Статкевіч — кандыдат у прэзідэнты: за і супраць

08.02.2015
Юрый Дракахруст, Радыё «Свабода»

Якія плюсы і мінусы вылучэння Міколы Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты? Якіх палітычных мэт можна дасягнуць гэтым крокам? Ці можа гэтая кампанія паспрыяць вызваленню палітвязня?

Над гэтымі тэмамі ў «Пражскім акцэнце» разважаюць філосаф Уладзімір Мацкевіч, заснавальнік інтэрнэт-выдання «Беларускі партызан» Павел Шарамет і палітолаг Юрый Чавусаў.

Якая мэта вылучэння Статкевіча?

Юрый Дракахруст: Пэўны час таму ў апазіцыйным асяроддзі нарадзілася ідэя — вылучыць кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Міколу Статкевіча. Ён — адзіны з кандыдатаў у прэзідэнты 2010 года, які застаецца за кратамі, ён не напісаў прашэння аб памілаванні дэманструючы моц і нязломнасць духу. Здаецца, з гэтай прапановай пагадзілася большасць апазіцыйных арганізацый, пачалося фармаванне ініцыятыўнай групы па вылучэнні палітыка. Як вы аценьваеце гэтую ідэю?

Юрый Чавусаў: Я б разглядаў гэта як тэхналагічны крок, які дазваляе апазіцыі дасягнуць пэўных мэт.

Плюсы: для апазіцыі ёсць магчымасць прадэманстраваць адзінства. Ні ў каго няма ўцямнай стратэгіі дзеянняў на перамогу ў 2015 годзе. Ёсць выйсце — зрабіць маральны крок, вылучыць Статкевіча. Здымаецца ўзаемная рэўнасць у пытанні адзінага кандыдата.

Мінусы: рэальна можна казаць толькі пра падачу ў ЦВК дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Малаверагодна, што яна будзе зарэгістраваная. Рэальна актыўная фаза кампаніі і грамадская ўвага да гэтага кроку — гэта некалькі дзён пасля абвяшчэння выбараў і да рэгістрацыі (ці адмовы ў рэгістрацыі) ініцыятыўнай групы.

Павел Шарамет: Калі разглядаць вылучэнне Статкевіча як адзін з элементаў барацьбы за яго вызваленне — гэта добрая ідэя. Калі разглядаць гэтае вылучэнне як элемент палітычнай барацьбы на прэзідэнцкіх выбарах — гэтая ідэя бесперспектыўная.

Уладзімір Мацкевіч: Выбараў у краіне няма і сёлета іх таксама не будзе. Перспектыў на прэзідэнцтва Статкевіч не мае. Але іх не мае ніхто. Мэты — узняць на новы ўзровень праблему палітвязняў, можа быць, паспрыяць вызваленню Статкевіча і прымусіць апазіцыйных лідэраў дамаўляцца хоць з якой нагоды.

«Гэта план дзеянняў ці яго імітацыя?»

Юрый Дракахруст: Ці магчымы ідэальны сцэнарый вылучэння Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты — групу не рэгіструюць, але натхнёныя людзі па ўсёй краіне збіраюць подпісы за яго вылучэнне, збіраюць, скажам, мільён подпісаў? І незалежна ад рэгістрацыі Статкевіч робіцца ўплывовай фігурай, лідэрам беларускай апазіцыі, беларускім Нэльсанам Мандэлам, так бы мовіць.

Уладзімір Мацкевіч: Гэты сцэнарый прывабны. Але наўрад ці магчымы. Баюся, што Нэльсана Мандэлы са Статкевіча не атрымаецца. У нас бракуе аўтарытэтаў у палітыцы. Калі б Статкевічу нашымі намаганнямі ўдалося дасягнуць такога аўтарытэту, такі варыянт быў бы досыць добрым.

Павел Шарамет: Важна зразумець: гісторыя са Статкевічам — гэта план дзеянняў ці гэта імітацыя дзеянняў? Мяне абурае хлуслівасць асноўных дзеячоў гэтага плана. Апошнія паўтара гады ішлі перамовы ў апазіцыі, хто будзе адзіным ад апазіцыі. Ёсць тры варыянты: наагул ігнараваць выбары, адзіны Някляеў і адзіны Лябедзька. Дамовіцца не атрымліваецца. І з’яўляецца ідэя са Статкевічам: «Мы не можам дамовіцца, мы зліваем прэзідэнцкія выбары, але давайце зробім гэта прыгожа». Калі гэта спекуляцыя, якая нічым не скончыцца — гэта знявага Статкевіча, гэта плявок у твар іншым палітвязням, здзек над беларускім грамадствам. А калі пачнецца прыхаваны сабатаж? Будуць казаць: «Трэба вызваліць Міколу, Мікола — гэта нашае ўсё», але рэальна ані Някляеў, ані Лябедзька, ані Янукевіч не будуць прыкладаць ніякіх высілкаў, каб збіраць подпісы. Як тады яны будуць тлумачыцца з беларускім грамадствам?

Ці паспрыяе вылучэнне вызваленню?

Юрый Дракахруст: У Беларусі збіралі подпісы пад тэкстам «Хартыі’97», зараз збіралі подпісы за «Народны рэферэндум». У абодвух выпадках здолелі сабраць прыкладна 100 тысяч, столькі ж, колькі патрабуецца для вылучэння кандыдата ў прэзідэнты, ініцыятыўная група якога зарэгістраваная. Уявім сабе, што збяруць 100 тысяч подпісаў за Статкевіча. І што?

Юрый Чавусаў: Узняццё праблемы палітвязняў на палітычны ўзровень вылучэннем Статкевіча можа быць дасягнутае. Што да «Хартыі’97», то напачатку там быў маніфест, пад якім падпісалася значная колькасць беларускай інтэлігенцыі. Напачатку было аб’яднанне, а потым дзеянне. Ужо зараз у ініцыятыўнай групе Статкевіча дастаткова людзей, каб падаваць на рэгістрацыю. Праблема ў тым, ці будзе гэта адна група. Калі іх будзе некалькі, мэсэдж будзе размыты. Ужо зараз ідзе «перацягванне канату», спрэчкі пра тое, як павінна фармавацца ініцыятыўная група. Калі Статкевіч будзе адзіным кандыдатам ад апазіцыі, яго могуць вызваліць. Вылучэнне Статкевіча — у пэўным сэнсе, ад безвыходнасці. Нават тых дасягненняў, якія былі ў 2010 годзе, на выбарах 2015 года не будзе. Ніхто не заклікае на Плошчу, бо ва ўмовах украінскіх падзей ёсць небяспека, што Плошча прывядзе не да дэмакратыі, а да страты краіны.

Павел Шарамет: Статкевіча могуць вызваліць у любы дзень. І павінны былі вызваліць. Ён у прынцыпе не павінен быў знаходзіцца ў турме, як і іншыя палітвязні. Ці паспрыяе вылучэнне Статкевіча яго вызваленню? Лукашэнка можа ўспрыняць гэта як шантаж. А ён хваравіта рэагуе на шантаж з боку тых, моц каго ён не адчувае. Ён можа саступіць шантажу Масквы, можа нават — шантажу Захаду. У адказ на шантаж слабейшых ён робіцца толькі больш злым. Калі ініцыятыўную групу не зарэгіструюць, то ў чым будзе ўдзельнічаць Статкевіч? У нас альтэрнатыўныя выбары ўжо былі, у якіх удзельнічалі Міхаіл Чыгір і Зянон Пазняк. У выбарах удзельнічаць трэба. Падзеі развіваюцца імкліва. Калі сустракаць выбары, седзячы па дамах, можа атрымацца, што апазіцыя прапусціць свой гістарычны шанец, які можа з’явіцца на фоне абвастрэння сітуацыі ва Украіне і ў Расіі.

Уладзімір Мацкевіч: Шанец у тым, каб вызваліць Статкевіча і паспрыяць вызваленню іншых палітвязняў — толькі ў тым, што будзе адзіная ўзгодненая пазіцыя ўсіх апазіцыйных сіл і грамадзянскай супольнасці, да якіх далучыцца яшчэ і Захад. Калі б апазіцыя паставіла перад сабой відавочную мэту і здолела вакол яе аб’яднацца, гэта падвысіла б давер да яе з боку грамадскасці.


Другие публикации