Уладзімір Мацкевіч: Выкарыстоўваць Колю — неэтычна

20.08.2015
Радыё «Свабода»

Вырашчаныя прэзідэнтам у «Драздах» бульба, агуркі, памідоры, кабачкі, дыні, кавуны пайшлі на дабрачыннасць.

Як паведамляе БелТА, малодшы сын кіраўніка дзяржавы Мікалай Лукашэнка 18 жніўня развёз першую партыю прэзідэнцкага ўраджаю ў мінскія Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў і Дзіцячы гарадок Ленінскага раёна.

Раней Мікалай Лукашэнка толькі суправаджаў бацьку, цяпер жа ён робіцца самастойным героем паведамленняў у СМІ, паўнавартасна выконваючы прадстаўнічыя функцыі і займаючыся дабрачыннасцю. Радыё «Свабода» папрасіла экспертаў прааналізаваць такую змену статуса трэцяга прэзідэнцкага сына.

Прысутнасць дзяцей у перадвыбарчай агітацыі — гэта неэтычны і недазволены ход, лічыць метадолаг і паліттэхнолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Сюжэт пра Колю, які раздае ўраджай абяздоленым, — гэта звычайны перадвыбарчы піяр-ход, адпрацаваны шмат дзесяцігоддзяў таму ў ЗША. Усе асобы, якія займаюць месцы ў эліце, павінны займацца дабрачыннасцю ці яе імітацыяй. У Беларусі, напрыклад, дабрачыннасць часцей за ўсё прымае імітацыйныя формы.

Іншая справа, што 11-гадовы падлетак Коля не можа самастойна прымаць рашэнні ці нешта ажыццяўляць. Таму тут мы бачым выкарыстанне дзіцяці для дасягнення дарослай мэты. Але нават у рэкламных тэхналогіях лічыцца недапушчальным выкарыстанне дзяцей, як і, напрыклад, аголенага цела і некаторых жывёлаў, калі такое выкарыстанне надае рэкламе дадатковую моц».

Уладзімір Мацкевіч агулам скептычна выказаўся пра пабудаваную на сельскагаспадарчай дзейнасці перадвыбарчую кампанію першай асобы краіны:

«Вырошчваць кавуны і бульбу на тэрыторыі прэзідэнцкай рэзідэнцыі — гэта дурны рэкламны ход, які, на жаль, вельмі добра супадае з беларускай ментальнасцю. Навошта прэзідэнту вырошчваць бульбу? Няўжо не хапае палёў у Беларусі? Ды не, проста ёсць у нас такая завядзёнка, што нават вельмі заможныя людзі павінны гарбаціцца на сваіх шасці сотках. У выніку, вырашчаная бульба становіцца не ежаю, а нацыянальным сімвалам, кшталту вышыванкі. Вядома, кожны павінен займацца сваёй справай: прэзідэнт мусіць разбірацца ў праблемах краіны і лепш сачыць за эканамічнымі паказчыкамі, а не капаць бульбу. Нават калі чалавеку трэба адпачыць і пераключыцца на фізічную працу — для гэтага ёсць фітнэс-клубы і хакейныя арэны».

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі наадварот станоўча ацаніў асветлены дзяржаўнымі СМІ ўчынак Мікалая Лукашэнкі, падкрэсліўшы, што такім чынам сын прэзідэнта дае станоўчы прыклад тым, хто не дбае пра старых і інвалідаў:

«Гэта вельмі добры прыклад для аднагодкаў Колі. Трэба дапамагаць старэйшым, не забываць пра бацькоў. Я ў меншай ступені бачу тут функцыю афіцыйнага прадстаўніцтва сына прэзідэнта, хаця палітычны складнік, безумоўна, тут ёсць. Але ўвогуле не хацелася б казаць тут пра піяр. Вельмі добра, што дзіця прэзідэнта не ў казіно сядзіць, а выконвае сацыяльную нагрузку. Тое, што Коля бяз бацькі паехаў у інтэрнаты, сведчыць пра тое, што хлопчык расце і ўжо можа нешта рабіць самастойна».


Другие публикации