Міжнародны праект па развіцці культурнай спадчыны CHOICE стартуе ў Беларусі

17.09.2015
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Асацыяцыя агенцтв мясцовай дэмакратыi (ALDA, Францыя) сумесна з Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь» (Лiтва) абвяшчае пачатак партнёрскай праграмы «CHOICE» і заклікае ўсіх зацікаўленых да ўдзелу.

За трапнай англамоўнай абрэвіятурай хаваецца двухгадовы праект па ахове і пераасэнсаванні культурнай спадчыны і ўзмацненні арганізацыйнага патэнцыялу грамадскіх культурніцкіх арганізацый: «CHOICE — Cultural Heritage: Opportunity for Improving Civic Engagement».

Праект будзе разгортвацца ў Беларусі, Украіне, Малдове і Арменіі ў межах праграмы ЕС «Усходняе партнёрства» пры iнфармацыйнай і кансультацыйнай падтрымцы арганiзацый-партнёраў:

  • Цэнтра культурнага менеджменту (Львоў, Украіна);
  • Нацыянальнага камітэта ICOM (Кішынёў, Малдова);
  • Адукацыйна-даследчага фонда Millennium (Ерэван, Арменiя);
  • Грамадскага аб’яднання «Цэнтр сацыяльных інавацый» (Мінск, Беларусь).

Беларуская частка праекта — «CHOICE-Беларусь: спадчына сучаснасць» — грунтуецца на каштоўнасці культурнай спадчыны як рэсурсу для ўмацавання і развіцця сучаснай беларускай ідэнтычнасці і еўрапейскага цывілізацыйнага выбару Беларусі. Арганiзатары праекта маюць мэтай надаць імпульс пашырэнню разнастайнасці інавацыйных падыходаў і ініцыятыў па ўвядзенні культурнай спадчыны Беларусі ў сучаснае культурнае жыццё беларускага грамадства.

На практыцы гэтыя мэты будуць дасягнутыя праз:

  • падтрымку недзяржаўных культурніцкіх арганізацый і прафесійных супольнасцей у рэалізацыі інавацыйных праектаў па ахове і актуальнай інтэрпрэтацыі нацыянальнай культурнай спадчыны;
  • павышэнне прафесійных кампетэнцый, арганізацыйнага патэнцыялу і ўзмаценнне ролі грамадскіх арганізацый у фармаванні мясцовага і нацыянальнага культурніцкага асяроддзя і культурнай палітыкі ў краіне.

У праграму праекта ўвойдзе:

  • кансультацыйная падтрымка па арганізацыйным развіцці для заяўнікоў і ўдзельнікаў праекта;
  • тэматычныя дыскусійныя мерапрыемствы і семінары;
  • праграма малых грантаў для праектаў па актуалізацыі культурнай спадчыны;
  • падрыхтоўка аналітычных матэрыялаў (policy paper).

Да ўдзелу запрашаюцца:

  1. Недзяржаўныя арганізацыі мясцовага і/або нацыянальнага ўзроўню, якія працуюць у сферы мясцовага развіцця, аховы і аднаўлення культурнай спадчыны і культурных ландшафтаў;
  2. Арганізацыі, групы і супольнасці прафесіяналаў і інтэлектуалаў, дзеячы культуры, заклапочаныя тым, як захаваць культурныя ландшафты і іх разнастайнасць і забяспечыць устойлівае выкарыстанне рэсурсу культурнай спадчыны для развіцця гарадоў і паселішчаў. 

Адбор удзельнікаў будзе праходзіць у два асноўныя этапы:

На першым этапе арганізацыям і ініцыятывам, якія жадаюць удзельнічаць у праекце, неабходна будзе падрыхтаваць і даслаць на электронную скрынку: [email protected] наступныя дакументы:

  • творчую канцэпцыю культурніцкага праекта, у аснове якога — інтэрпрэтацыя, актуалізацыя, рэвіталізацыя матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі;
  • папярэдні план свайго арганізацыйнага развіцця.

Форма анкеты і інструкцыя па падрыхтоўцы заяўкі будуць размешчаныя на сайце EuroBelarus.Info.

Апошні тэрмін падачы канцэпцый і планаў: 31 кастрычніка 2015 года.

Дыяпазон тэматычных накірункаў і фарматаў праектаў можа ўключаць:

  • складанне мапаў аб'ектаў культуры, маршрутаў культурнай спадчыны;
  • мабільныя дадаткі для папулярызацыі канкрэтнай культурнай спадчыны;
  • прасоўванне сучасных метадаў і тэхналогій аднаўлення культурных ландшафтаў;
  • мабілізацыя мясцовых супольнасцей для прыняцця ўдзелу ў мясцовым планаванні, уплыву на рэалізацыю культурнай палітыкі і яе адсочванне;
  • а таксама іншыя інавацыйныя праекты, свежыя творчыя ідэі і амбітныя ініцыятывы, заснаваныя на памкенні аўтараў да прафесійнага росту і ўплыву на культурніцкія працэсы лакальнага i нацыянальнага ўзроўню.

На другім этапе адбору, да 20 студзеня 2016 года, арганізацыі з ліку адабраных удзельнікаў пры дапамозе кансультантаў і трэнераў будуць распрацоўваць і прадстаўляць прапановы па праекце з падрабязным бюджэтам, а таксама дапрацоўваць заяўленыя планы свайго арганізацыйнага развіцця.

Адабраныя ўдзельнікі атрымаюць таксама магчымасць прыняць удзел у прафесійных семінарах і міністажыроўках у профільных арганізацыях у Беларусі, Украіне, Малдове і Арменіі, а таксама рэалізаваць сумесныя праекты з партнёрамі з гэтых краін.

Атрымаць больш поўную інфармацыю аб праекце, яго магчымасцях і ўмовах удзелу можна будзе ад саміх каардынатараў на афiцыйнай прэзентацыі «CHOICE-Беларусь: Спадчына і сучаснасць», якая адбудзецца 22 верасня 2015 года, у аўторак, к культурнай прасторы «ЦЭХ» (Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16, 2-гі паверх). Пачатак у 19.00. Уваход вольны!


Другие публикации