Запрашаем на інтэлектуальную імпрэзу «Думкі ўслых. Пастскрыптум»

24.03.2015
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

31 сакавіка 2015 года ў Мінску адбудзецца інтэлектуальная імпрэза «Думкі ўслых. Пастскрыптум».

Ёсць такое распаўсюджанае меркаванне, што ў нашай краіне людзі не кажуць услых таго, пра што думаюць. І гэта нібыта дрэнна. Але ж, на здаровы розум, ці ўпэўненыя мы, што кожная думка вартая таго, каб быць выказанай? І ці шмат людзей могуць выказаць насамрэч арыгінальную думку, падзяліцца глыбокім разважаннем, а не пратрансляваць у чарговы раз тое, што і так усім вядома?

Падчас існавання праекта «Думкі ўслых» 100 маналогаў «на вольную тэму» пабачылі свет. Беларускія мысляры — філосафы, гісторыкі, пісьменнікі, мастакі, проста людзі з нетыповым вобразам жыцця і дзеяння. Кожны маналог — сваеасаблівае аўтарскае эсэ пра самае галоўнае, самае актуальнае, найбольш патаемнае. І 101-ы — ад аўтаркі праекта, бо з яе ўсё пачалося. Безумоўна, гэта не ўсе беларусы, якім «ёсць, што сказаць», але ўжо зараз мы маем унікальную «выяву» нашай прасторы, на якой павольна, але ж упарта і неадменна «праступае» вобраз беларускай думкі.

Што засталося «за кадрам» здымачнага працэсу? На які эфект разлічвалі аўтары? Ці адбылася ў нас праз гэты праект «размова», альбо мы так і засталіся кожны ў сваім маналагічным дыскурсе, адзін на адзін са сваімі думкамі? Запрашаем абмеркаваць гэта падчас імпрэзы — разам з аўтарамі і ўдзельнікамі праекта. Акрамя інтэлектуальнай асалоды ад сустрэчы з цікавымі і выбітнымі людзьмі, вас чакаюць невялічкія сюрпрызы ад арганізатараў — усе «думкі» на адным дыску, кактэйль «Думкі ўслых» створаны па спецыяльным рэцэпце ды шмат іншых цікавостак!

Запрашаем 31 сакавіка, у аўторак, наведаць інтэлектуальную імпрэзу «Думкі ўслых. Пастскрыптум», якая пройдзе ў кафэ «LOFT» (Мінск, вул. Пятруся Броўкі, 22). Пачатак у 19.00. Будзем рады вас бачыць!


Другие публикации