Cтартуе новы супольны праект «Цытуй сваё!»

20.05.2015
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

21 траўня 2015 года пачынае сваю працу новы культурны праект «Цытуй сваё!». Шэраг інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў заклікаюць беларусаў ўзгадаць лепшае з беларускай думкі.

У склад аргкамітэта праекта ўвайшлі Міхал Анемпадыстаў (Беларускі саюз дызайнераў), Таццяна Вадалажская (Лятучы ўніверсітэт), Улад Вялічка (Міжнародны кансорцыюм «ЕўраБеларусь»), Максім Жбанкоў (Беларускі калегіюм), Глеб Лабадзенка («Мова Нанова»), Лізавета Неўмяржыцкая (грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!»).

Мэта праекта — актуалізацыія найлепшых узораў беларускай думкі, запрашэнне да ўважлівай чытанкі ды асэнсавання прамоўленага і засьпяванага.

«Пакуль што ідэі і нават імёны мысляроў фактычна не ўключаны ў нашае самаразуменне. Між тым, яны з’яўляюцца спробамі ўгледзіцца ў свае мінулае і будучыню, у саміх сябе. Яны ёсць складнікам самастойнага еўрапейскага мыслення і развіцця», — адзначае Таццяна Вадалажская.

«Ластоўскі і Купала, Акудовіч і Разанаў, Дубянецкая і Вольскі — гэта ўсё беларускае мысленне, ланцужок канцэптаў з мінулага ў будучыню. Яны неабходныя нацыі, каб паразумецца са светам і крочыць далей, пазбаўляючыся ад каланіяльнай не-да-свядомасці», — дадае Максім Жбанкоў.

«Цытуй свае!» прапануе супольныя пошукі лепшага з беларускага мыслення, народны хіт-парад без ідэйнай цэнзуры і культурных абмежаванняў. «Сваё» тут — не толькі беларускамоўнае.

«Кожная трапна і ёмка выказаная думка — наш супольны нематэрыяльны скарб, цагліна ў тым, што мы сёння называем беларускай культурай, яшчэ не да канца ўсведамляючы яе архітэктуру і вонкавыя межы. Не так важна, на якой мове былі выказаныя тыя думкі, з якіх паўстаў наш Беларускі Дом. Важна тое, ці спрыялі яны яго паўстанню, ці тлумачылі на свойскі лад жыцьцё і свет белы», — падкрэсліў Міхал Анемпадыстаў.

Штотыдзень працэс калектыўнага складання актуальнай анталогіі айчыннай думкі будуць каментаваць выбітныя асобы беларускай культурнай прасторы. Такім чынам, да супольнай працы далучацца не толькі чытачы культурных тэкстаў, але і іх ставаральнікі.

Падставовай пляцоўкай «Цытуй сваё!» абраны сайт кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Праект разлічаны на два месяцы. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца ўсе жадаючыя. Каб трапіць у годны фан-клуб айчыннага мыслення, трэба проста даслаць улюбёныя цытаты беларускіх аўтараў на адрас электроннай пошты: [email protected].

Слухай думкі папярэднікаў! Пагаджайся альбо спрачайся з імі! Цытуй сваё!


Другие публикации