрыторыі Беларусі вядзецца праца дзеля захавання біяразнастайнасці і сістэмы ахоўных водна-балотных угоддзяў, прадухілення забруджвання навакольнага асяроддзя нафтапрадуктамі, кіравання воднымі рэсурсамі і г.д.

За еўрапейскія грошы рэалізуецца праект, накіраваны на ачышчэнне ракі Нёман, запланаваныя яшчэ два праекты ў басейне Дняпра. Акрамя таго, бакі працуюць на ўзгадненне беларускага заканадаўства ў галіне прыродакарыстання з еўрапейскай прававой базай. На апошняй стадыі распрацоўкі — праект развіцця ветравой энергетыкі Беларусі.

У Мінпрыроды запэўніваюць, што ў пытаннях захавання экалогіі Беларусь не стартуе з нуля. За апошнія 20 гадоў выкіды ў атмасферу забруджвальных рэчываў скарочаныя больш чым у 2,5 раза. Аб’ёмы забірання вады з прыродных водных аб’ектаў скарочаныя прыкладна на 45%. Значныя сродкі ўкладзеныя ў сістэму біялагічнай ачысткі вады, у тым ліку ў лакальныя ачышчальныя збудаванні — рэканструкцыя існуючых і будаўніцтва новых прыстасаванняў. Палепшылася сітуацыя што да абыходжання з вытворчымі адходамі: у 2001 годзе Беларусь выкарыстала 15% прамысловых адходаў, а ў 2010-м гэты паказнік вырас да 40%.

Тым часам Праграма развіцця ААН у Беларусі сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рыхтуюць да рэалізацыі тры новыя праекты. Адзін з іх звязаны з развіццём ветраэнергетыкі ў Беларусі, каб паспрыяць краіне ў развіцці аднаўляльных крыніц энергіі. Гэтая тэма адпавядае прыярытэтам канкрэтнага донара — Глабальнага экалагічнага фонда (ГЭФ). Праектная заяўка ўхваленая, завяршаецца распрацоўка поўнамаштабнага праекта.

Асноўным партнёрам выступае дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, выканаўчым агенцтвам — Мінпрыроды. Праект плануецца рэалізаваць на працягу 5 гадоў пры фінансаванні ПРААН і ГЭФ. Яго бюджэт — крыху больш за $3 млн.

Яшчэ адзін праект, які рыхтуецца, — «Зялёныя гарады Беларусі». Мэта — падтрымка «зялёнага горадабудаўніцтва» ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі. Ён акцэнтуе ўвагу на пытаннях экалогіі пры планаванні інфраструктуры гарадоў. У рэалізацыю праекта мяркуецца ўкласці каля $13 млн., з іх $3,1 млн. дасць Праграма развіцця ААН.

Пілотнымі аб’ектамі ў праекце выступаюць Полацак, Наваполацак і Навагрудак. У Навагрудку на запыт мясцовых уладаў акцэнт робіцца на эканамічнае і экалагічнае асвятленне вуліц і грамадскіх месц. Полацку і Наваполацку як адзінаму кангламерату дапамогуць стварыць аптымальную транспартную інфраструктуру.

Міністэрствы залежаць ад міжнародных грантаў

Штогод ад структур Еўрасаюза дзяржаўныя міністэрствы і ведамствы атрымліваюць дзясяткі мільёнаў еўра ў якасці «тэхнічнай дапамогі» на ўдасканаленне сваёй дзейнасці. Але прасачыць, наколькі мэтава расходуюцца атрыманыя сродкі, амаль нерэальна — механізмы іх асваення застаюцца маленькім сакрэтам дзяржаўных «грантасосаў». З дапамогай каардынатара Таварыства экалагічных арганізацый «Зялёная сетка» Яраслава Бекіша паспрабуем разабрацца, як распараджаецца немалымі сумамі адзін з асноўных атрымальнікаў заходняй дапамогі — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Атрымаць сістэматызаваныя дадзеныя на сайце ведамства немагчыма — у лепшым выпадку, постфактум расказваецца пра ход рэалізацыі таго ці іншага праекта, у бальшыні выпадкаў — без падсумавання выдаткаў і ідэнтыфікацыі «донараў». Але, па падліках экспертаў, адны толькі экалагічныя праекты штогод даюць дзяржаве не меней за €20 млн. Яраслаў Бекіш кажа майму калегу Ігару Карнею, што насамрэч скласці ўражанне пра маштабы супрацоўніцтва надзвычай складана нават адмыслоўцам:

«Я не маю нічога супраць, каб дзяржава ці хтосьці яшчэ атрымлівалі грошы альбо тэхнічную дапамогу з-за мяжы. Пытанне ў тым, наколькі празрысты сам працэс і наколькі эфектыўна сродкі трацяцца. У выпадку з беларускай дзяржавай лічу, што эфектыўнасць надзвычай нізкая, а транспарэнтнасць амаль што роўная нулю. Калі нейкія дадзеныя яшчэ можна атрымаць на сайтах грантадаўцаў (часцей за ўсё, Еўрапейскай камісіі, некаторых міжнародных агенцтв, якія працуюць пры МЗС розных краін), то ў Беларусі гэтыя дадзеныя атрымаць, прыкладам, на сайтах міністэрств вельмі і вельмі складана. У лепшым выпадку, будзе кавалачак інфармацыі, якую немагчыма спраўдзіць. Паказальна, што ў бальшыні краін былога СССР ужо існуе сістэма грамадскага маніторынгу і кантролю сродкаў, якія выдзяляюцца іхнім урадам як у выглядзе грантавай дапамогі, так і крэдытаў. Называецца гэта «bank watching». У Беларусі такога пакуль не існуе. Хацелася б, вядома, каб урэшце з’явілася».

Гэта пры тым, удакладняе Яраслаў Бекіш, што, у адрозненні ад іншых дзяржаўных ведамств, Міністэрства прыродных рэсурсаў яшчэ адносна адкрытае — прынамсі, раз на квартал пад кіраўніцтвам міністра збіраецца Грамадска-кансультатыўны савет, на якім можна задаваць пытанні — зразумела, без гарантыі, што атрымаеш на іх адказ. А цана кожнага пытання сапраўды досыць важкая:

«Калі азірацца нават гадоў на 10 у мінулае, у цяперашні час Мінпрыроды мае некалькі беспрэцэдэнтна буйных інфраструктурных праектаў па самай рознай тэматыцы. Як гэта адбываецца? Калі зусім спрашчаць, часцей за ўсё схема такая. Еўрапейская камісія кажа: мы не можам сабе дазволіць наўпрост супрацоўнічаць з беларускім урадам (прынамсі, так было да апошняга часу), таму што вымушаныя ўлічваць такія моманты, як дэмакратыя, правы чалавека, палітзняволеныя і г.д. Але ж нейкім чынам асвойваць грошы трэба, і таму знаходзяць варыянты. Як правіла, грошы выдзяляюцца па лініі ААН, на прадстаўніцтва арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь. І ўжо ПРААН, фактычна як пасярэднік, выступае аператарам гэтых праграм сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў. Што, зразумела, не радуе Мінпрыроды, бо лішнія пасярэднікі ў такіх выпадках — гэта заўсёды фінансавыя страты».

Нягледзячы на спекуляцыі афіцыйных прапагандыстаў — маўляў, галоўныя «грантасосы» ў Беларусі — палітычныя партыі і «трэці сектар» — насамрэч, 90% замежнай дапамогі адрасна выдзяляецца пад праграмы дзяржаўных ведамств. Пра некаторыя пад эгідай Міністэрства прыродных рэсурсаў расказвае Яраслаў Бекіш:

«Сумы дастаткова буйныя, гаворка ідзе пра мільёны еўра. У геапалітычным разрэзе гэтыя сумы, вядома ж, не тое што гіганцкія, але калі паглядзець увогуле на баланс сродкаў, якія паступаюць у краіну на розных рэцыпіентаў — грамадзянская супольнасць, грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, пра што любяць гаварыць па тэлевізары, і ўрадавыя структуры, — то абсалютна ільвіная доля, больш за 90%, выдзяляецца менавіта на дзяржаўныя праграмы. Пытаецеся, якія праекты? Мне, напрыклад, бліжэй за ўсё цяпер праект, які называецца «Кліма Іст». Ён накіраваны на тое, каб Беларусь і метадалагічна, і метадычна, і з пункту гледжання заканадаўства, пілотных практык была больш падрыхтаваная як да ўдзелу ў міжнародных працэсах на зніжэнне ўздзеяння на клімат і адаптацыю да працэсаў, якія ўжо мяняюцца, так і тэхнічна была гатовая ўкараняць нейкія практыкі. Да прыкладу, у жыллёва-камунальнай гаспадарцы: каб былі больш экалагічна і кліматычна прыязныя і менш энергаёмістыя».

Раз-пораз здараецца «працёк» інфармацыі наконт таго, што еўрапейскія грошы ідуць не толькі на дэклараваныя праекты, але і на тое, каб палепшыць узровень камфорту міністэрскіх работнікаў — прыкладам, на новую мэблю ці нават на службовы аўтамабіль. Ці сапраўды гэта мае месца?

«Я б не сказаў, што гэта нейкая сістэмная рэч, але паколькі ўвесь працэс не празрысты для грамадскасці, адназначна сцвярджаць, наколькі значныя факты такога нямэтавага выкарыстання, складана. Я ведаю, што такія выпадкі ёсць. Не магу сказаць, што ведаю пра гэта як пра масавую з’яву, але — бывае, здараецца. Калі гаварыць пра Мінпрыроды, то большая праблема ў тым, што ў Беларусі не існуе, практычна ліквідаваная сістэма ўнутранага міністэрскага фінансавання. То бок раней у гэтага міністэрства быў уласны фонд, які напаўняўся за кошт розных падаткаў, штрафаў, усяго астатняга. Цяпер гэты фонд ліквідаваны, міністэрства пастаўлена ў сітуацыю, калі цалкам залежыць ад цэнтральнага бюджэту, які для іх дастаткова непрадказальны. То бок кожны год ім складана планаваць на год наступны, бо невядома, што будзе з бюджэтам. Ну і таксама яны залежаць ад міжнародных грантаў. У размовах, у прыватнасці, з міністрам прыродных рэсурсаў увесь час прабіваецца, што гэта іх кроўныя грошы і інфармацыю пра тое, як яны атрымліваюцца і расходуюцца, ім было б не вельмі прыемна распаўсюджваць».

Па словах Яраслава Бекіша, фактычна ведамствы з пераліку заходніх грантаатрымальнікаў негалосна кінутыя на гасразлік: маўляў, выбівайце грошы і самастойна латайце свае дзіркі. Таму немалая частка сродкаў банальна ідзе на тое, каб плаціць заробкі супрацоўнікам:

«Калі вы гаворыце пра нейкія факты нямэтавага расходавання, то ў асноўным яны расходуюцца мэтавым чынам. Іншая справа, што нестабільная, няўстойлівая сістэма фінансавання прыводзіць да таго, што міністэрства не можа сабе дазволіць адэкватна аплачваць працу супрацоўнікаў, асабліва ў рэгіёнах. Таму там вялікая цякучка кадраў, вялікія праблемы з прафесіяналізмам, з падвышэннем кваліфікацыі. Адным словам, у выніку, калі прыходзіць замежны грант, то па дакументах ён нібыта сапраўды траціцца мэтавым чынам. А фактычна большая яго частка ідзе проста на латанне дзірак, на тое, каб заплаціць сваім людзям, на заробкі якім больш няма адкуль узяць грошы. Гэта, канечне, вельмі дрэнна. Але я не магу тут абвінаваціць канкрэтна кіраўніцтва Мінпрыроды. Уся сістэма досыць хісткая, у гэтым сэнсе. Думаю, тое ж самае можна назіраць і ў іншых, не асноўных ведамствах. У міністэрствах энергетыкі ці прамысловасці — яшчэ сюды-туды. А вось такія, як Мінпрыроды, Мінздраў — у іх з грашыма вялікія праблемы. І я магу зразумець іх сітуацыю, досыць праблематычную».

Каб ліквідаваць дыспрапорцыю на карысць дзяржаўных грантаатрымальнікаў, пад дахам шэрагу ведамств заснаваныя падстаўныя «грамадскія структуры», якія пакліканыя стварыць уражанне ўдзелу ў асваенні заходніх грошай «недзяржаўнымі арганізацыямі». Як кажа Яраслаў Бекіш, у Еўропе нешта падобнае было запачаткавана яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Пазней такі падзел паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі структурамі і іх сатэлітамі атрымаў у рускамоўным варыянце абрэвіятуру «ГоНГО» — «государственные негосударственные организации». З той толькі розніцай, што калі тады ўся дзейнасць была пад кантролем грамадскасці, то ў цяперашняй Беларусі нічога падобнага няма.

Дзе за мяжой вучацца беларускія студэнты

Яшчэ адзін атрымальнік замежнай дапамогі ЕС Міністэрства адукацыі Беларусі. У міністэрстве «Свабодзе» паведамілі, што для навучання ў арганізацыях замежных дзяржаў кандыдаты накіроўваюцца найперш з улікам прыярытэтных кірункаў развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы. Пералік спецыяльнасцей навучальных устаноў, рэкамендаваных для навучання ў 2014-2015 гадах, ухвалены асабіста тагачасным міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам.

Такім чынам, якія прыярытэты вызначыла на Захадзе для беларускіх студэнтаў адукацыйнае ведамства?

Краіны-суседзі і Эстонія запрашаюць на навучанне па наступных спецыяльнасцях:

  • «Біялогія» — Медыцынскі ўніверсітэт (Гданьск, Польшча);
  • «Аўтаматызацыя і кіраванне тэхналагічнымі працэсамі (лёгкая прамысловасць)» — Тэхнічны ўніверсітэт, (Беласток, Польшча);
  • «Бухгалтарскі ўлік, статыстыка» — Віленскі ўніверсітэт (Вільня, Літва);
  • «Лесаўпарадкаванне і лясная таксацыя» — Універсітэт прыкладных навук па лясной гаспадарцы і інжынерыі навакольнага асяроддзя (Коўна, Літва);
  • «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» — Тэхнічны ўніверсітэт (Талін, Эстонія).

Іншыя краіны ЕС (кідаецца ў вочы «нямецкі ўхіл») запрашаюць беларускіх студэнтаў, каб атрымаць наступныя спецыяльнасці:

  • «Інавацыі ў навучанні замежным мовам» — Універсітэт «Рэгент» (Лондан, Вялікабрытанія):
  • «Радыётэхніка, сістэмы і прылады радыёнавігацыі, радыёлакацыі і тэлебачання» — Імперскі каледж (Лондан, Вялікабрытанія);
  • «Сістэмы, сеткі і прылады тэлекамунікацый» — Універсітэт «City University London» (Лондан, Вялікабрытанія);
  • «Тэхналогія электрахімічных працэсаў і абарона ад карозіі» — Каралеўскі тэхналагічны інстытут (Стакгольм, Швецыя);
  • «Нанатэхналогіі і нанаматэрыялы (у электроніцы)» — Універсітэт Кальяры (Кальяры, Італія);
  • «Аўтаматызацыя і кіраванне ў тэхнічных сістэмах» — Тэхнічны ўніверсітэт (Дрэздэн, Германія);
  • «Машынабудаванне і машыназнаўства» — Брэменскі ўніверсітэт (Брэмен, Германія);
  • «Цвёрдацельная электроніка, радыёэлектронныя кампаненты, мікра- і нанаэлектроніка, прыборы на квантавых эфектах» — Універсітэт Пфорцхайма (Пфорцхайм, Германія);
  • «Радыёэлектронныя кампаненты, мікра- і нанаэлектроніка» — Інстытут фатонных тэхналогій (Ена, Германія);
  • «Германскія мовы» — Білефельдскі ўніверсітэт (Білефельд, Германія);
  • «Эканоміка і кіраванне народнай гаспадаркай» — Універсітэт прыкладных навук «Фонціс» (Эйндговен, Германія).

Якія выдаткі нясе бок, які выпраўляе на навучанне, а таксама той, які прымае, у Міністэрстве адукацыі не ўдакладняюць — маўляў, гэта ўнутраныя справы ведамства.

* * *

Што да нямецкага «ўхілу», то 2/3 нямецкай дапамогі Беларусі накіроўваюцца на адукацыю. Пераважна гэта выдаткі на навучанне беларускіх студэнтаў ва ўніверсітэтах Германіі. Але беларуска-нямецкае супрацоўніцтва развівалася і ў іншых накірунках. У 2007-2011 гадах рэалізоўваўся праект супрацы паміж нямецкай паліцыяй і беларускай міліцыяй, які скончыўся скандалам. Пра гэта — у наступнай частцы расследавання Радыё «Свабода».


Другие публикации