Рэзалюцыя канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці ад 25 чэрвеня 2015 года

26.06.2015
Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП

Падчас адбыўшайся 25 чэрвеня 2015 года канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы была прынята рэзалюцыя, са зместам якой прапануем азнаёміцца.

Рэзалюцыя

Канферэнцыі Беларускай нацыянальнай платформы
Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

«Грамадзянская супольнасць Беларусі:
выклікі застою і адзяржаўлення трэцяга сектара»

Мінск, 25 чэрвеня 2015 года

Мы, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, вітаем агульны працэс узнаўлення дыялогу Беларусі з Еўрапейскім Саюзам. У тым ліку:

  • перамовы беларускага ўрада і Еўрапейскага Саюза па магчымай праграме мадэрнізацыі для Беларусі ў фармаце «прамежкавай фазы» двухбаковых адносін. Мы адзначаем важнасць як мага больш хуткага адкрыцця еўрапейска-беларускага дыялогу па правах чалавека, прадугледжанага Дэкларацыяй Рыжскага саміта Усходняга партнёрства;
  • прагрэс у перамовах па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Мы заклікаем бакі прыкласці ўсе магчымыя намаганні, каб зняць апошнія перашкоды да падпісання пагаднення;
  • прыняцце Беларусі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Заклікаем беларускія ўлады да належнага, канструктыўнага, адкрытага і інклюзіўнага працэсу рэалізацыі «дарожнай мапы» рэформ вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Балонскай сістэмы;
  • ініцыятыву Рэспублікі Беларусь па ўсталяванні Панэлі па гарманізацыі лічбавых рынкаў. Мы падкрэсліваем неабходнасць следавання прынцыпам Хартыі пра адкрытыя дадзеныя, таксама як і забеспячэння агульнай свабоды цыркуляцыі інфармацыі ў краіне.

У той жа час, мы вымушаны канстатаваць адсутнасць фактычнага прагрэсу ў галіне правоў чалавека, належнага кіравання, дэмакратыі і спрыяльных ўмоў для дзейнасці грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. У краіне за кратамі застаюцца палітычныя вязні: Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Юрый Рубцоў. У апошнія месяцы пашырылася практыка ціску на палітычных вязняў. Па сведчаннях беларускіх праваабаронцаў, стаў больш жорсткім рэжым утрымання ў дачыненні да палітвязня Мікалая Статкевіча, да новага тэрміну пазбаўлення волі на два гады быў прысуджаны палітвязень Юрый Рубцоў, палітвязні Ігар Аліневіч і Мікалай Дзядок падвяргаліся ціску ў выглядзе змяшчэння ў штрафны ізалятар.

Працягваецца практыка абмежавання свабоды слова, ціску на незалежныя медыя і пераследу незалежных журналістаў і дэмакратычных актывістаў. У краіне адсутнічаюць належныя ўмовы для рэалізацыі свабоды асацыяцый, грамадзянская супольнасць выключана з працэсу дыялогу з уладамі па найбольш вострых пытаннях рэалізацыі правоў чалавека, належнага кіравання і дэмакратыі.

Мы чарговы раз вымушаны адзначаць адсутнасць неабходных палітычных і прававых умоў для правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў. Мы заклікаем прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі адмовіцца ад удзелу ў чарговай электаральнай маніпуляцыі.

Мы па-ранейшаму занепакоены сітуацыяй непрыкрытай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны, а таксама незаконнай анексіяй Расійскай Федэрацыяй часткі ўкраінскай тэрыторыі — Крыму. Мы лічым, што пазіцыя беларускіх уладаў адносна гэтага пытання не ёсць канструктыўнай і падрывае сяброўскія адносіны паміж народамі Украіны і Беларусі.

Мы падкрэсліваем, што праблемы ў галіне правоў чалавека, належнага кіравання, дэмакратыі і спрыяльных ўмоў для дзейнасці грамадзянскай супольнасці застаюцца галоўнымі перашкодамі для еўрапеізацыі Беларусі. Мы заклікаем беларускія ўлады, структуры ЕС, краіны ЕС, прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці да сумесных намаганняў у вырашэнні гэтых ключавых праблем.

Спампаваць дакумент

UPD.: Гл. відэазапіс канферэнцыі БНП


Другие публикации