Чым бліжэй выбары, тым больш візіцёраў

07.04.2015
Уладзімір Глод, Радыё «Свабода»

Адзін з прыкладаў падвышэння ўвагі да Беларусі з боку Еўрасаюза — буйная міжнародная канферэнцыя з удзелам першага намесніка міністра замежных спраў Беларусі Аляксандра Міхневіча. Яна прайшла ў Мінску 27 сакавіка.

Сярод арганізатараў імпрэзы, якую хочуць зрабіць традыцыйнай у фармаце «Мінскі дыялог», — і Цэнтр аналітычных ініцыятыў «Ліберальны клуб».

Дырэктар па даследаваннях «Ліберальнага клуба» Яўген Прэйгерман кажа «Свабодзе», што ўжо сёння можна фіксаваць пэўны пераход ад колькасці кантактаў да іх якасці:

«Апошнім часам — і гэта, магчыма, таксама паказнік нейкай якасці — узровень гэтых кантактаў становіцца больш высокім, а пытанні для абмеркавання — больш сур’ёзнымі і больш публічнымі. Напрыклад, у дачыненнях з Еўрасаюзам акрэслівацца канкрэтны парадак дня. Ён, у прыватнасці, зводзіцца да візавых пытанняў, да шырэйшай мабільнасці і таксама да т.зв. «часовай фазы», то бок магчымай супрацы ў сферы мадэрнізацыі».

Сп. Прэйгерман называе некалькі фактараў, якія ўплываюць на пашырэнне кантактаў экспертаў Беларусі і Захаду:

«Беларуская палітыка звычайна цыклічная. Чым бліжэй прэзідэнцкія выбары, тым больш намаганняў робіцца дзеля таго, каб дачыненні з Захадам не былі замарожаныя.

А самы галоўны фактар — гэта рэгіянальная сітуацыя. Гэта тое, што адбываецца ва Украіне, і тая пазіцыя, якую заняў афіцыйны Мінск. Менавіта з-за гэтага цікавасць і нават у пэўнай ступені ўвага да Беларусі падвысіліся».

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч нярэдка ўдзельнічае ў сустрэчах з замежнымі экспертамі. Ён адзначае, што падыходы еўрапейцаў да беларускіх праблем апошнім часам змяняюцца:

«Розніца яўная і бачная. Яна палягае ў тым, што тэма Украіны стаіць цяпер на першым месцы ў парадку дня. А тэма абароны беларускай незалежнасці і пошуку альтэрнатыўнага варыянта, які Захад мог бы прапанаваць беларускім уладам, відавочна адыходзяць на другі план.

Можа, не называючы канкрэтнага прозвішча, але адзін з такіх замежных гасцей на сустрэчы з апазіцыйнымі палітыкамі сказаў, што на сённяшні момант магчымая «пуцінізацыя» Беларусі значна горшая за магчымую «азэрбайджанізацыю».

Інтэнсіўнасць візітаў замежных палітыкаў і палітолагаў у Беларусь пакуль не дае істотнага плёну — мяркуе дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Гледзячы на тое, што кажуць усе гэтыя эксперты пасля сустрэч асабіста з Лукашэнкам, прадстаўнікамі беларускага ўраду і грамадзянскай супольнасці, бачна: яны не атрымліваюць таго, што хацелі б атрымаць. У іх няма разумення, куды збіраецца рухацца Беларусь, наколькі яна сапраўды збіраецца збліжацца з Еўрасаюзам, што азначае для Беларусі ўваходжанне ў Еўразійскі эканамічны саюз, наколькі гэта адцягвае яе ад еўрапейскай прасторы. Усе гэтыя пытанні фактычна застаюцца без адказу.

Таму мне падаецца, што гэтая дыпламатыя пакуль не прыносіць канкрэтных вынікаў. Усё застаецца так, як ёсць, на тым жа узроўні».


Другие публикации