Уладзімір Мацкевіч: Беларусі таксама патрэбная дэсаветызацыя

13.04.2015
Радыё «Свабода»

Вярхоўная Рада Украіны 9 красавіка прыняла пакет законаў па дэкамунізацыі. Яны забараняюць прапаганду камуністычнага рэжыму і камуністычную сімволіку. Помнікі камуністычнага рэжыму належыць дэмантаваць, «камуністычныя» назвы гарадоў і вуліц — замяніць, вытворцы павінны таксама памяняць усе савецкія назвы прадпрыемств і таварных знакаў.

Кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч у інтэрв’ю «Свабодзе» вітаў гэтыя рашэнні:

«Я заўсёды лічыў неабходнай праграмай дэсаветызацыю і пазбаўленне ад семіятычнага асяроддзя, якое засталося нам у спадчыну ад савецкага часу, усіх тых імён бандытаў і катаў, якімі названыя нашы вуліцы і гарады. Усё гэта павінна быць асэнсавана і тым ці іншым чынам вырашана», — адзначыў ён у інтэрвію Радыё «Свабода».

На думку Мацкевіча, забарона камуністычнай сімволікі павінна існаваць, але гэтая забарона павінна быць толькі часткай кампаніі па дэсаветызацыі.

«Савецкая сімволіка, вядома, не знікне ад забароны. Тут патрэбная больш разгорнутая праграма і ў адукацыі, і ў сродках масавай інфармацыі, каб усе людзі разумелі, што менавіта звязана з гэтымі сімваламі. Тут не абысціся проста ўказам кіраўніцтва ці законам, тут патрэбна грунтоўная, паслядоўная і доўгая праца па дэсаветызацыі», — упэўнены ён.

Мацкевіч канстатуе, што, безумоўна, законы, падобныя тым, што прынятыя ва Украіне, будуць выклікаць супрацьдзеянне часткі насельніцтва.

«Але я лічу, што гэта неабходна і цалкам укладаецца ў дэмакратычныя прынцыпы. Бо гэта забарона наступстваў злачыннай улады, і без гэтай забароны і абуджэння грамадзкай дыскусіі на гэты конт наўрад ці ўвогуле магчыма пераадолець савецкую свядомасць. Бо гэта ўсё накіравана не на вуліцы: вуліцы сцерпяць, дамы не пагоршацца і не палепшацца ад таго, што ім зменяць назвы. Галоўныя наступствы (камуністычнага рэжыму, камуністычнай ідэалёгіі. — Радыё «Свабода») — разбурэнне сумлення, разбурэнне розуму — яны месцяцца менавіта ў свядомасці. І гэта праца са свядомасцю, а не матэрыяльнай культурай», — падкрэслівае Мацкевіч.


Другие публикации