«Суверэнітэт Беларусі пад пагрозай, якая вісіць над нашымі галовамі, як сякера»

27.07.2015
Радыё «Свабода»

Праз 25 гадоў пасля прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце беларуская незалежнасць — пад пагрозай, перакананыя эксперты і палітыкі, з якімі пагутарыла «Свабода».

Мы можам страціць сваю краіну, калі не будзем дбаць пра яе, — Мацкевіч

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч адзначае, што 27 ліпеня — гэта сапраўдны Дзень Незалежнасці Беларусі, хоць 25 гадоў таму, калі Дэкларацыя прымалася, мала хто мог уявіць сабе сапраўдны выхад рэспублікі з СССР. Канстытуцыйны статус гэтай Дэкларацыі быў нададзены толькі праз год, чаму паспрыяла параза путча ў Маскве.

«Атрымаўшы незалежнасць, мы не ведалі, што з ёй рабіць, і трапілі ў значную залежнасць — я не ведаю, як гэта правільна сфармуляваць — ад Расіі ці КДБ, ад той структуры, якая імкнулася кіраваць не толькі Расіяй, але і іншымі незалежнымі дзяржавамі. І вось сёння мы не толькі маем пагрозу, якая вісіць над дэклараванай і, здаецца, ужо незваротнай незалежнасцю. Мы ўжо маем пэўную залежнасць, і гэту залежнасць не заўсёды і не ўсе грамадзяне Беларусі ўсведамляюць, і яшчэ менш — гатовы супрацьстаяць ціску і падвышэнню гэтай залежнасці. Сапраўды, мы можам страціць сёння свой суверэнітэт, страціць сваю краіну, калі не будзем пра гэта клапаціцца і дбаць», — падкрэслівае філосаф.

Паводле слоў Мацкевіча, за 25 гадоў адбываліся розныя падзеі, якія то павялічвалі, то змяншалі пагрозу суверэнітэту Беларусі.

«Што спрыяе павелічэнню пагрозы? Гэта, зразумела, агрэсіўная палітыка Расіі і нядбайная ці нават проста вельмі дурная знешняя і эканамічная палітыка кіраўніцтва Беларусі. Змяншае пагрозу аслабленне Расіі, аслабленне залежнасці ад Расіі па энерганосьбітах, імпарце і экспарце нашых тавараў, гэта дыверсіфікацыя эканамічнай дзейнасці, і гэта выхаванне патрыятызму і разуменне таго, што незалежнасць — гэта самастойная каштоўнасць», — кажа ён.

Пагроза суверэнітэту Беларусі ідзе з Расіі, — Севярынец

Сустаршыня Аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец таксама лічыць, што пагроза суверэнітэту і незалежнасці Беларусі паходзіць з боку Расіі.

«Безумоўна, пагроза захоўваецца, яна захоўваецца ўжо стагоддзямі. У першую чаргу, пагроза незалежнасці і дзяржаўнаму суверэнітэту Беларусі паходзіць з Усходу — ад Расіі ў розных яе формах (Масковіі, Расійскай імперыі, Савецкага Саюза, сённяшняй Расійскай Федэрацыі). Канечне, пасля падзей ва Украіне гэтая пагроза абвастрылася — яна літаральна вісіць над нашымі галовамі, як сякера», — кажа ён.

Паводле слоў Севярынца, у сённяшніх умовах, каб захаваць суверэнітэт і незалежнасць, беларусы павінны рабіць усё магчымае.

«Найперш гэта тычыцца ўмацавання незалежнасці, умацавання дзяржаўнасці праз культурніцкую, асветніцкую працу, праз палітычную працу. Паколькі рэжым у нас залежны, рэжым у нас фактычна акупацыйны, то гэта праца цяжкая. Барацьба цягам стагоддзяў з усходняй пагрозай знясіліла беларускую нацыю, але тыя, хто ёсць цяпер, могуць і павінны самаарганізоўвацца дзеля абароны незалежнасці, пашыраць беларускасць, беларускую мову, пашыраць ідэю абароны Беларусі, чакаючы таго часу, калі можна будзе, скарыстаўшыся геапалітычнай сітуацыяй, унутранымі чыннікамі, умацаваць незалежнасць і ўсё ж такі вырвацца з гэтай усходняй кабалы», — кажа лідэр БХД.

Суверэнітэтам пачалі гандляваць, — Роўда

Палітолаг Уладзімір Роўда ўзгадвае, што Дэкларацыя аб суверэнітэце была прынята, нягледзячы на камуністычнае атачэнне, і ў 1991 годзе атрымала статус канстытуцыйнага закона. Але потым пачынаецца «пакутлівая гісторыя гэтага суверэнітэту»:

«Мы паступова саступалі гэты суверэнітэт, суверэнітэтам пачалі гандляваць — спачатку Кебіч гэта рабіў, а потым Лукашэнка. Сёння ёсць пагроза суверэнітэту Беларусі, прычым яна адкрытая, яна дэманструецца самым галоўным саюзнікам Лукашэнкі — Уладзімірам Пуціным, які дасылае нам на парад Перамогі сваё войска, якое прымае ўдзел у гэтым парадзе. Я пры гэтым не ведаю, што будзе, калі ўсе гэтыя вайскоўцы, спецслужбоўцы, МУС, КДБ пачнуць падпарадкоўвацца Пуціну, бо ім гэта проста выгадна», — кажа палітолаг.

Але беларусы здольныя адстаяць свой суверэнітэт, упэўнены Роўда:

«Нават пры Лукашэнку, які прадаваў і гандляваў суверэнітэтам, гэта ўсё роўна было каштоўнасцю беларускага народа, і гэтую каштоўнасць трэба захаваць».


Другие публикации