В последнее время в Беларуси наблюдается рост активности граждан, которые отстаивают свое право на благоприятную окружающую среду.
Грошы на дэмакратыю
Якія праекты замежнай дапамогі дзеля развіцця дэмакратыі ў Беларусі аказаліся найбольш эфектыўнымі? Гэтае пытанне журналистка Радыё «Свабода» Ганна Соўсь задавала сваім суразмоўцам у Берліне, Бруселі і Мінску.
У аснову журналісцкага расследавання былі пакладзеныя вынікі даследавання «Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў сістэме донарскай дапамогі для Беларусі (2006-2011)», якое ў мінулым годзе было выканана Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі.
Гл. таксама:
-
10 фактаў пра заходнюю дапамогу Беларусі
-
Хто насамрэч грантасос?
-
Як зарабляе на еўрапейскай дапамозе беларускі чыноўнік
-
Ці з’явіцца нямецкая дубінка ў беларускіх міліцыянераў?
-
Нямецкая дапамога. Жыццё ці развіццё?
Агульны адказ на гэтае пытанне найчасцей быў такі: калі казаць пра эфектыўнасць праектаў у сферы дэмакратыі, то яе нельга вылічыць калькулятарам, укладанні ў дэмакратычнае развіццё маюць доўгатэрміновую перспектыву.
А больш канкрэтныя адказы на гэтае пытанне найчасцей былі такія: укладанні ў незалежныя сродкі масавай інфармацыі і праекты, звязаныя з падвышэннем нацыянальнай свядомасці, такія, напрыклад, як кампанія «Будзьма» і Фестываль беларускамоўнай рэкламы «Аднак», чарнобыльскія праекты, дапамога ў сферы медыцыны і адукацыі (калі гэта не грант для новай паліклінікі прэзідэнта, а для шпіталя ў Брагіне), экалагічныя праекты, а таксама незалежныя СМІ і найперш тэлеканал «Белсат», які вяшчае з Польшчы:
«Польшча фінансуе «Белсат» са сваіх сродкаў, але такі праект павінен фінансавацца ўсім Еўрасаюзам», — мяркуе Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстага Марылуізы Бэк.
Калі ж паглядзець на структуру замежнай дапамогі Беларусі з 2006 па 2012 гады, то вылучаюцца пяць асноўных донараў.
Інстытуты Еўрасаюза ($101,66 млн.), тры краіны ЕС — Германія ($129,17 млн.), Польшча ($107,72 млн.) і Швецыя ($105,26 млн.), а таксама Злучаныя Штаты Амерыкі ($90 млн.). Усе астатнія краіны ці арганізацыі выдзяляюць непараўнальна менш, чым гэтая пяцёрка.
Графік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі
Яшчэ два значныя для Беларусі донары — Глабальны фонд дзеля барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй, а таксама Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, якая дзейнічае ў Беларусі праз розныя фонды і праграмы. Доля Глабальнага фонда ў знешняй дапамозе для Беларусі ў 2006-2012 гадах склала 7%, або больш за $51 млн., у 2012 годзе — 10%. З бюджэту ААН за шэсць гадоў паступіла прыблізна 4% усёй донарскай дапамогі (больш за $30 млн.).
Графік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі
І тут варта прааналізаваць, на якія мэты і праз якія каналы выдзяляе дапамогу кожны з асноўных донараў і якая дынаміка гэтай дапамогі.
Швецыя — найвялікшы еўрапейскі донар для грамадзянскай супольнасці Беларусі
Адметна, што і ў 2011-м, і ў 2012-м гадах найвялікшым донарам Беларусі была Швецыя, прычым, паводле Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, памер дапамогі вырас з 2006 года ўтрая. Менавіта Швецыя была лідэрам у падтрымцы ў сферы «Дэмакратычны ўдзел і грамадзянская супольнасць» у 2011 годзе. На гэта Швецыя выдзеліла амаль $10 млн. — у 2011 годзе і каля $3 млн. — у 2010 годзе. Паводле Андрэя Ягорава, кіраўніка Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, менавіта Швецыя найбольш паслядоўна падтрымлівае грамадзянскую супольнасць у Беларусі.
Паводле назіральнікаў, менавіта гэтая паслядоўная пазіцыя прывяла і да высылкі з Беларусі шведскага амбасадара Стэфана Эрыксана, а не толькі скандал з «плюшавым дэсантам».
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька тлумачыць гэта тым, што Швецыя заўсёды была краінай з актыўнай знешняй палітыкай:
«Гэта адлюстроўваецца нават у постацях, у асобах, якія ачольваюць МЗС Швецыі. Напрыклад, Карл Більт — еўрапейскі палітык з вялікай вядомасцю. І тое, што ў Швецыі актыўная знешняя палітыка, натуральна, выяўляецца і ў дапамозе, якую аказвае гэтая краіна. Сама краіна невялікая, але тое, што ў Швецыі вельмі моцная дыпламатыя і ёсць традыцыі, — гэта адбіваецца на знешняй дапамозе. Але трэба ўсведамляць, што ў ЕС існуе падзел. Паўднёвыя краіны ЕС больш хіляцца да рэгіёну Магрыба, Афрыкі, і доўгі час дапамога, якія ішла на Поўдзень, моцна дамінавала над усходняй палітыкай. Швецыя, Германія і Польшча — гэта краіны, якія скіраваныя на ўсходнюю палітыку, і, у цэлым, яны лабіруюць большую дапамогу на Усход».
Інстытуты ЕС выдзялялі на развіццё дэмакратыі 13% ад усёй дапамогі, ЗША — 71% (да 2012 года)
Нямецкую дапамогу Беларусі мы ўжо прааналізавалі вышэй. Што тычыцца дапамогі інстытутаў Еўрасаюза, то можна гаварыць пра стабільную тэндэнцыю росту дапамогі ЕС на накірунак «Дэмакратычны ўдзел і грамадзянская супольнасць» з 2006 па 2012 гады.
У 2012 годзе было выдзелена $1,8 млн., гэта на $600 тыс. болей, чым у 2011 годзе. Найбуйнейшыя донары Беларусі ўсё менш працуюць з дзяржаўнымі інстытутамі і ўсё больш — з грамадзянскай супольнасцю, паведаміў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў на прэзентацыі даследавання «Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў сістэме донарскай дапамогі для Беларусі ў 2006–2012 гадах»:
«Грамадзянская супольнасць у Беларусі набывае ўсё большае значэнне і як канал атрымання донарскай дапамогі, і як сектар размеркавання гэтай дапамогі», — сказаў Андрэй Ягораў.
Калі з 2006 па 2011 гады 54% усяго аб’ёму донарскай дапамогі ад краін-сябраў і інстытутаў ЕС для Беларусі было размеркавана праз дзяржаўныя інстытуты і толькі 13% — праз грамадзянскую супольнасць, то ў 2012 годзе — адпаведна 40% і 22%. «Зніжэнне долі дзяржаўных інстытутаў — вынік палітыкі пераарыентацыі сродкаў пасля падзей канца 2010 года», — кажа Андрэй Ягораў.
Аднак абсалютны лідэр тут — ЗША. У 2012 годзе гэтая краіна выдзеліла на накірунак «Дэмакратычны ўдзел і грамадзянская супольнасць» утрая болей дапамогі, чым інстытуты ЕС — $6 млн.
Паводле Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, у накірунку «Правы чалавека» абсалютны лідэр — інстытуты Еўрасаюза. Іх дапамога ў 2012 годзе склала $4,6 млн. Гэта ў чатыры разы болей, чым дапамога з боку краін-сябраў ЕС.
І яшчэ адзін важны накірунак дапамогі — «СМІ і свабодны абмен інфармацыяй». І тут лідэрам за перыяд 2006-2012 гадоў выступаюць ЗША ($17,4 млн.). Адметна, што ў 2012 годзе інстытуты ЕС упершыню выдзелілі дапамогу незалежным медыям ($500 тыс.).
І калі падсумаваць памеры дапамогі па трох згаданых накірунках, то лідэрамі ў абсалютных велічынях будуць Еўрасаюз разам з краінамі-сябрамі ($65,88 млн., альбо 13% ад сукупнай донарскай дапамогі) і ЗША ($64,4 млн., альбо 71% сукупнай донарскай дапамогі ад ЗША).
Графік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі
Праграмы падтрымкі дэмакратыі
Што да механізму атрымання дапамогі на дэмакратычнае развіццё, то ў гэтай сферы Еўрасаюз мае асобныя праграмы падтрымкі:
- Недзяржаўныя суб’екты і мясцовыя органы ўлады ў дзейнасці па развіцці (Non-state Actors and Local Authorities in Development, NSA-LA):
У 2012 годзе на падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі праз гэтую праграму прайшло $1,8 млн., гэта 20 праектаў з бюджэтам $50-150 тыс.;
- Стабільнасць грамадзянскай супольнасці для Беларусі (Civil Society Stability for Belarus, CSSB):
$1,4 млн. — у 2012 годзе;
- Еўрапейскі інструмент спрыяння дэмакратыі і правам чалавека (The European Instrument for Democracy and Human Rights, EIDHR):
10 праектаў з бюджэтам $100-150 тыс., $400 тыс. на падтрымку СМІ; разам — $2 млн. ў 2012 годзе.
Завялікая бюракратыя для Беларусі
Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстага Марылуізы Бэк, ускладае вялікія надзеі менавіта на развіццё фонда «European Endowment for Democracy»:
«Ёсць вялікая надзея, што некаторыя праекты могуць праводзіцца без вялікіх бюракратычных рамак, у тым ліку для тых людзей, якія ў няволі, альбо для палітычных сіл, якія незарэгістраваныя ў Беларусі, альбо для многіх праектаў, для рэалізацыі якіх не трэба ствараць структуры ў Беларусі».
Заўвага Крыстафа Бэкера звязаная з асаблівасцю беларускай сітуацыі, калі ўся замежная дапамога, якая ідзе праз афіцыйныя каналы, кантралюецца беларускай дзяржавай. Відавочна, што праекты, накіраваныя на развіццё дэмакратыі ў Беларусі, не маюць шанцаў быць зарэгістраванымі. Напрыклад, лічбы дапамогі ЕС на дэмакратычнае развіццё праз вышэй згаданыя праграмы знаходзяцца ў адкрытым доступе. Лічбы ж праектаў, якая рэалізоўваюцца праз прыватныя фонды, напрыклад, Фонд Маршала ці Фонд Форда, збольшага закрытыя. Але, напрыклад, адкрытая інфармацыя па Фонду Конрада Адэнаўэра: як партыйны фонд ён атрымлівае грошы з бюджэту Германіі, у залежнасці ад таго, які працэнт месц партыя мае ў парламенце.
Крыстаф Бэкер мяркуе, што пры рэалізацыі праектаў, накіраваных на дэмакратычнае развіццё, трэба ўлічваць спецыфіку беларускай аўтарытарнай дзяржавы.
«Я лічу, што і праекты, якія фінансуюцца з палітычных фондаў, і праекты ЕС — вельмі бюракратычныя. І пралічыць іх эфектыўнасць, і правесці аўдыт вельмі складана, бо ў Беларусі шмат якія арганізацыі не зарэгістраваныя. Тыя ўмовы, у якіх мы працуем у Беларусі, не адпавядаюць тым механізмам кантролю, якія дзейнічаюць у ЕС, у прыватнасці, у Германіі. Напрыклад, Разліковая палата Германіі патрабуе дэталёвага разліку праектаў. А гэта зрабіць практычна немагчыма, калі мы маем справу з дыктатурай. Калі сем’і палітычна актыўных людзей страчваюць працу, то мы павінны знайсці механізм, як мы можам падтрымаць гэтыя сем’і фінансава, нават калі гэта адбываецца без квітанцыі».
Як праверыць, ці эфектыўныя праекты, накіраваныя на грамадзянскую супольнасць Беларусі?
Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, перакананы, што эфектыўнасць выкарыстання грошай у грамадзянскай супольнасці вышэйшая, чым у дзяржавы:
«Ёсць канкрэтныя вынікі, дасягненні, менш карупцыі. Але ўсё роўна прысутнічаюць і неэфектыўнасць, і нейкая карупцыя, і марнаванне сродкаў, і рэалізацыя бессэнсоўных праектаў, якія не ідуць на карысць развіцця Беларусі. Асноўная праблема палягае ў тым, што грошы выдзяляюцца на вельмі розныя мэты, і розныя донары выдаюць гэтыя грошы па розных тэхнічных схемах і пад розныя задачы. Гэта стварае ў беларускай грамадзянскай супольнасці не нейкі скіраваны рух змен у больш-менш адзіным напрамку, але стварае татальны хаос, канкурэнцыю паміж арганізацыямі. І мы маем такую максімальна дыверсіфікаваную, максімальна разнастайную беларускую супольнасць, якая не можа вырашыць ніводнай нацыянальнай праблемы, якая б патрабавала кансалідацыі і ўзаемадзеяння паміж арганізацыямі. І гэта тое, у чым вінаватыя не толькі беларускія недзяржаўныя арганізацыі, але і сама структура замежнай дапамогі».
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць важным вызначыць прыярытэты замежнай дапамогі, бо ўсім дапамагчы немагчыма. На думку Лябедзькі, гэта павінны быць найперш незалежныя СМІ (распаўсюд свабоднай інфармацыі); па-другое, усё, што звязана з бяспекай і падтрымкай людзей (дапамога падчас судовых працэсаў, аплата штрафаў, падтрымка палітвязняў); і, па-трэцяе, інвестыцыі непасрэдна ў дэмакратыю, звязаныя з тым, каб абуджаць людзей, каб яны станавіліся непасрэднымі ўдзельнікамі палітычнага працэсу ў Беларусі.
Што да неэфектыўных праектаў замежнай дапамогі ў накірунку дэмакратычнага развіцця, Анатоль Лябедзька лічыць памылковым шлях падтрымкі апазіцыйных арганізацый, якія дзейнічаюць па-за межамі Беларусі.
«Так, ёсць на рынку манапалісты, якія канцэнтруюць дапамогу ў сваіх руках, тым больш, што ёсць вялікая спакуса не працаваць з тымі, хто жыве і працуе ў Беларусі. Так ствараюцца пасярэднікі ў розных краінах, і многія на гэтым робяць бізнес — трэба называць рэчы сваімі імёнамі».
Манапалісты замежнай дапамогі
Пазіцыю Анатоля Лябедзькі падтрымлівае і нямецкі бізнес-аналітык Дэніэл Крутцына, які лічыць, што вялікая частка еўрапейскіх грошай неэфектыўна траціцца па-за межамі Беларусі.
«Мяне заўсёды здзіўляла, як мала даходзіць да самой Беларусі. Арганізуюцца канферэнцыі ў Варшаве, у Вільні, Берліне, дзе заўсёды сустракаеш адных і тых жа людзей, прафесійных апазіцыянераў, часта яны нават не ведаюць, як мае быць, што насамрэч адбываецца ў Беларусі, бо зрэдку там бываюць. У 2011 годзе я браў удзел у праекце пра эканамічныя рэформы ў Беларусі, і ён быў накіраваны на дыялог з выканаўчай уладай, з усімі людзьмі, хто ў гэтай сферы, але толькі з тымі, хто рэальна знаходзіцца ў Беларусі. Самая жорсткая крытыка, якую мы атрымалі за праект, ішла не ад дзяржаўных структур, якія аказаліся, на дзіва, адкрытыя для дыялогу. Яна ішла ад апазіцыйных структур з-за мяжы, які казалі, што мы супрацоўнічаем з дыктатурай. Людзей, якія спрабуюць працаваць у Беларусі ў гэтых умовах, засмучае, калі нейкія людзі, знаходзячыся ў Польшчы ці Літве, спрабуюць абмяркоўваць прыватызацыю ў Беларусі, бо яны рэальна слаба ўяўляюць сітуацыю ў Беларусі».
Дэніэл Крутцына кажа, што працаваў у розных краінах свету і можа параўноўваць, і таму, паводле яго, адметнасць беларускай сітуацыі — найперш у манапалізме:
«Часта ёсць вельмі вузкае кола арганізацый, якія асвойваюць гэтыя бюджэты для пэўных накірункаў. Вельмі слабы механізм канкурэнцыі, вельмі часта праекты фінансуюцца не праз адкрыты конкурс, а проста донарская структура працуе з арганізацыямі, якія існуюць даўно, і новым вельмі складана прабіцца».
Паводле Крутцыны, найвялікшыя манапалісты ў Беларусі — гэта Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтар (IBB), які каардынуе нямецкую дапамогу, і «фабрыкі думкі», структуры, створаныя Паўлам Данейкам (Інстытут прыватызацыі і менеджменту, Бізнес-школа ІПМ ды інш.), якія дамінуюць у атрыманні дапамогі ў сферы эканамічных рэформ:
«Яны робяць карысныя рэчы, але ім удалося манапалізаваць тэму эканамічных рэформ у Беларусі. Апошнім часам ім крыху з’явілася канкурэнцыя праз Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў. Але гэтага ўсё роўна недастаткова».
«Што гэтыя людзі будуць рабіць, калі не будзе Лукашэнкі?»
Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што праблема палягае хутчэй у іншым: трэба праводзіць аўдыт не толькі тых, хто атрымлівае дапамогу, але і перагледзець падыходы наконт таго, на каго накіраваныя праекты замежнай дапамогі ў сферы дэмакратычнага развіцця:
«Калі ў Беларусі, умоўна кажучы, 15-20% людзей супраць Лукашэнкі і 30% людзей, якія за Лукашэнку, то наша задача, каб 40-50% людзей, якія пасярэдзіне, рухаліся ў накірунку дэмакратызацыі і эканамічных рэформ. А цяпер ільвіная частка дапамогі, 95%, ідзе на тое, каб пераконваць альбо інфармаваць 15% насельніцтва, якое супраць Лукашэнкі. Гэта не можа быць эфектыўна, калі сайты, газеты, незалежнае тэлебачанне б’юцца за адну аўдыторыю. А трэба біцца за гэтыя 40-50%, за людзей, якія не любяць апазіцыю і не любяць Лукашэнку, але не бачаць альтэрнатывы. Іншая праблема, што калі адзін чалавек на адной пасадзе 10-15-20 гадоў, у яго ёсць партнёр і ёсць рыторыка кшталту «Луку на муку». Што гэтыя людзі будуць рабіць, калі не будзе Лукашэнкі?»
Яраслаў Раманчук таксама мае сваё азначэнне манапалістаў у атрыманні замежнай дапамогі:
«Гэта адна група людзей, якая ўвогуле ў Беларусі не бывае і на Захадзе мае добрыя кантакты з донарамі, і яны для іх — барацьбіты за Беларусь. Дрэнна, што яны часта робяць аналітыку пра Беларусь як пра зусім іншую краіну, зусім не пра тую, у якой мы жывем. Беларусы замежжа, якія выехалі барацьбітамі, атрымліваюць дапамогу, якая павінна была б ісці на працу з гэтымі 40-50% людзей, пра якіх я казаў. Але яны ніколі не будуць працаваць з імі, бо ім цяпер камфортна, шмат бюджэту, пра эфектыўнасць ніхто не пытаецца. Прапагандысцкія структуры кшталту «Хартыі» будуць існаваць столькі, колькі іх будуць донары падтрымліваць».
Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, кажа пра пэўныя спекуляцыі на тэму замежнай дапамогі з усіх бакоў. З аднаго боку, не першы год у Беларусі ад розных прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі гучаць абвінавачанні ў нямэтавым расходаванні сродкаў замежнай дапамогі і заклікі да аўдыту. З другога боку, палітычна актыўная частка інтэрнэт-карыстальнікаў і каментатараў у сацыяльных сетках крытыкуе грамадскія і палітычныя рухі за бессэнсоўнае «праяданне» грантаў. І з трэцяга боку, дзяржаўныя чыноўнікі і праўладныя палітыкі спрабуюць давесці, што вонкавая дапамога ад дзяржаў і міжнародных інстытутаў накіроўваецца выключна на т.зв. «пятую калону» і «скіданне палітычнага рэжыму». Як правіла, усе гэтыя спекуляцыі не грунтуюцца на рэальных фактах, лічыць Андрэй Ягораў.
* * *
Што трэба рабіць, каб замежная дапамога Беларусі дзейнічала найбольш эфектыўна і была накіраваная не толькі на эканамічную, сацыяльную і экалагічную падтрымку беларускай дзяржавы, але і на падтрымку дэмакратыі? Што трэба мяняць? На гэтыя пытанні адкажуць мае суразмоўцы ў Берліне, Бруселі і Мінску ў заключнай частцы расследавання.
Другие публикации
-
Беларусь постепенно осваивает ценности и установки, заложенные в Конвенции ЮНЕСКО
По оценкам экспертов и по статистическим данным, сфера культуры в Беларуси демонстрирует позитивную динамику. Во всяком случае, с точки зрения целей и ценностей Конвенции ЮНЕСКО.
-
Культурная политика как фактор развития (Фото)
В Беларуси есть цензура и не соблюдаются авторские права, а Кодекс о культуре направлен прежде всего на ее контроль, а не на развитие.
-
Чем Эстония лучше Германии для криптобизнеса
Эстония является лучшей страной для бизнеса в сфере криптовалют и блокчейна.
-
Донорская помощь гражданскому обществу Беларуси — под колпаком у государства
Государство перехватывает донорские потоки у независимых организаций и инициатив, имеющих демократическую повестку.
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»